Свята раённых дажынак падсумавала толькі адзін з вынікаў сельскагаспадарчага года. З завяршэннем жніва не апусцелі палеткі. Паўсюдна вядзецца падрыхтоўка глебы пад азімую сяўбу, таксама лёсавызначальную для ўраджаю будучага года. Па стане на 12 верасня ў раёне амаль трэць запланаваных плошчаў падрыхтавана пад пасеў азімых. Найбольш актыўна гэтыя работы вядуцца ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Сцешыцы», філіяле «Бубны», сельгаспрадпрыемстве «Першы Беларускі». У раёне практычна завершана сяўба азімых рапса і сурэпіцы. У цэлым жа па азімых культурах планавае заданне пакуль выканана толькі на 25 працэнтаў.
Ураджайнасць бульбы ў сельгаспрадпрыемствах сёлета пакуль ніжэй мінулагодняй (173 цэнтнеры супраць 202). На сёння самая высокая – у дзяржсортстанцыі (388,6 цэнтнера), «Нарачанскіх зорах» (307,5), райаграсэрвісе (192,5), ААТ «Чурлёны» (191,7). Практычна ўсе сельгасарганізацыі прыступілі і да ўборкі другога хлеба. Значную дапамогу хлебаробам аказвае раённая служба занятасці, прадстаўнікі якой актыўна працуюць на бульбяных палетках Вілейшчыны.
Рабочы дзень толькі пачаўся. Але прыехалі б мы на бульбяны палетак падсобнай гаспадаркі «Асіпавічы» райаграсэрвіса паўгадзінай пазней – і доўга давялося б даганяць брыгаду капальшчыкаў па пульхных, толькі што разараных барознах. Працоўны дэсант раённай службы занятасці набіраў тэмп, імпэтна рухаючыся па палетку. І ў гэтым працоўным рытме ўгадвалася кіруючая роля арганізатараў работ.
Брыгадзір калектыву добраахвотных памочнікаў Зоя Гіль – не першы год у дэсанце. Увогуле яна працуе дэзінфектарам у цэнтральнай раённай бальніцы. А на час сельгасработ бярэ, як правіла, водпуск. Мае ў гэтым, вядома, і свой меркантыльны інтарэс: разлік на «працэнты» ад вагі выкапаных клубняў. На такіх умовах ужо даўно супрацоўнічаюць служба занятасці і сельгаспрадпрыемствы раёна. А яшчэ, прызнаецца Зоя Дзмітрыеўна, ёй, як і многім з тых, хто таксама стаяць сёння на барознах, падабаецца сам працэс. Кожны, хто з сялянскімі каранямі, звязвае гэты клопат з бацькоўскім домам, роднымі мясцінамі, пахам бульбоўніку, да якога, як і тут, на палетку, далучаецца пах грыбніцы. Ім цягне з суседняга ўзлеску.
– Толькі лянівы сёлета грыбоў не назбіраў, – нібы ўлавіўшы ход маіх думак, заўважае кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Альфер. Але «сітуацыя нас зноў вяртае ў «бульбяную» тэму.
Бо брыгадзір працоўнага дэсанту вырашыла ўдакладніць спісы «асабістага саставу». Згодна яе даных, на полі – 65 чалавек. Сярод іх такія пастаянныя ўдзельнікі ўборачных работ, як Аляксандр Хільман, Таццяна Барысевіч, Таіса Жукава. Усе яны – адпускнікі і традыцыйна бяруць адпачынак за працоўны год менавіта восенню, калі распачынаецца бульбяная кампанія.
– У нас даўно склаўся касцяк брыгады, – канстатуе Зоя Дзмітрыеўна. – Я назвала вам людзей, на якіх заўсёды разлічваю, сярод якіх знаходжу падтрымку.
Шчыра прызнаюся, мне не даводзілася ўдзельнічаць у падобных працоўных дэсантах. Але магу зразумець праблемы чалавека, якому выпала кіраваць такой часовай суполкай, што на невялікі тэрмін стала калектывам.
Дзесяць гектараў клубняў прадстаіць выбраць у падсобнай гаспадарцы «Асіпавічы».
– За першы дзень набралі 26 тон, – канстатуе брыгадзір Аляксандр Сыракваш. Бульба – першы яго земляробчы вопыт у гаспадарцы. І, на мой погляд, удалы. Ускапаны папярэдне палетак усеяны клубнямі. Чыстыя і гладкія, характэрнай для сартоў прадаўгаватай формы, яны пераважаюць на полі. Адначасова вядзецца сартыроўка ўраджаю. Працэс, заўважаю, наладжаны такім чынам, што капальшчыкі рухаюцца па барознах у тандэме, парамі. Першая падбірае больш буйныя клубні, другая – рэштку таго, што засталося на полі. Ураджай затарваецца прама ў кузавах аўтамабіляў. Сартыроўка ў полі – прыклад, варты пераймання пры тым дэфіцыце рабочых рук, які сёння адчувае кожнае сельгаспрадпрыемства.
– Ураджайнасць не падлічвалі? – задаю пытанне Аляксандру Сыраквашу, які, згодна сцвярджэння кіраўніка падсобнай гаспадаркі, клапатліва і з веданнем справы арганізаваў догляд бульбянога палетку.
– Магу прыкінуць. Цэнтнераў 180 будзе. – Думаецца, мой суразмоўца намерана называе больш сціплую лічбу. Выгляд палетка яўна цягне на большую.
– Закупілі ў суседніх «Нарачанскіх зорах» новыя сарты – «брыз» і «скарб», – дапаўняе калегу Аляксандр Альфер. – Згодна тэхналагічных рэкамендацый уносілі ўгнаенні. Арганікі тут мо тон 80. Мінеральныя набывалі па патрэбнасці. Вынікі выведзем напрыканцы ўборкі, калі дажджы не саб’юць дні. – Мой суразмоўца з трывогай пазірае на неба, дзе дробныя хмаркі кучкуюцца ў шэрыя бухматыя аблокі.
І яшчэ адзін знаёмы твар на палетку. Механізатар Андрэй Тышкевіч – удзельнік раённых дажынак, пераможца спаборніцтва сярод маладзёжных камбайнавых экіпажаў. А на бульбяным палетку ён – першая асоба. З пяці гадзін раніцы яго капалка – ужо ў полі. Да прыезду працоўнага дэсанту важна падрыхтаваць фронт работ.
На суседнім полі таксама кіпіць работа. Жыхары Асіпавіч убіраюць свае прысядзібныя ўчасткі. Бульбяная кампанія ў самым разгары. Будзем з другім хлебам.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара















