Маладзечаншчына апошняе дзесяцігоддзе змяніла свае аблічча карэнным чынам. Развіццё самаго горада, а разам з ім і раёна ідзе хуткімі тэмпамі, паказваючы станоўчыя вынікі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, развіцці малога і сярэдняга бізнэсу. Цікава было паглядзець на свае вочы, як гэта адбываецца на практыцы, тым больш, што гэта суседзі, чые клопаты і дасягненні заўжды цікавяць і вілейчан.
Па традыцыі прадстаўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ яшчэ да пачатку прэс-канферэнцыі старшыні Мінскага аблвыканкама наведалі шэраг цікавых і адметных аб’ектаў Маладзечанскага раёна.
Радашковіцкі керамічны завод
Першай кропкай наведвання стаў ААТ «Радашковiцкi керамiчны завод». Для кожнага з нас гэты завод асацыіруецца з вытворчасцю чырвонай цэглы. І сапраўды так, сваю гісторыю завод адлічвае ад 1985 года, калі пачалася вытворчасць керамічнай цэглы. З самага пачатку радашковiцкая цэгла карысталася вельмi добрым попытам. Але з цягам часу сiтуацыя пачала змяняцца і ў будаўнiцтве сталi больш выкарыстоўваць танныя газасiлiкатныя блокi. Але «жывая» гліна, з якой робіцца цэгла, і традыцыйная драўніна – гэта матэрыял беларусаў, а самае галоўнае самы экалагічны і лепшы матэрыял для будаўніцтва.
Нездарма, колькі новых матэрыялаў не з’яўлялася б, але гліняны і драўляны будматэрыял заўжды будзе ў попыце, бо мае высокую трываласць. Завод не стаіць на месцы, толькі за апошнія гады ён удзельнічаў у двух праграмах мадэрнізацыі вытворчасці. Зараз поўнасцю мадэрнізаваны ўчастак падрыхтоўкі сыравіны, фармоўкі і пакетавання, абноўлены парк аўтатранспарту, а галоўнае, засвоены выпуск імпартазамяшчальных і інавацыйных керамічных вырабаў – парызаваных керамічных блокаў. Радашковіцкі керамічны завод з’яўляецца трэцім па магутнасці вытворцам керамічнай цэглы і першым па аб’ёму вытворчасці.
Комплекс «Вілла Рада»
Прыгажосць Маладзечанскай зямлі заўжды вабіла беларусаў і замежных турыстаў. Нездарма, развіццю інфраструктуры турызму і развіццю прыдарожнага сэрвісу ў раёне надаецца шмат увагі. Аб’ект, які наведалі журналісты, быў пабудаваны зусім нядаўна, у 2014 годзе, і размяшчаецца на аўтадарозе Мінск-Маладзечна-Нарач. Комплекс месціцца каля самой трасы, але калі там знаходзішся, то не адчуваеш гэтага, бо вакол маляўнічы пейзаж сасновага лесу. Сам комплекс мае некалькі залаў рэстарана, гасцініцу, утульную летнюю тэрасу і дзяцячую пляцоўку. Адным словам ўсё для добрага адпачынку, рамантычнай ці сямейнай вячэры і вялікага банкета.
Касметыка «BelorDesing».
Кампанія «Белор-Дызайн» была створана ў 1992 годзе і зараз з’яўляецца вядучым вытворцам дэкаратыўнай касметыкі ў Рэспубліцы Беларусь. На сённяшні дзень сучасная новая фабрыка размяшчаецца ў Радашковічах, калектыў якой складае 158 прафесіяналаў.
Галоўная перавага перад канкурэнтамі – гэта ўласная вытворчасць і коштавая катэгорыя. Ну, а якасць, як змаглі пабачыць журналісты, самая найвышэйшая, бо і тэхналогія, і сама вытворчасць знаходзіцца на вельмі высокім еўрапейскім узроўні. Нездарма, кампанія экспартуе больш 50% прадукцыі, якую вырабляе. А ўсё астатняе могуць яскрава падцвердзіць нашыя жанчыны, якія штодня карыстаюцца беларускім брэндам.
Фабрыка «Блауз»
Менавіта ААТ «Фабрыка Блауз» з’яўляецца ў Рэспубліцы Беларусь № 1 па вытворчасці блузачнага асартымента швейнай групы. Яшчэ ў 2002 годзе, калі кампанія толькі пачынала сваю дзейнасць, тут працавала 5 чалавек. Зараз калектыў налічвае 124 кваліфікаваных супрацоўніка. Дарэчы, навучэнцы Вілейскага дзяржаўнага каледжа спецыяльнасці «швачка» заўжды актыўна праходзяць сваю практыку на вытворчасці ў гэтай кампаніі.
Увесь ассартымент пакуль разлічаны на жаночыя мадэлі і мадэлі для дзяўчынак, але ў перспектывах, магчыма, і вытворчасць мужчынскай прадукцыі. Нядаўна кампанія адчыніла свой першы фірменны магазін у г. Маладзечна.
Маладзечанскі малочны камбінат
Прадукцыя гэтага прадпрыемства для вілейчан не патрабуе рэкламы, бо кожны дзень яна ў нас на стале. У склад камбіната ў 2009 годзе увайшлі Вілейскі, Нарачанскі і Валожынскі малаказаводы, якія зараз аб’яднаны адзінай гандлёвай маркай «Маладзея». Узнагароды прадпрыемства гавораць самі за сябе – 15 узнагарод Гран-пры «За стабільную якасць малочнай прадукцыі». Некалькі лічбаў вытворчай магутнасці прадпрыемства: па пераапрацоўцы малака – 527 т/змену, па вытворчасці сыру – 10,5 т/змену, па вытворчасці натуральнамалочнай прадукцыі – 156,2 т/змену, па маслу – 8 т/змену.
Што датычыцца Вілейскага філіяла, то ў 2011 годзе тут была ўведзена аўтаматызаваная лінія канцэнтравання абястлушчанага малака метадам ультрафільтрацыі. У 2014 годзе праведзена мадэрнізацыя тварожнага участка для павелічэння аб’ёма вытворчасці тварагу.
Мінскі Мэблевы Цэнтр
Беларуска-германскае вытворчае сумеснае прадпрыемства «Мінскі Мэблевы Цэнтр» заснаваны ў 1989 годзе і спецыялізуецца на вытворчасці мэблі з масіва сасны. Ужо больш 20 год мэблю з Маладзечна купляюць ў краінах Заходняй Еўропы, Амерыкі, Расіі, Казахстана, Украіны.
Па замовах аптовых пакупнікоў такіх як «IKEA» (Швецыя), «WELLEMOBEL» (Германія), «OTTO» (Германія) і інш. прадпрыемства вырабляе шафы, камоды, ложкі, сталы, камплекты мэблі для дзіцячых пакояў, спальняў і сталовых. Экспарт прадукцыі прадпрыемства складае 92 %.
Прадпрыемства мае замкнёны цыкл вытворчасці, дзе занята 1012 чалавек. Маецца свая лесапільная вытворчасць, дарэчы адна з іх размяшчаецца ў Вілейскім раёне ў Ільі.
Далейшая размова аб сітуацыі на Маладзечаншчыне атрымала свой працяг непасрэдна ў час прэс-канферэнцыі старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіры.
Спачатку старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец расказаў пра эканамічную сітуацыю ў раёне і паведаміў журналістам, што асноўнымі вытворцамі прамысловай прадукцыі ў раёне з’яўляюцца 40 прадпрыемстваў. Маладзечанскі раён толькі па экспарту прадукцыі выканаў паказчыкі на 150 % да ўзроўня мінулага года. Плануецца, што на Маладзечаншчыне будзе створана 320 новых працоўных месцаў, што дасць яшчэ больш сур’ёзны штуршок ў развіцці эканомікі раёна. Актыўна развіваецца ў раёне сярэдні і малы бізнэс, вынікам чаго з’яўляецца ўнёсак яго ў памеры 35 % паступленняў ў бюджэт Маладзечанскага раёна. Сам горад Маладзечна актыўна развіваецца і расце. На гэты год запланавана будаўніцтва новага мікрараёна ў межах вуліцы Снежнай.
Выкарыстаўшы магчымасць, журналісты пацікавіліся ў старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры станам развіцця эканомікі Міншчыны і іншымі актуальнымі пытаннямі.
Страты ад урагану на Міншчыне
– Нічога незвычайнага не адбылося. Ад урагану 13 ліпеня больш за ўсё пацярпела 5 раёнаў Міншчыны: Смалявіцкі, Мінскі, Дзяржынскі, Бярэзінскі, Чэрвеньскі. Самыя буйныя разбурэнні прыйшліся на Смалявіцкі раён. Усяго было пашкоджана 680 жылых дамоў, 175 вытворчых памяшканняў, 8,5 тысячы га лясных масіваў. Што датычыцца пагрозы для ўборачнай кампаніі – яе няма. 10 тысяч гектараў пасеваў з 500 прызнаны палеглымі.
Усе разбураныя дамы аператыўна аднаўляюцца, будаўнічага матэрыялу хапае. За аднаўленне кожнай хаты будуць выдаткаваны грошы з абласнога і рэспубліканскага бюджэта, частку выплаціць Дзяржстрах. Людзі плаціць не будуць. Галоўнае, каб не было спекуляцыі на гэтай справе. Усё прывядзем у парадак талакой – гэта пытанне салідарнасці з тымі, у каго сёння бяда. На тыдні мы ўсе, у тым ліку і члены аблвыканкама, і райвыканкамаў адзін дзень прысвяцілі навядзенню парадку на тэрыторыі вобласці.
Ураджай – 2016
– Уборачная кампанія 2016 года стартавала. Ужо прыбралі 5 % плошчаў пасеваў. Сярэдняя ўраджайнасць пакуль складае 34 ц/га. У мінулым годзе ў ходзе ўборкі палёў, пашкоджаных засухай, на пачатковым этапе ўборачнай сярэдняя ўраджайнасць складала 27 ц/га. Калі ж ўборка збожжавых завяршалася, той жа паказчык дасягнуў 41,6 ц/га. У выніку хлебны каравай рэгіёну склаў 2 млн 177 тыс. тон збожжа. Мінская вобласць у бягучым годзе, як і ў мінулым, разлічвае на ўраджай збожжавых больш за 2 млн тон
У гэтым годзе сярэдняя ўраджайнасць ўжо вышэй, а прыбіраюцца зараз яшчэ не лепшыя палі. Калі новых катаклізмаў не паднясе надвор’е і мы прымем правільныя тэхналагічныя рашэнні, то і ў гэтым годзе будзе атрымана больш за 2 млн тон збожжа.
Праблем з зернем у краіне няма, пагэтаму я настройваю старшыняў райвыканкамаў, што травяністы корм для галіны жывёлагадоўлі больш важны, чым зерне. Калі мы сёння ўсе «аднагодкі» прыбяром ў сянажныя ямы, то будзе значна больш карысная сумесь збожжа і расліннай масы для жывёл.
Аптымізацыя дзяржапарата
– Гэта вельмі тонкі працэс. Мы ўнеслі свае прапановы кіраўніку дзяржавы. Аднак, галоўнай была і застаецца адна ісціна – «Для таго, каб паменшыць колькасць – трэба змяніць функцыі». У чыноўнікаў з’яўляецца столькі непатрэбнай працы і яны адзін аднаму пачынаюць пісаць паперы, справаздачы…
Мы збіраліся разам з актывам вобласці – запрасілі кіраўнікоў прадпрыемстваў, сельскіх выканкамаў, дырэктараў бібліятэк, дамоў культуры, усю сацыяльную сферу і выпрацоўвалі прапановы. Аказалася, што самыя вялікія затраты не па самой структуры, а па таму, што вакол яе. Напрыклад, маецца ў вёсцы вялікі дом культуры, які нясе затраты на ацяпленне, электрычнасць і гэтак далей. Побач з ім ёсць аптэка, пошта, бібліятэка – усе будынкі бяруць бюджэнае фінансаванне. Дык чаму не сабраць іх пад адным дахам, каб чалавек мог прыйсці на пошту, зайсці ў аптэку, а можа і пайсці на танцы. Вось вам эканомія.
Мы не будзем скарачаць прафесіяналаў ў сваіх галінах, мы аптымізуем структуру, а не людзей. Трэба скараціць структуру сёння, каб не пагоршыць сітуацыю ў кіраванні ў будучым.
Крэдытаванне малазабяспечаных сем’яў
– Заўжды быў і будзе прыярытэт шматдзетным сем’ям, шматдзетным маці. Мы не зможам дапагчы кожнаму, але зробім усё, што ад нас залежыць. Патрэба Мінскай вобласці для дапамогі малазабяспечаным сем’ям складае 360 мільярдаў беларускіх рублёў (старымі грашыма), а банкі нам далі толькі 60. Дапамагаць будзем тым, хто сапраўды мае патрэбу ў гэтым. Я часта вяду прыём грамадзян ў раёнах і ёсць выпадкі, калі прыходзяць на прыём тыя, хто патрабуюць, маўляў, што дзяржава ім павінна. Хаця большасць з іх вядуць асацыяльны вобраз жыцця і іх дзяцей ўжо даўно і так утрымлівае дзяржава. Дапамогу атрымае кожны, хто звяртаецца.
Напрыканцы сустрэчы Сямён Шапіра пажадаў развіцця кожнаму выданню, каналу і радыёстанцыі і выказаў пажаданне, каб такія сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ і надалей ўмацоўвалі сувязь паміж уладай і грамадствам.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара