Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Чысты лес

А гучыць як лёс. Бо існуе ж нейкая сувязь, на ўзроўні тонкіх матэрый, між дрэвам і чалавекам. Паэтаў далікатныя душы яе намацваюць і адчуваюць, атаясамляючы вобразы адзінай жывой сутнасці, створанай у прыродзе Усявышнім. «Чуеш гул? Гэта сумны, маркотны Лясун пачынае няголасна граць… Пад рукамі яго, навяваючы сум, быццам тысячы тонка нацягнутых струн, танкаствольныя сосны звіняць…» Гэта Максім Багдановіч, чуйная скрыпка нашай айчыннай паэзіі, яе аголеная душа.

Ступаеш па лесе – і адчуваеш непарыўную з ім сувязь. І хочацца крануцца безабароннага каленца гонкай бярозкі. І прыхінуцца да векавой ліпы ў імкненні спасцігнуць затоеную ў яе разлапістых галінах вялікую мудрасць жыцця. Вецер вядзе бясконцыя перамовы з гэтым жывым царствам, валадарства якога намнога даўжэй і трывалей нашага зямнога існавання. Лес гасцінна расчыняе чалавеку свае зялёныя шаты,з наіўнай верай у яго тактоўнасць і мудрасць. А мы, згвалтаваныя цывілізацыяй дзеці зямлі, так часта падманваем яго надзеі і веру. Здарыўся б такі падман між людзей, магчыма, ці даравалі б яны адно аднаму. А лес церпіць. Бруд, гразь, смецце, якое бязлітасна выкідвае чалавек пад яго адкрыты для сустрэчы шацёр. Кідае таму, што забываецца аб сутнасці сяброўства, якое прадугледжвае роўнасць бакоў і ўзаемную іх павагу.
IMG_0134– У ваколіцах Даманава сустрэлася нам немаладога веку жанчына, – дзеліцца Таццяна Анішчык, намеснік дырэктара Вілейскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце. – Яна ішла на свой дачны ўчастак і, як і мы, збірала ў лесе смецце. Галіна Карповіч, сама жыхарка Маладзечна, сказала, што займаецца гэтым усякі раз, як трапляе ў лес.
І што не разумее ўчынкаў людзей, якія нават не ўсведамляюць шкоднасці сваіх такіх паводзін.
Акцыя «Мой чысты лес» прайшла ў рэспубліцы ў мінулую суботу. У нашым раёне ў ёй удзельнічалі да паўтысячы чалавек. Акрамя работнікаў лясгаса, вучні гімназіі №2 з экалагічным ухілам, прафесійна-тэхнічнага каледжа, Ільянскай, Іжскай, Чурлёнскай, Куранецкай, Рабунскай, Людвіноўскай школ. Прыбраны тэрыторыі каля вадасховішча, лясны масіў мікрараёна «Зеніта», урочышча Дубаўка, прыдарожныя палосы. Ці надоўга гэта чысціня? – так і карціць задаць рытарычнае пытанне. Бо адказу на яго наўрад ці дачакаешся. Ды і чаму, скажыце, камусьці наканавана засмечваць, а некаму за ім прыбіраць? Абсурдная, здаецца, сама пастаноўка праблемы. Між тым, яна існуе.
Памятаецца, з сябрамі сям’і захацелі адпачыць у маляўнічай мясціне на Віліі. На вызначаным для гэтага месцы было ўсё ахайна і прыстойна. Бытавое смецце знайшло сабе вечны прытулак пад крутым рачным спускам, ахінутым кустамі альшын. Хоць скрыні для яго мясціліся непадалёку. Работнікі лясной гаспадаркі пратэстуюць. Яны закліканы лес вырошчваць і ахоўваць – ад пажараў, самачынных высяканняў. А захоўваць чысціню – справа ўсіх і кожнага. Для сяброўства працягвае нам свае далоні зялёны сябра.Не кладзіце ў іх сваю неахайнасць – рэшткі страчанага сумлення.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота Таццяны Анішчык

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 142 queries