Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Да ўборачнай прыступілі ўсе гаспадаркі раёна. Найбольш плошчаў убрана ў ААТ «Нарачанскія зоры»

Няпростым выдаўся гэты год для сельскай гаспадаркі. Гэта, напэўна, пацвердзіць кожны з аграрыяў. Калі збажыне быў час налівацца – сушыла, пазней зрабілі сваю справу дажджы ды вятры . Карацей, не тое атрымалі, чаго хацелі б… І ўсё ж гэтым «каб» ды «калі» нічога не зменіш, трэба ў тэрмін ды без страт убіраць тое, што вырасцілі. І жніво на Вілейшчыне набірае тэмпы.

Па стане на 25 ліпеня да ўборачнай прыступілі ўсе гаспадаркі раёна. Найбольш плошчаў убрана ў ААТ «Нарачанскія зоры» (18,6 працэнта ад запланаванага), філіялах «Бубны» УП «Мінгаз» (12,4 працэнта) і «Усходні» (12,2 працэнта). Па раёне на адзначаную дату ўбрана 5,9 працэнта плошчаў. Калі гаварыць пра ўраджайнасць, то ў «Нарачанскіх зорах» яна пакуль 42,9 цэнтнера з гектара, «Бубны» маюць 43, а «Усходні» – 30,1 цэнтнера з гектара.
На днях я пагутарыла з галоўным аграномам «Нарачанскіх зораў» Віктарам Драчылоўскім. Вельмі пашкодзіла сёлета надвор’е іх планам, са шкадаваннем прызнаўся Віктар Уладзіміравіч. А спадзяваліся на многае.
– Пры спрыяльным надвор’і мелі б ураджайнасць недзе 60 цэнтнераў з гектара, – падзяліўся вопытны спецыяліст, – а вось жа не атрымалася. Разлічваем на 45-50 цэнтнераў з гектара.
Як расказаў Віктар Драчылоўскі, пачалася ўборачная з азімага трыцікале, затым пойдуць ячмені. На жніве ў гаспадарцы працуе сем зернеўборачных экіпажаў, якія пакуль што ідуць роўна, дэманструючы прыкладна аднолькавыя паказчыкі. Летась, памятаецца, першым тысячнікам у раёне стаў сямейны экіпаж у складзе бацькі і сына Мікалая і Аляксандра Гарэлікаў. Працуюць яны і сёлета, толькі ўжо сын – старэйшым камбайнерам, а бацька – яго памочнікам. Узяў старт і набірае тэмпы на ўборачнай дыстанцыі і вядомы маладзёжны экіпаж «Нарачанскіх зораў» у складзе Руслана Садоўскага і Аляксея Драчылоўскага. Са школьных гадоў хлопцы выконваюць найважнейшую хлебаробскую місію і не здраджваюць ёй. Што тут скажаш, дастойныя дзеці дастойных бацькоў.
Даражым кожнай пагодлівай хвілінай. Так нярэдка гавораць хлебаробы, занятыя на жніве. Яго, спрыяльнага надвор’я, яны просяць неба і сёлета. Няхай пачуе іх высокае неба.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 141 queries