Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Чарговая прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіры для прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ прайшла ў Уздзе 23 снежня

Уздзеншчына апошнія гады змяніла сваё аблічча карэнным чынам. Развіццё самаго горада, а разам з ім і раёна ідзе хуткімі тэмпамі, паказваючы станоўчыя вынікі ў сельскай гаспадарцы, развіцці малога і сярэдняга бізнесу. Па традыцыі прадстаўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ яшчэ да пачатку прэс-канферэнцыі старшыні Мінскага аблвыканкама наведалі шэраг цікавых і адметных аб’ектаў Уздзенскага раёна.

Уздзеншчына – гэта самабытны і маляўнічы край з багатай гісторыяй і культурнымі традыцыямі, якому выпала ўнікальнае права знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Мінскай вобласці і Беларусі. Наведваючы аб’екты малога і сярэдняга бізнесу, сельгаспрадпрыемствы, установы сацыяльнай сферы і агра-экатурызму журналісты на свае вочы ўбачылі, што на сённяшні дзень Уздзенскі раён дзякуючы намаганням працаўнікоў розных сфер, уяўляе сабой рэгіён з сучаснай інфраструктурай і адкрытасцю для дзелавых партнёраў і развіцця эканомікі і турызму. Ён дынамічна развіваецца.

Філіял сельска-гаспадарчага комплексу ЗАТ «Вітэкс»

ЗАТ «Вітэкс» і СП «Беліта» аднымі з першых ўключыліся ў агульнадзяржаўную праграму па інвесціраванню сельскай гаспадаркі Беларусі. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2004 годзе прадпрыемствам ЗАТ «Вітэкс» было набыта стратнае сельскагаспадарчае прадпрыемства СВК «Цеплень» у Уздзенскім раёне і на яго базе створаны сельскагаспадарчы філіял ЗАТ «Вітэкс» – СГК «Вітэкс».

Сёння філіял сельскагаспадарчага комплексу ЗАТ «Вітэкс» – адзін з перадавых сучасных гаспадарча-прамысловых комплексаў, абсталяваных па апошняму слову тэхнікі. Філіял з’яўляецца адным з лідэраў сярод гаспадарак не толькі Уздзенскага раёна, але і ўсёй Мінскай вобласці і нават рэспублікі.

Асноўныя інвестыцыі былі накіраваныя ў вытворчасць. Тут размяшчаецца комплексная прамысловая зона, у якой пабудаваныя вытворчыя і перапрацоўчыя цэха. Сюды перанесены цэх тары і ўпакоўкі, адкрыты цэх па вытворчасці экстрактаў, наладжаны выпуск прадукцыі ў аэразольнай ўпакоўцы, вырошчваюцца лекавыя і рэзка-араматычныя травы, у тым ліку для імпартазамяшчэння і паставак на экспарт.

Добраўпарадкоўваюцца вытворчыя і жылыя зоны. У вёсцы Цеплень з’явіліся новыя катэджы, будуюцца шматкватэрныя домы – прадпрыемства клапоціцца аб тым, каб спецыялісты жылі ў годных умовах. Вялікая ўвага надаецца развіццю інфраструктуры: адкрыты магазін, пабудаваны стадыён, фітнес-цэнтр, адрамантаваны Дом культуры, працуе дзіцячы сад. Робіцца ўсё, каб чалавеку годна жылося на яго роднай зямлі – была праца, умовы жыцця і дзейнасці.

Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Марк Фармэль»

Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Марк Фармэль» створана ў 2009 годзе на базе камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Уздзенская швейная фабрыка». У цяперашні час ТАА «Марк Фармэль» з’яўляецца асноўнай прамысловай арганізацыяй раёна. У адпаведнасці з інвестыцыйным праектам ТАА «Марк Фармэль» створана высокатэхналагічнае і якасна абсталяванае прадпрыемства па пашыве бялізнавага і верхняга трыкатажнага асартыменту. Кампанія спецыяльна размяшчае вытворчасці ў невялікіх беларускіх гарадах, каб мець перавагу ў хуткасці выпуску новых калекцый і лагістыцы, не павышаючы выдаткі і робячы сваю прадукцыю даступнай для большасці пакупнікоў.

Уздзенская дзяржаўная санаторная школа-інтэрнат

У 1944 гадзе ў гарадскім пасёлку Узда быў заснаваны адмысловы дзіцячы дом для тых, чые бацькі загінулі падчас вайны. Дзяцей сюды прывозілі з разбураных вёсак, шмат каго знаходзілі ў лесе, дзе яны выжывалі без бацькоў. Былі і малалетнія вязні канцлагераў. Многія не памяталі сваіх імёнаў, прозвішчаў і бралі прозвішчы сваіх выхавальнікаў.

У 1959 годзе спецыяльны дзіцячы дом перапрафіляваны ў сярэднюю агульнаадукацыйную школу-інтэрнат. З 1993 года Уздзенская школа-інтэрнат атрымала статус санаторнай школы для аздараўлення і лячэння дзяцей. На сённяшні дзень – гэта вядучая ўстанова вобласці і рэспублікі, дзе вучацца і аздараўліваюцца дзеці, дзе працуюць высокакваліфікаваныя, адданыя сваёй справе педагогі. Выпускнікі ўстановы гэта вельмі шанавалі. І сёння яны падтрымліваюць сувязі са сваімі настаўнікамі і выхавацелямі. Сярод выпускнікоў школы-інтэрната шмат годных людзей. Гэта рабочыя і працаўнікі сельскай гаспадаркі, інжынеры, навукоўцы, настаўнікі.

Непасрэдна на прэс-канферэнцыі для рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра адзначыў, што,нягледзячы на аб’ектыўныя складанасці, развіццё Мінскай вобласці ў 2016 годзе было дынамічным. Ва ўсіх сферах адзначыліся пазітыўныя вынікі, напрыклад, у бягучым годзе былі набыты два дарагія апараты магнітна-рэзананснай тамаграфіі (МРТ),   што павышае ўзровень медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Сямён Шапіра адзначыў добрыя вынікі, дасягнутыя і ў фармацэўтычнай галіне, якая дае значны прырост аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі. Лекавыя прэпараты, якія вырабляюцца ў Барысаве, Лагойску, Нясвіжы, запатрабаваныя ў многіх краінах свету.

Кіраўнік Мінскай вобласці праінфармаваў журналістаў аб тым, што тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі па выніках бягучага года будзе на ўзроўні 102 % у адносінах да мінулага года.

Кожнае пытанне, якое задавалі журналісты старшыні Мінскага аблвыканкама, было яскрава дапоўнена лічбамі і сведчыла пра якасны рост у кожнай галіне эканомікі. Так, нядрэнна ў 2016 годзе спрацавала лёгкая прамысловасць, дзе таксама павялічыліся аб’ёмы вытворчасці. У 2016 годзе назіраўся прагрэс на галоўных інвестыцыйных пляцоўках Мінскай вобласці. Практычна завяршаецца будаўніцтва першага ў Беларусі завода па вытворчасці легкавых аўтамабіляў «БелДжы», які на першым этапе ўжо ў наступным годзе будзе выпускаць 60 тысяч аўтамабіляў у год. Акрамя таго, старшыня аблвыканкама  станоўча адазваўся аб дынаміцы развіцця Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Найважнейшымі для вобласці праектамі Сямён Шапіра таксама назваў праект па будаўніцтве Нежынскага горна-абагачальнага комплексу ў Любанскім раёне, інвестарам якога выступае «Слаўкалій».

Адзначалася на прэс-канферэнцыі і тое, што па тэмпах росту валавога рэгіянальнага прадукту Мінская вобласць за студзень-лістапад выйшла на другое месца ў краіне. Старшыня Мінаблвыканкама дапоўніў, што і сельская гаспадарка здольна ўнесці свой уклад у агульныя рэгіянальныя дасягненні, так як ідзе з тэмпам прыросту вытворчасці 105-106%. Станоўча былі адзначаны таксама і вынікі працы сфер культуры і спорту ў вобласці ў адыходзячым годзе.
Падводзячы вынікі размовы,старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра адзначыў, што ў цэлым застою ў 2016 годзе ні ў адной сферы не назіраецца, а галоўнымі задачамі на 2017 год будзе ўмацаванне пазіцый ў эканоміцы і, галоўнае, клопат пра дабрабыт людзей, якія жывуць на Міншчыне.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries