Напэўна, людзі старэйшага пакалення добра памятаюць песню Уладзіміра Алоўнікава і Анатоля Астрэйкі пра Канстанціна Заслонава:
Канстанцін Заслонаў – наша слава,
Беларусі партызанскі сын.
Мы знайшлі гэту песню (камп’ютар дапамог), бо хацелі, каб яна гучала на сустрэчы з Музай Канстанцінаўнай Заслонавай. Трэба сказаць, што старэнькай кабетай яе назваць ніяк нельга. У свае 80 Муза Канстанцінаўна выглядае проста шыкоўна, бо яна ў цёплыя месяцы года робіць прабежкі і зарадку, шмат чытае і піша.
М.К.Заслонава атрымала журналісцкую адукацыю ў Мінску, потым закончыла Усесаюзны Дзяржаўны інстытут кінематаграфіі ў Маскве.Вучылася на курсе Рамана Кармэна.Яна рэалізавала сваю даўнюю мару: напісаць кнігу пра бацьку і стварыць пра яго фільм.
Ёй належыць каля пяцідзесяці кароткаметражных фільмаў, у тым ліку фільм “Бацька”. У 1979 годзе Муза Канстанцінаўна – аўтар-складальнік фотаальбома “Жизнь – подвиг. К.С.Заслонов”. У 2011 годзе выдала кнігу ўспамінаў “Фамилия”, добра ілюстраваную, з апісаннем жыцця і гераічнай смерці Героя Савецкага Саюза Канстанціна Сяргеевіча Заслонава.
Канстанцін Заслонаў перад вайной скончыў школу разведчыкаў-дыверсантаў, быў у партызанах. Пасля ён ўладкаваўся ў дэпо (г.Орша), пад выглядам вугалю падкладваў бомбы ў паравозы. Калі арышт стаў непазбежны, вярнуўся ў партызаны. Загінуў К.С.Заслонаў 13 лістапада 1942 года ў няроўным баі, які доўжыўся больш чатырох гадзін.
У 1995 годзе Муза Канстанцінаўна ў Мінску выдала аповесць для тэлесерыяла “ Нью-Йорк – Париж — Минск.” Муза Канстанцінаўна – чалавек няўрымслівы: яна па-ранейшаму працуе з архіўнымі дакументамі, выязджае ў розныя рэгіёны краіны і нават збіраецца на Кубу, каб напісаць там новую кнігу. Пра ўсё гэта распавяла яна нам, вучням і настаўнікам Ільянскай школы, калі мы завіталі да яе, безумоўна, па папярэдняй дамоўленасці. А нашы народныя музеі “Вілейшчына літаратурная” і “Ільянскія далягляды” папоўніліся падарункамі ад Музы Канстанцінаўны: кнігамі з аўтарскім подпісам, ранняй карцінай пляменніка мастака – Рамана Заслонава.
Роза ШЭРАЯ, кіраўнік народнага музея
“Вілейшчына літаратурная”









