Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

«Чалавекам года Вілейшчыны» стала старшыня Крывасельскага сельскага выканаўчага камітэта Ірына Супрановіч

Сёння на сцэне Вілейскага Палаца культуры пройдзё традыцыйны злёт перадавікоў народнай гаспадаркі. На мерапрыемстве ўшануюць самых адметных працаўнікоў раёна, якія стваральнай, творчай працай, інавацыйным падыходам робяць усё магчымае для росквіту і развіцця роднай зямлі.

Адметным момантам мерапрыемства, падчас ушанавання лепшых прадстаўнікоў самых розных сфер народнай гаспадаркі на злёце перадавікоў, стала традыцыйнае ўручэнне прэстыжнай прэміі пераможцы акцыі «Чалавек года Вілейшчыны». Дадзеная прэмія, пачынаючы з 2004 года, уручаецца як прызнанне асаблівых заслуг людзей, якія сваёй плённай працай унеслі вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Вілейскага раёна і чые прафесіянальныя дасягненні і актыўная жыццёвая пазіцыя заслугоўваюць прызнання ў грамадстве. Лаўрэатам прэміі за 2016 год стала старшыня Крывасельскага сельскага выканаўчага камітэта Ірына Аляксандраўна Супрановіч.

Супранович

У гэтым годзе адбор намінантаў на заванне “Чалавек года Вілейшчыны”, якіх вылучалі непасрэдна самі прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы, быў вельмі значны: колькасць прэтэндэнтаў дасягала некалькіх дзясяткаў, а пры вызначэнні ў залік ішлі выключна эфектыўнасць працы кожнага кандыдата, яго аўтарытэт, маральныя якасці і, самае галоўнае, актыўная грамадская дзейнасць.

Ірына Аляксандраўна Супрановіч – чалавек вядомы на Вілейшчыне, яе прафесійныя і чалавечыя якасці, назапашаны вопыт работы, уменне працаваць з людзьмі дазваляюць ёй удала спалучаць усё гэта з выдатнымі арганізатарскімі якасцямі. Дарэчы цікава, што наданне звання “Чалавек года Вілейшчыны” супала з 10-годдзем працы Ірыны Аляксандраўны на пасадзе старшыні сельвыканкама.

Як старшыня сельвыканкама Ірына Аляксандраўна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод жыхароў кожнай з вёсак сельсавета, а таксама кіраўнікоў арганізацый горада і раёна. Пад непасрэдным кіраўніцтвам Ірыны Супрановіч шмат робіцца па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, навядзенні парадку на зямлі, актыўнай працы са зваротамі грамадзян, развіцці асабістых падсобных гаспадарак на тэрыторыі сельсавета. Чаго толькі каштуе быць кіраўніком адного з самых буйных сельскіх Саветаў раёна – 44 населеныя пункты і каля 29 тысяч гектараў плошчы тэрыторыі, а ў кожнага жыхара свае турботы і патрабаванні да мясцовай улады – і з гэтым усім выдатна спраўляецца Ірына Аляксандраўна.

Супрановіч Ірына Аляксандраўна ўражэнка вёскі Крывое Сяло. Сваю працоўную дзейнасць пачала загадчыцай крамы, затым 12 год працавала сакратаром Рабунскага сельвыканкама, які з 2007 года ўзначаліла. Скончыла Баранавічскі дзяржаўны універсітэт па спецыяльнасці «правазнаўства», зараз паспяхова завяршае навучанне ў  Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Ірына Аляксандраўна прымае актыўны ўдзел і ў грамадскім жыцці сельскага Савета. Спартыўная каманда з Крывога Сяла заўжды з’яўляецца ўдзельніцай і ў большасці выпадкаў пераможцай спартакіяд і спартыўных спаборніцтваў раённага ўзроўню. Кожныя значныя падзеі, мерапрыемствы, суботнікі, якія адбываюцца ў вёсках сельсавета,знаходзяць падтрымку Ірыны Аляксандраўны – як ў старшыні, так і проста актыўнай грамадскай дзеячкі, якая бярэ непасрэдны ўдзел ва ўсім.

Нездарма вялікія намаганні прыкладвае Ірына Аляксандраўна ў развіццё тэрыторыі сельсавета ў якасці грамадскага актывіста. І тут яе памкненні накіраваны ў першую чаргу на наладжванне плённага і паспяховага развіцця сельскай тэрыторыі, развіцця прыватнай дзейнасці на ёй. Яна робіць многае, каб актыўна развівалася прадпрымальніцтва на сяле, каб умацоўвалася ўзаемадзеянне паміж органамі ўлады і мясцовым насельніцтвам, прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнесу, сялянскімі і фермерскімі гаспадаркамі. Так, намаганнямі Ірыны Аляксандраўны Супрановіч сумесна з грамадскім аб’яднаннем “ЗОВіК” у 2016 годзе тэрыторыя Крывасельскага сельскага Савета была абрана пілотнай для рэалізацыі шэрагу мерапрыемстваў і ініцыятыў у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Пашырэнне эканамічных магчымасцяў у сельскай Беларусі». У рамках рэалізацыі праекта прадстаўнікі ініцыятыў, малога бізнесу і фермерскіх гаспадарак атрымаюць невялікую, але значную падтрымку ад донараў і кіраўніцтва сельвыканкама. Таксама ў 2016 годзе была распрацавана стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця  Крывасельскага сельскага Савета. Дадзеная праца выконвалася ў рамках яшчэ аднаго праекта, рэалізаванага пры падтрымцы Ірыны Аляксандраўны – “Даследаванне сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу Крывасельскага сельскага Савета Вілейскага раёна», у рамках чаго было здзейснена вывучэнне і аналіз эканамічнага, сацыяльнага, экалагічнага і інстытуцыйнага патэнцыялаў дадзенай сельскай тэрыторыі з выпрацоўкай канкрэтных накірункаў далейшага развіцця.

Выбар жыхароў і кампетэнтнай камісіі супаў. Супрановіч Ірына Аляксандраўна годна ганаровага звання “Чалавек года Вілейшчыны – 2016”. Шчырыя віншаванні і пажаданні плёну ў працы, грамадскім і асабістым жыцці!

Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва редакцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 23 queries