Думаецца, ніхто не стане аспрэчваць выказванне, што яна – адна з самых запатрабаваных грамадствам культур. Нельга ўявіць без яе прысутнасці паўнацэннае харчаванне, як кажуць, ні старога, ні малога. Спытайце ў любога дасведчанага ў пытанні здаровага ладу жыцця чалавека пра карысць грэчкі, ён абавязкова падкрэсліць: гэтыя крупы проста незаменныя для чалавека.
Менавіта па гэтай прычыне пасевы культуры пастаянна пашыраюцца. Так, на Міншчыне сёлета яна расце на 5,4 тысячы гектараў, што ў тры разы болей, чым было летась. Немалая плошча – 619 гектараў – занята грэчкай і на Вілейшчыне, дзе яе вырошчваюць у чатырох гаспадарках: адкрытых акцыянерных таварыствах «Алая зара», «Новая Вілія», «Вілейскі райаграсэрвіс» і аграфірме «Ілья».
– Трэба адзначыць, што пасевы грэчкі добра захаваліся, таму, калі будзе спрыяць надвор’е, культура дасць нядрэнны ўраджай, – падзяліўся начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Леанід Кудзеля. – Гэта дазволіць нам выканаць даведзены план па здачы дзяржаве 611 тон гэтай культуры.
Як адзначыў Леанід Часлававіч, да ўборкі вышэйназванай позняй яравой культуры на Вілейшчыне прыступяць ў сярэдзіне верасня.
Ірына БУДЗЬКО