Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Более 100 журналистов приняли участие в форуме «Роль региональных СМИ в развитии социального партнерства»

Падкрэсліваючы  важную ролю прафесіянальных саюзаў, кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка назваў іх сапраўды народнай арганізацыяй, якой павінна быць справа да ўсяго. Пакуль жа не сакрэт, што на некаторых прадпрыемствах і ў арганізацыях  роля гэтага аб’яднання зводзіцца да выдачы навагодніх падарункаў дзецям сваіх  працаўнікоў. Пра больш сур’ёзныя справы накшталт абароны правоў незаконна пакрыўджаных людзей гаворка ідзе далёка не ўсюды. Між тым,  менавіта гэта – абарона інтарэсаў працаўнікоў – з’яўляецца галоўнай задачай прафсаюзаў.  Толькі ці ўсюды гэта пад сілу народнай арганізацыі?

Лілія Ананіч і Міхаіл Орда гутараць з журналістамі. Фота www.1prof.by

На мінулым тыдні ў Мінску прайшоў форум «Роля рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі ў развіцці сацыяльнага партнёрства», які праводзіўся па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і міністэрства інфармацыі. Больш за сотню журналістаў з усіх куткоў Беларусі ўпершыню выкарысталі падобную адкрытую пляцоўку для наладжвання дыялога і абмену вопытам. У штаб-кватэры Нацыянальнага прафцэнтра на праспекце Пераможцаў прайшла сустрэча старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіла Орды і міністра інфармацыі Ліліі Ананіч з журналістамі.

«Сёння Федэрацыя прафсаюзаў вядзе актыўную работу па самых важных для працоўных пытаннях, якія датычаць захавання асобных працоўных калектываў, своечасовай  выплаты зарплаты і іншых, – адзначыў Міхаіл Орда. – Так, за паўгоддзе бягучага года пры непасрэдным удзеле прафсаюзаў на працы адноўлены 79 чалавек і вернута болей за 17 мільярдаў недэнамінаваных рублёў, якія былі ў людзей незаконна ўтрыманы або не выплачаны наймальнікамі».

У кожным з гэтых выпадкаў, падкрэсліў Міхаіл Орда, няпростая гісторыя канкрэтнага чалавека, якому патрабавалася дапамога. І тым, хто дапамог людзям, сталі прафсаюзы. Безумоўна, было нялёгка разабрацца ў няпростых сітуацыях, аднак гэта ўдалося зрабіць, і дасягнутае радуе.

Міхаіл Орда расказаў журналістам пра ініцыятывы прафсаюзаў, якія развіваліся ў бягучым годзе. Сярод іх, да прыкладу, гэтыя – неабходнасць павелічэння дапамогі па беспрацоўі, увядзенне дадатковых мер абароны для тых, хто працуе па кантрактнай сістэме. Не сакрэт,  што мы ўсе ведаем пра выпадкі, калі наймальнікі не падаўжаюць кантракты з працаўнікамі  без належных прычын, людзі застаюцца без дапамог па звальненні… У наш няпросты час гэта даволі сур’ёзная праблема. Таму, адзначыў Міхаіл Орда,  прафсаюзы ўносяць прапанову ўвесці страхаванне ад беспрацоўя. Старшыня Федэрацыі беларускіх прафсаюзаў выказаў упэўненасць у тым, што працягам гэтай сустрэчы стане  плённае супрацоўніцтва прафсаюзаў і сродкаў масавай інфармацыі, і ў рэгіёнах з’явіцца болей інфармацыі пра чалавека працы, яго праблемы і дасягненні.

«Каму як не рэгіянальным СМІ лепей ведаць праблемы сваіх рэгіёнаў і, самае галоўнае,  усебакова паказваць, як сёння вырашаюцца пытанні сацыяльнай палітыкі ў дзяржаве, – адзначыла Лілія Ананіч. – Трэба адлюстроўваць перспектыву развіцця, дапамагаць развіваць адносіны, паказваць людзям адкуль браць сілы. За нашай працай – будучыня краіны. А яна нам бачыцца светлай, шчаслівай, камфортнай для людзей».

Падчас сустрэчы журналісты цікавіліся многімі пытаннямі. У прыватнасці, пыталіся пра перспектывы работы Нацыянальнага  прафцэнтра ў наступным годзе, пра асаблівасці  калектыўна-дагаворнага рэгулявання і пра іншыя накірункі дзейнасці прафсаюзаў. «Мы – разам!» – гэта не проста дэвіз народнай арганізацыі, а жыццёвы прынцып, які пацвярджаецца штодзённа.

У праграме форуму ўвазе журналістаў прапанавалася нямала цікавага. Аднак найбольш ўразіла, ва ўсякім разе мяне,  прэм’ера неверагоднага відовішча- вандроўкі «Сем таямніц Беларусі», падрыхтаваная Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі і Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў.  У гэтым гісторыка-мастацкім праекце, блізкім па стылістыцы да сучасных шоу-праграм, важнае месца адведзена асаблівым, знакавым культурным з’явам і мастацкім сімвалам Беларусі. І гэта ўсё пададзена праз творчасць  – музычнае, пластычнае і вакальнае асэнсаванне самых агульных і зразумелых паняццяў і з’яў. Бацькаўшчына, ручнік, Купалле, крыніцы, легенды, мястэчкі, Славянскі базар…Пра ўсё гэта маладыя артысты расказалі гледачам мовай музыкі, пластыкі і, вядома ж, сакавітага роднага слова. А гледачы папоўнілі свой багаж новымі ведамі пра традыцыі і абрады, дойлідства, знакамітыя імёны роднай Беларусі.

Форум закончыўся, а работа, на якую ён нацэліў і прафсаюзных лідараў, і журналістаў, толькі пачынаецца.  І галоўны арыенцір гэтай работы – чалавек працы з яго дасягненнямі і праблемамі.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries