Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дамкамы Вілейкі змогуць вырашыць усе пытанні

18 кастрычніка ў райвыканкаме прайшла сустрэча-нарада з нядаўна абранымі дамавымі камітэтамі і зацікаўленымі прадстаўнікамі камунальных службаў і іншых арганізацый і ўстаноў. Сустрэча адбылася па выніках праведзеных сходаў у мікрараёне «Зеніт», якія ініцыяваў раённы Савет дэпутатаў.

Прэзідыум раённага Савета дэпутатаў распачаў працу па аднаўленні работы вулічных і дамавых камітэтаў, практыка работы якіх была вельмі эфектыўнай ў мінулыя перыяды. Ствараліся такія камітэты на грамадскіх пачатках у кожнай жыллёва-эксплуатацыйнай арганізацыі выканкама мясцовага Саветаў народных дэпутатаў, прадпрыемствах, арганізацыях і ўстановах у мэтах шырокага прыцягнення насельніцтва да кіравання дзяржаўным жыллёвым фондам і для садзейнічання жыллёва-эксплуатацыйнай арганізацыі ў яе рабоце па забеспячэнню захаванасці жылля і яго далейшага добраўпарадкавання, па паляпшэнню жыллёвых умоў і ўзорнаму ўтрыманню кватэр, дамоў, двароў, прыдамавых участкаў.

На пачатку дадзенай працы дэпутатамі Савета і супрацоўнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі выказваліся розныя меркаванні наконт дзейнасці такіх камітэтаў. Але на справе аказалася, што сярод жыхароў горада ўсё ж такі ёсць ініцыятыўныя людзі, якія перажываюць за парадак, і якія могуць выконваць пэўную грамадскую нагрузку. Бо пытанні навядзення парадку на вуліцах і ў дварах прыватнага сектара застаюцца актуальнымі заўжды.

Менавіта з такімі актывістамі і адбылася першая сустрэча ў райвыканкаме, якую праводзіла старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч. Грамадскія актывісты з жыхароў шматпавярховак стануць добрымі памочнікамі для службаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, бо ў склад дамавых камітэтаў увайшлі старэйшыя па дамах, па пад’ездах.

Адбыўшаяся нарада паказала, што ўсе тыя пытанні, якія падымаліся жыхарамі мікрараёна «Зеніт» на сустрэчах з Саветам дэпутатаў можна аператыўна вырашаць у сукупнасці – старэйшы па дому – майстар ЖРЭУ. І такія пытанні, як праблемы з каналізацыяй, замена лямпачак на ліхтарах ля пад’езда або ў ліфтах, бягучы рамонт пешых дарожак і даху, рэгулярнасць уборкі лесвічнай пляцоўкі, гадамі надаеўшыя лужыны каля ўваходу, ды і звычайныя поручні на сходах, могуць аператыўна быць вырашаны і зняты, а не цягнуцца гадамі ці дзесяцігоддзямі.

Галоўная задача дамкамаў – правядзенне работы з жыхарамі, прыцягненнем актыву да агульнай працы і кантакту з зацікаўленымі арганізацыямі. А таксама актыўны ўдзел у кіраванні і садзейнічанні жыллёва-эксплуатацыйнай арганізацыі ў паляпшэнні эксплуатацыі жыллёвым фондам.

Пытанняў на пасяджэнні падымалася вельмі многа і кожнае з іх было вострае па-свойму для кожнага з жыхароў дамоў. Усе асноўныя пытанні па накірунках раённая газета «Шлях Перамогі» будзе паступова асвятляць і мы гатовы зрабіць спецыяльную рубрыку «Гарадскі квартал», дзе будзем друкаваць афіцыйныя адказы на кожнае пытанне і асвятляць ход выканання гэтых работ. Галоўная зацікаўленасць у гэтым нашых жыхароў.

У бліжэйшы час адбудуцца сустрэчы жыхароў цэнтраль-най часткі горада вуліц Незалежнасці і Валынца з прадстаўнікамі раённага Савета дэпутатаў па акрэсленых пытаннях, і гэта праца ахопіць поўнасцю наш горад. Бо практыка актыўнага ўдзелу грамадскасці паказвае выдатныя вынікі, асабліва на прыкладзе працы старастаў вёсак нашага раёна.

Мы зможам разам палепшыць нашы двары, прылеглыя тэрыторыі і выправіць набалелыя пытанні. Але толькі сумеснымі намаганнямі!

Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries