Бяда прыходзіць тады, калі яе зусім не чакаюць. Так адбылося і ў нас у Ільі. Напярэдадні Новага года 28 снежня ў былой настаўніцы ДУА “Ільянская сярэдняя школа імя А.А.Грымаця” Шэрай Розы Канстанцінаўны згарэў дом. Наша настаўніца за некалькі хвілін страціла амаль усё тое, што было нажыта за ўвесь працоўны час.
Розу Канстанцінаўну многія ведаюць у раёне як творчага чалавека, настаўніка, аматара слова, шчырага дарадцу. Больш за 40 гадоў яна прысвяціла школе. Акрамя таго, што яна была выдатнай настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, доўгі час кіравала музеем “Вілейшчына літаратурная”, які атрымаў званне народнага. Таксама часта можна было бачыць яе публікацыі ў розных сродках масавай інфармацыі.
І вось Роза Канстанцінаўна перад навагоднімі святамі засталася без даха над галавой.
Я звяртаюся з просьбай да ўсіх тых, хто ведаў нашу настаўніцу, аказаць пасільную матэрыяльную дапамогу для падтрымкі сям’і Шэрай Р.К.
Валянціна ЕРАШОНАК, старшыня Савета ветэранаў педагагічнай працы і прафсаюзнага руху ДУА “Ільянская сярэдняя школа імя А.А.Грымаця”