Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Да 200-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі

АД РЭДАКТАРА
Сказаць, што нам, беларусам, горка ўсведамляць крывавыя вынікі сапраўднай народнай драмы, што разыгралася ў суседняй Украіне, значыць, мала сказаць… З’яднаныя гістарычным лёсам, мілагучнай мовай, песнямі, усёй той аўтэнтычнай атрыбутыкай, што належыць славянству, мы ўспрыймаем Майдан і ўсё, што з ім звязана, як нейкае пракляцце лёсу, напаткаўшае украінскі народ. І гэты артыкул нашага пастаяннага аўтара Вольгі Коласавай – свайго роду вяртанне да агульных вытокаў, да тых першакрыніц, якія сілкуюць карані ўзаемаразумення і дружбы. У паслядоўнікаў Тараса Бульбы лагічна бачыць імунітэт ад іншаземнай навалы. Але хто мог укласці ў іх свядомасць варожасць да сабе падобных? Для каго кліч Кіплінга «Мы з вамі адной крыві» гучыць сёння як кліч для кровапраліцця?
Гэты фотаздымак зроблены ў вёсцы Карэкаўцы пяць год таму, падчас адкрыцця памятнага знака сябрам-паэтам: украінскаму і беларускаму. Ля знака злева – тагачасны пасол Украіны ў Беларусі Ліхавы. Як сёння вызначылася жыццё ў гэтага далікатнага і абаяльнага чалавека, выдатнага знаўца гісторыі і культур нашых народаў? Будзем спадзявацца, што яго не закранулі віхуры грамадскіх ператрусаў. А пра крайняга справа – краязнаўцу Анатоля Рогача, нам усё вядома. Прытулак яго няўрымслівай светлай душы губляецца ў вечнасці. Там ён здабыў сабе спакой і спачын.
«І мяне ў сям’і вялікай, сям’і вольнай, новай не забудзьце, памяніце добрым ціхім словам!» – стаўшыя хрэстаматыйнымі радкі з Запавету вялікага паэта. Памянем…

9 сакавіка спаўняецца 200 год з дня нараджэння Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі – геніяльнага паэта, мастака-акадэміка і мысліцеля.
З гэтай нагоды 19 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося пасяджэнне круглага стала на тэму: » Т.Р. Шаўчэнка і ўплыў яго творчасці на духоўны свет славянскіх народаў», удзел у якім прынялі вядомыя навукоўцы, пісьменнікі, грамадскія дзеячы. З прывітальным словам да прысутных звярнуліся: Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь – Ежэль Міхаіл Браніслававіч і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі – Матульскі Раман Сцяпанавіч.
Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка ўвайшоў у гісторыю сусветнай літаратуры сапраўды як вялікі народны паэт. Пра яго жыццё і творчасць шмат сказана і напісана. Яго творы выдаваліся шматмільённымі тыражамі і амаль на ўсіх мовах свету, яго кнігі і сёння знойдзеш у кожнай бібліятэцы. Яму прысвячалі свае творы вядомыя мастакі і музыканты. Яго імем названы вуліцы ў многіх гарадах і пастаўлены шматлікія помнікі.
Нямала сказана і пра сяброўства Тараса Шаўчэнкі з вядомымі паэтамі і публіцыстамі – ураджэнцамі Беларусі: Браніслаў Залескі, Ян Баршчэўскі, Рамуальд Падбярэскі. Магчыма менш вядома пра шчырыя сяброўскія адносіны Тараса Шаўчэнкі і Эдварда Жалігоўскага, дарэчы, у наступным годзе таксама споўніцца 200 год з дня яго нараджэння.
Эдвард Жалігоўскі (літаратурны псеўданім – Антон Сава) – гэта імя і цяпер яшчэ мала каму вядома: яго кнігі не знойдзеш на бібліятэчных паліцах, яго творы не вывучаюцца на ўроках беларускай літаратуры. А быў час, калі творчасцю і рэвалюцыйнай дзейнасцю польскамоўнага паэта-дэмакрата захапляліся Аляксандр Герцэн і Тарас Шаўчэнка, яго справу разглядалі сам імператар і міністр унутраных спраў Расіі.
Нарадзіўся Эдвард Вітольд Жалігоўскі 3 снежня 1815 года ў фальварку Карэйкаўцы Вілейскага павета Мінскай губерніі ( цяпер вёска Карэкаўцы Вілейскага раёна), г.зн. неўзабаве пасля Т. Шаўчэнкі. Бацька яго паходзіў са слыннага старажытнага роду герба «Бяліна», які ў свой час трапіў на Вілейшчыну. Атрымаўшы першапачатковую адукацыю, Эдвард у васямнаццаць гадоў стаў студэнтам Дэрпцкага (цяпер Тарту) універсітэта, дзе зблізіўся з названымі ўжо Б. Залескім і Р. Падбярэскім і ўвайшоў у склад тайнага студэнцкага таварыства, якое хутка было выкрыта ўладамі, і Жалігоўскі ў 1838 годзе трапіў спачатку за турэмныя краты, а пасля быў аддадзены пад нагляд паліцыі ў родным Мар’янполі. Да гэтага перыяду адносіцца і пачатак яго літаратурнай дзейнасці. Свае першыя вершы ён стаў падпісваць псеўданімам «Антон Сава».
Аднак вядомасць прыйшла да Жалігоўскага пасля выхаду ў свет антыпрыгонніцкай вершаванай драмы «Іардан», якая вытрымаўшы два выданні, была забаронена, а напісаная другая частка, так і не была надрукавана, а сам аўтар у студзені 1851 года быў высланы з Вільні ў Петразаводск – цэнтр Алянецкай губерніі.
Драма Жалігоўскага вельмі зацікавіла Шаўчэнку, найперш яскрава выказаным рэвалюцыйным дэмакратызмам, адмаўленнем усёй «збуцвелай» прыгонніцкай сістэмы, патрабаваннем рэалістычнасці і дзейнасці літаратуры і мастацтва.
13 студзеня 1857 года, вызваліўшыся з-пад нагляду, Эдвард Жалігоўскі прыязджае ў Пецярбург і адразу пачынае займацца літаратурнай працай. Тым часам у сталіцу Расіі прыязджае і Тарас Шаўчэнка. Завочна яны былі знаёмыя. Жалігоўскі называў украінскага паэта пакутнікам і народным правадыром, а Шаўчэнка пранікся да нашага земляка пачуццямі шчырага сяброўства, высока цаніў яго паэзію. У гады няволі сустрэцца яны не маглі, так як іх пастаянна раздзялялі вялікія адлегласці. Магчыма, яшчэ ў 1851 годзе, у гарах Каратау, ад Браніслава Залескага Шаўчэнка даведаўся аб высылцы Жалігоўскага ў Петразаводск, а пазней і аб прыбыцці яго ў Арэнбург. У студзені 1854 года ў пісьме да Залескага Шаўчэнка піша «…»Іардана» і Саву я ведаю як тваё сэрца…», у другім пісьме, у лютым таго ж года ён пісаў «… Мне даўно хочацца завесці перапіску з Савой, але не ведаю, як пачаць… будзеш пісаць яму, кланяйся і цалуй яго за мяне…» Праз таго ж Браніслава Залескага, які заязджаў да Жалігоўскага ва Уфу, Шаўчэнка атрымліваў яго новыя вершы і яго вельмі закранула тое, што Эдвард Жалігоўскі намерваўся перакласці яго «Кацярыну». Пазней Жалігоўскі з ахвотай перакладаў творы Шаўчэнкі на польскую мову.
Атрымаўшы партрэт сябра, Шаўчэнка пісаў Залескаму «… Нешта блізкае, роднае я бачу ў гэтым добрым, задумлівым твары. Мне так люба, так прыемна глядзець на гэты вобраз, што я знаходжу ў ім самага шчырага, самага задушэўнага субяседніка!»
Калі ж і дзе ўпершыню сустрэліся Тарас Шаўчэнка і Эдвард Жалігоўскі? У розных крыніцах час і месца гэтай сустрэчы вызначаюцца па-рознаму. Але большасць даследчыкаў лічаць, што ўпершыню абодва паэты пабачыліся толькі ў 1857 годзе ў Пецярбургу.
З першых дзён прыезду ў сталіцу Расіі Тарас Шаўчэнка шукаў збліжэння з аднадумцамі. І ўжо на другі дзень яго прыезду адбылася першая сустрэча з Жалігоўскім. На адным з вечароў Жалігоўскі прачытаў свой новы верш «Да брата Тараса Шаўчэнкі». А неўзабаве ўжо ў адказ Шаўчэнка піша верш «Наследванне Эдварду Саве».
У дзённіках Тараса Шаўчэнкі ёсць нямала запісаў аб іх сустрэчах у Пецярбурзе. Сябры завочныя сталі сябрамі асабістымі. Ад Жалігоўскага ён пачуў паэму «Зорскі», забароненую цэнзурай, пра выдавецтва новага польскага часопіса «Слова», рэдактарам якога стаў Жалігоўскі, пра дзейнасць дэмакратычных кругоў.
Памёр Тарас Шаўчэнка 10 сакавіка 1861 года ва ўзросце 47 гадоў у Пецярбурзе. Пахаваны на Тарасавай гары каля г. Канеў Чаркаскай вобласці.
Эдвард Жалігоўскі перажыў свайго сябра на тры гады і памёр 28 снежня 1864 года ва ўзросце 49 гадоў у Жэневе, дзе і пахаваны. Быў таксама нежанаты.
У Вілейцы адна з вуліц у новым мікрараёне названа ў гонар Эдварда Жалігоўскага, за кошт жыхароў вуліцы ўсталявана памятная дошка.
На радзіме паэта, у в. Карэкаўцы побач з капліцай адкрыты памятныя знакі: адзін у гонар паэта-дэмакрата Эдварда Жалігоўскага, які ўслаўляў беларускі народ і яго культуру, другі – у гонар сяброў – паэтаў Эдварда Жалігоўскага і Тараса Шаўчэнкі, з партрэтамі паэтаў і вершамі-прысвячэннямі:

Подражаніе
Едуарду (Антону) Сові
Посаджу коло хатини
На вспомин дружині
І яблуньку, і грушеньку,
На вспомин единій!
С.-Петербург.1859
Т. Шевченко

Да брата
Тараса Шаўчэнкі
Прарок народа – сын  народа,
Духам горды, песняй слаўны.
Хоць тужлівай, ды свабоднай,
Як вянец, што з церняў, лаўраў.
Уфа. 1855
Э. Жалігоўскі

Памятны знак устаноўлены ў 2009 годзе, да 195-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі. А яшчэ пасажаны дубовы гай у знак дружбы паміж дзвюма брацкімі народамі – Беларусі і Украіны.
Вольга КОЛАСАВА.
Фота з архіву рэдакцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries