Лена Вансовіч.
Залатая медалістка. Рыхтавалася прывітаць удзельнікаў свята ад імя выпускнікоў. Прыкметна хвалявалася.
– Буду здаваць тэсты па фізіцы і матэматыцы. Гэта мае любімыя прадметы. А яшчэ – беларуская мова. На рэспубліканскай алімпіядзе трапіла ў лік лаўрэатаў. Захапляюся Уладзімірам Караткевічам. Вялікі пісьменнік.
Сяргей Яноўскі і Леанід Петух.
Па таму, як шчыра абменьваліся рэплікамі, можна было зразумець: сябры. Альбо добрыя прыяцелі.
Сяргей:
– Любімы прадмет – матэматыка. Вяла Вольга Уладзіміраўна Барысевіч. Добрая настаўніца. Цікавыя ўрокі. У мяне сярэдні бал атэстата – 9. Буду паступаць у БНТУ. І мару звязаць жыццё са спортам. І цяпер гуляю за футбольную каманду горада.
Леанід:
– А я люблю фізкультуру. Настаўніца Таццяна Леанідаўна Газізава яе ў нас выкладала. Гуляю з Сяргеем у адной футбольнай камандзе. А наогул захапляюся і настольным тэнісам, і баскетболам. Збіраюся паступаць у Маладзечанскі музкаледж імя Агінскага. Вучуся ў вілейскай школе мастацтваў па класу духавых інструментаў. Але піяніна, гітара таксама мне не чужыя.
Дзмітрый Шведаў і Яна Дуровіч.
Адказвалі на пытанні разам. І не цяжка здагадацца, чаму:
– Хочам паступаць у лінгвістычны, таму любімы прадмет – англійская мова. А яшчэ мы спяваем. Разам. На школьных вечарах, на ўсіх аглядах і конкурсах.
Дзіма: Хачу быць перакладчыкам.
Яна: я – таксама.
Анастасія Валынец і Вольга Плісецкая.
Не гледзячы на гучнае прозвішча, Вольга танцамі не захапляецца, а вось залаты медаль атрымала. Кім быць – Анастасія канчаткова яшчэ не вырашыла.
Вольга:
– Хімія – мой прадмет. Доследы нават дома раблю. У мяне там цэлая лабараторыя. Яшчэ люблю матэматыку, рускую мову. А паступаць буду ў БДУ на хімфак. Хачу працаваць у вытворчай хімлабараторыі. А магчыма – экспертам у МВД.
Анастасія:
– Будучае для мяне пакуль не вельмі выяўнае. І англійская мова падабаецца, і руская, матэматыка. А яшчэ – геаграфія. Я многа дзе пабыла, дзякуючы маім бацькам. Грэцыя, Балгарыя, Румынія, Германія, Францыя… Падарожнічаць – гэта так цудоўна.