Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Чарапашкі» шукаюць вытокі

Калі Міхаіл Петух, кіраўнік турыстычнага клуба цэнтра дадатковай адукацыі заходзіць у рэдакцыю, – настройвайся на цікавы дыялог. Значыцца, яго «Чарапашкі» вярнуліся з чарговага падарожжа, дапытлівыя, як усе дзеці, паспрабавалі расхінуць для сябе межы бачнага далягляду. Толькі дапытлівасць «чарапашак» не сузіральная. Візуальны, сюжэтны агляд славутасцей, уласцівы большасці турысцкіх груп, іх не задавальняе. «Чарапашкі» капаюць глыбока, бо хочуць ведаць, дзе што ўзнікла, чаму і адкуль пайшло…

У паходзе, які здзейсніўся напрыканцы летніх канікулаў, юныя ўдзельнікі паставілі перад сабой задачу знайсці вытокі Віліі. Здавалася б, ёсць геаграфічныя карты, на іх пазначаны месцы… Застаецца толькі верыць папярэднім даследчыкам. Аказваецца, усё не так проста. І ў гэтым паходзе «чарапашкі» пераправерылі самі сябе. Той выток, што быў знойдзены ў час мінулых вандровак, згінуў у балотнай твані.
– Што гэта за Амазонка? – здзіўлена акругліла вочы маладая супрацоўніца рэдакцыі, углядаючыся ў сюжэт на маніторы, дзе за пясчанай выспай плёскалася пранізліва зялёная вада, засыпаная буйнай лістотай з прыбярэжнага кустоўя.
У Докшыцкім раёне, ля вёскі Вялікае Поле, і шукалі чарапашкі ўжо аднойчы адкрыты выток. Не знайшлі. І тады падаліся ў напрамку Кромавіч, дзе каля адзінокага хутара натыкнуліся на вузенькі гаманкі ручаёк.
– Гэта першая вада, канкрэтны выток. З яго мы і пачалі падарожжа па Віліі.
– Дык рака пачынаецца з Кромавіч?
– Намі ўстаноўлена, – без цені жарту сцвярджае Міхаіл. Ды і які можа быць жарт, калі ўсе выпрабаванні гэтага напачатку больш пешага, чым воднага падарожжа «чарапашкі» вынеслі, як кажуць, на сваіх плячах. А калі карыстацца іх тэрміналогіяй, то на ўласных панцырах. У першую затоку, на першую адкрытую ваду,праціскаліся разам з лодкамі (каноэ і тайменямі) па вузкай пратоцы. І першы дзень экспедыцыі прайшоў у іх пад знакам піявак. Так яны занатавалі яго ў сваіх дзённіках.
– Будзе цяжка, – я гэта ім сказаў яшчэ на пачатку падарожжа. Прагулкі пад летнім небам не абяцаў. – Міхаіл на хвіліну змаўкае. – А ведаеце, што ў гэтых падлетках адзінае, што іх яднае? Яны хочуць жыць на прыродзе. Унікальнасць дзяцей ужо ў тым, што яны ідуць у падобны паход, ведаючы: там будуць цяжкасці.
А ўнікальнасць кіраўніка, хочацца дадаць, што ён свядома бярэ на сябе такую ношу. Яго жаданне – наблізіць падлеткаў да каранёў, з якімі іх спакваля разлучае цывілізацыя. Яна мае дзясяткі магчымасцей для стварэння чалавеку такога камфортнага асяроддзя, у якім не патрэбна напружваць свае фізічныя сілы, дзе свядомасць адпачывае, успрыймаючы рэаліі, за якія не трэба змагацца, акалічнасці, дзе няма імгненняў рызыкі. У цяпліцах могуць вырасці прыгожыя кветкі. Але палавіна з іх губляе хараство на жывой, ужо не абароненай ад шкодных уплываў, глебе. У разуменні гэтага – вартасць выхавацеля, сапраўднага прафесіянала, які штучна не стварае экстрыма, але праходзіць са сваімі выхаванцамі сапраўдную школу выжывання.
– А яшчэ ў нас быў дзень чароту, – расказвае Міхаіл. – Мы літаральна прадзіраліся праз яго. Рэчка месцамі паварочвала пад прамым вуглом, і так некалькі разоў. Байдаркі даводзілася перацягваць па сушы. Гэта быў сапраўдны спартыўны паход.
– А баброў бачылі?
– А як жа. Іх плаціны. Штучна створаныя вадапады. Спачатку сітуацыя захапляла. Потым, шчыра кажучы, ужо добра перашкаджала нашаму руху. Нешта падобнае я выказаў каля бабровай хаткі. У адказ – усплеск і – паток вады, скіраваны прама на мяне. Гэта бабёр так ёмка пляснуў хвастом. Відаць, не спадабаліся яму падобныя размовы.
Калі глыбіня вады – два-тры метры, у ёй можна назіраць рыбныя чародкі, бачыць, як хваляцца водарасці, як грувасцяцца тыя ж бабровыя гаці. Трэці дзень экспедыцыя назвала днём акварыума. Алеся Кузьміч, дасведчаная экалагіня, адчыніла свой цуда -чамаданчык і, падплываючы да кожнай пратокі, рабіла забор вады. Якая з водных артэрый, сілкуючых Вілію, найбольш уплывае на якасць вады ў ёй? Чаму ў вадасховішчы яна цвіце? Задачы, вартыя ўвагі прафесійных даследчыкаў, ставілі перад сабой юныя эколагі.
– Пакуль Аня Гардынец веславала, Алеся рабіла аналізы, – раскрывае мой суразмоўца метады ўзаемадзеяння ўдзельнікаў экспедыцыі. Набытыя навыкі яшчэ як спатрэбяцца ў дарослым жыцці нашым героям. Калі лёсы самых амбіцыйных, самых неардынарных праектаў будуць залежаць ад эфектыўнасці супрацоўніцтва здзяйсняючых іх асоб.
З усімі паваротамі ды перашкодамі адлегласць, якая, згодна маштабу карты, складала паўтара кіламетра, на справе раўнялася цэлым пяці. Даводзілася разбураць бабровыя гаці, правальвацца ў глыбіню, пераадольваць гідразатворы. Бура на вадзе – гэта зусім не тое, што на сухім месцы. Убачыўшы хмары, прычальвалі да берага, разбівалі палаткі. Ежу рыхтавалі, вядома, на вогнішчы. Запас прадуктаў быў у заплечніках. Кіраўнік экспедыцыі свядома не дазваляў яе юным удзельнікам па дарозе наведваць крамы. Праўда, з задавальненнем прынялі прапанову ад мясцовай жыхаркі паласавацца сапраўдным вясковым салам і батонам з варэннем. Так дзеці пасцігалі сутнасць сапраўднай гасціннасці, якой нас іншым часам пазбаўляе цывілізаваны свет.
А яшчэ было сутыкненне з гісторыяй. Той, глыбіннай, якая ў свой час натхніла на падарожжа графа Тышкевіча. Па дарозе наведалі татарскія могілкі, царкву ў Кастыках, пасядзелі на сапраўдных курганах. Іх даследаваў сам граф, які хіба толькі мог здагадвацца, што праз стагоддзе яго шляхам зноў пойдуць нераўнадушныя да гісторыі Радзімы людзі.
Яны будавалі замак на пяску. І не пакінулі сваю справу нават калі на хвалях пагрозліва заскакалі белыя баранчыкі – сведчанне, што пачынаецца шторм. Юныя архітэктары сур’ёзна, як важнейшую ў жыцці справу, узводзілі з пяску сцены, вежы, рвы і вароты, не клапоцячыся, што неўтаймаваная вада хутка не пакіне нават следу ад іх намаганняў. Гэта будзе на зямлі. А ў сэрцах застанецца вобраз мары, да якой варта імкнуцца.
Самай маленькай удзельніцы экспедыцыі, якая разам з маці шукала выток Віліі і затым праплыла ў лодцы па яе воднай гладзі, споўнілася ўсяго чатыры гады.
– Мама, а памятаеш, як мы былі ў казцы, – нагадала яна ўжо праз колькі дзён пасля падарожжа адзін з эпізодаў паходу. Справядліва кажуць, што вуснамі дзіцяці прамаўляе ісціна…
Дарэчы, клуб менавіта сёлета адзначае свой дваццаці-гадовы юбілей. З чым мы віншуем усіх “чарапашак” і іх нязменнага кіраўніка.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фотаздымкі прадаставіў Міхаіл ПЕТУХ

br /img class=»alignnone size-full wp-image-34583″ src=»https://www.peramoga.by/wp-content/uploads/2014/09/DSC03765.jpg» alt=»» width=»400″ height=»300″ /

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 186 queries