Прыбліжаецца стагоддзе пачатку Першай сусветнай вайны – падзея, якая перакроіла карту Еўропы, панесла мільёны жыццяў. Па традыцыі 11 лістапада лічыцца Днём памяці той вайны – менавіта тады ў 1918 годзе было заключана пагадненне аб спыненні агню на французскім фронце.
Вось чаму не выпадкова, па ініцыятыве Барыса Цітовіча, намесніка старшыні праўлення фонду Памяці Першай сусветнай вайны «Крокі», 9 лістапада, у суботу, адбыўся ўжо чацвёрты традыцыйны аўтапрабег па месцах баёў і воінскіх пахаванняў, прысвечаны 95-годдзю заканчэння вайны. Прыемна адзначыць, што ўдзельнікаў мерапрыемства з кожным годам становіцца ўсё больш, на гэты раз сабралася каля двухсот чалавек: прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый – ДТСААФ, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, Усебеларускага аб’яднанага казацтва, хрысціян-ваеннаслужачых «Вера і доблесць», саюза афіцэраў «Русь адзіная», ваенныя рэканструктары – члены ваенна-гістарычных клубаў: «Эпоха», г. Мінск, «Рубеж», г. Брэст, «Гонар мундзіра», г. Гомель, ваенна-патрыятычнага клуба «Юны дэсантнік», г. Маладзечна, а таксама навучэнцы Вілейскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Нарачанскай і іншых школ.
Пачалася акцыя з наведвання вілейскіх гарадскіх могілак «Лясныя», дзе перапахаваны астанкі рускіх салдат з брацкіх магіл каля вёсак Красны Беражок, Порса, Трапалава, якія загінулі падчас вызвалення Вілейкі ў верасні 1915 года. Тут свяшчэннаслужыцелі Свята-Елісавецінскага манастыра і Сабора усіх Беларускіх Святых айцец Сергій і айцец Віктар правялі ліцію (памінанне загінуўшых). З прывітальным словам да прысутных звярнуўся Барыс Цітовіч, які заклікаў беражліва захоўваць і паступова аднаўляць памяць аб незаслужана забытых героях – воінах рускай арміі, сярод якіх было шмат беларусаў.
Пасля ўскладання вянкоў і кветак аўтакалона накіравалася далей па маршруту. Каля вёскі Порса, па дарозе Мінск – Нарач нядаўна адноўлена яшчэ адна брацкая магіла, у якой пахаваны 12 чалавек – воінаў 27 –га Армейскага корпуса, якія загінулі падчас бою недалёка ад гэтага месца ў верасні 1915 года – аб гэтым паведаміў старшыня грамадскага аб’яднання хрысціян-ваенаслужачых «Вера і доблесць» Андрэй Сёмікаў і выказаў удзячнасць усім тым, хто прыняў удзел у рэканструкцыі і добраўпарадкаванні гэтага месца пад кіраўніцтвам Барыса Цітовіча. Пасля чаго свяшчэннікі правялі памінальную літургію.
Наступны прыпынак – вёска Бараўцы, капліца ў гонар загінуўшых, адноўлена ў 1998 годзе на месцы разбуранай у 1972. Крыж з капліцы доўгі час захоўваўся ў бараўскай царкве. Штогод у ліпені, у дзень Ражства Іаана Прадцечы,мясцовыя жыхары праводзяць Хрэсны ход да капліцы, каб пакланіцца памяці загінуўшым воінам.
У Жарсцвянцы ўдзельнікаў аўтапрабегу, як заўсёды сустракала Ахрэм Яўгенія Іванаўна, якая ўжо на працягу апошніх дзесяці год пражывае адна ў гэтай вёсцы. А ў гады вайны тут размяшчаўся вялізны ваенны лагер «Камарышкі», каля 15 тысяч салдат. Захавалася 13 магіл, ёсць і нямецкія, у 2002 годзе быў пастаўлены шасцімятровы крыж з кіётам і шыльдай. Яго устанавілі курсанты ваенных акадэмій Беларусі і Германіі.
Недалёка ад вёскі Рускае Сяло, яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя знаходзілася царква, побач – могілкі, дзе спачываў прах воінаў рускай арміі. Напачатку 1970-х гадоў у час будаўніцтва дарогі Вілейка – Смаргонь на гэтым месцы ўтварыўся кар’ер, з якога здабываўся гравій. І толькі праз дзесяцігоддзі, агульнымі намаганнямі насыпаны курган, устаноўлены 4-х бетонны крыж з выявай Спаса Нерукатворнага. Пад ім перапахаваны астанкі 64 воінаў, знойдзеныя байцамі 52-га спецыялізаванага батальёна Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь каля вёсак Бараўцы, Прынта і Навасады. Зараз тут мемарыял, вядомы далёка за межамі Вілейскага раёна. Пасля ружэйнага салюта, да прысутных звярнуліся старшыня Вілейскага раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч і кіраўнік грамадскага аб’яднання «Русь адзіная» паэт Міхась Ткачоў, якія выказалі ўдзячнасць арганізатарам і ўдзельнікам гэтай свяшчэннай акцыі і адзначылі яе вялікую важнасць для патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.
У вёсцы Папоўцы ў гады вайны знаходзіўся перавязачны атрад 29 пяхотнай дывізіі 20 Армейскага корпуса 2-й Рускай Арміі. Некалькі год назад на брацкай магіле каля вясковых могілак устаноўлены помнік – крыж з выявай Спаса Неруктворнага, а побач імёны 17 загінуўшых.
У вёсцы Нарач наведалі магілу пратаіерэя Паўла Сасноўскага, забіты ў 1944 годзе разам з сямігадовым Васілём Занкавічам. Абое пахаваны на цвінтары Свята-Ільінскай царквы. Святар быў узнагароджаны ордэнам Святой Ганны 3-й ступені за шчырую службу ў гады 1-й Сусветнай вайны. Запісы з царкоўна-прыходскага летапісу, складзеныя пратаіерэем Паўлам Сасноўскім, яскрава сведчаць пра тыя трагічныя падзеі тут у гады вайны.
Канечны пункт маршруту – вёска Заброддзе, дзе калісьці прымалі на пастой рускіх воінаў, а побач у лесе размяшчаўся прыфранатавы шпіталь, у паходнай царкве якога адпявалі памерлых салдат. Успаміны яшчэ жывых тады сведкаў вайны, захаваныя фотаздымкі і дакументы, архіўныя матэрыялы далі магчымасць аднавіць падзеі той вайны: капліца на месцы дыслакацыі шпіталя, дзе добраўпарадкаваны 89 воінскіх пахаванняў, з якіх – 22 брацкія.
Ва ўрочышчы Равутка на беразе ракі Нарачанка па Высачайшаму благаславенню Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, пабудавана капліца ў гонар благаверных князёў Барыса і Глеба. Аглядаючы месца будоўлі ў жніўні 2002 года, Уладыка Філарэт адзначыў «будучая капліца-помнік павінна з’явіцца звязуючым духоўным стрыжнем памяці аб трагедыях двух войн». Пасля малебна ўдзельнікі прабега азнаёміліся з музейнай экспазіцый, размешчанай у прытворы капліцы.
І па добрай традыцыі закончылася мерапрыемства гарачай гарбатай у палісадзе Памяці.
Шчырыя словы ўдзячнасці Валянціне Фёдараўне ЗАНКЕВІЧ з вёскі Асіпавічы, прыхажанцы царквы свяціцеля Ціхана ў Вілейцы; Вілейскаму філіялу ААТ » Маладзечанскі малочны камбінат»; філіялу «Вілейскі хлебазавод» РУП «Барысаўхлебпрам» і ўсім тым, хто дапамагаў і прыняў удзел у гэтым мерапрыемстве.
Вольга КОЛАСАВА, старшы навуковы супрацоўнік музея
Фота прадстаўлена Сяргеем Ганчаром













