Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Астранаўт» расстаўляе акцэнты

– Вам пасля таго, як робаты паставілі, пэўна, адбою няма ад журналістаў…
– Ды не… Проста на чужых жывёла па-свойму рэагуе, – на маю паўсцвярджальную дапытлівасць дае кіраўнік філіяла «Усходні» Анатоль Апанасевіч дыпламатычны адказ. Робатызаваная ферма ў Крывым Сяле ўзведзена ў рамках мадэрнізацыі малочнай галіны, што на працягу апошніх год маштабна ажыццяўляецца ў рэспубліцы. І ў нашым рэгіёне – таксама. Робаты для Вілейшчыны – пакуль навацыя. Хоць загадчыца МТФ «Крывое Сяло» Алена Іванова і раней была знаёма з гэтым, скажам так, супер сучасным вектарам развіцця галіны. Падкрэслім: менавіта вектарам. Паколькі перспектыву кожны гаспадарнік акрэслівае пад магчымасць уласнай вытворчасці, зыходзячы з арыентацыі на наяўнасць матэрыяльнай базы, людскіх рэсурсаў і шэраг эканамічных складаемых. Хоць не выключаецца і іміджавы акцэнт. Бо менавіта ён працуе на прэстыж прафесіі работніка жывёлагадоўчай галіны. Пра ўсё гэта мы разважаем з Аленай Уладзіміраўнай, прымасціўшыся ў яе цесненькім, але даволі ўтульным кабінеце, на камп’ютарных крэслах. Яны тут не толькі мэблевы атрыбут. З камп’ютарам загадчыца сёння на «ты», як і ветэрынарны ўрач Таіса Шут. На маніторы занатаваны, адпаведна закладзеныя ў праграму, параметры жыццёвага цыклу каровы: інтэнсіўнасць кармлення, рэшткі корму, удоі, чысціня даення… Драбнейшыя нюансы, якія без падобнага памочніка мець проста немагчыма. А пры робатызаваным даенні іх усе трэба ўлічваць. Яны забяспечваюць, як сцвярджае Алена Уладзіміраўна, індывідуальны падыход да кожнай каровы. Камп’ютарная праграма дазваляе здзейсніць поўную дыягностыку яе здароўя, выявіць захворванне на самай першапачатковай стадыі, калі пры візуальным даследванні зрабіць гэта проста немагчыма. Камп’ютар з абсалютнай дакладнасцю выяўляе наяўнасць у арганізме жывёлы саматычных клетак. А гэта ўжо сігнал для ветурача, які пры падобнай дакладнай інфармацыі здольны шэрагам прафілактычных мерапрыемстваў папярэдзіць захворванне.

Дык вось з усімі гэтымі тонкасцямі мая суразмоўца пазнаёмілася падчас працы на аналагічнай робатызаванай ферме ў суседнім Маладзечанскім раёне. Працавала на МТФ «Лебедзева» загадчыцай два з паловаю гады. Хоць сама па прафесіі – інжынер-будаўнік. Нечаканыя ўсё ж віражы чалавечага лёсу. Арыентуючыся на бацьку, будаўніка высокага класа, які некалі ўзводзіў аб’екты рознага прызначэння ў «нашай шаснаццатай братняй рэспубліцы» (так Алена Уладзіміраўна, арыентуючыся на моўны лексікон савецкіх часоў, называе Кубу), яна і выбрала, было, прафесію. Ды, відаць, нейкія гены ўзбунтаваліся, пацягнулі да крутых жыццёвых перамен. Нават, кажа, фермерствам хацела заняцца. Цяпер рэалізуе сябе ў вытворчасці, якая найбольш адпавядае яе асабістым перакананням і ўяўленням аб сваім месцы ў жыцці.
Дзе механізаваная аўтаматычная дойка, там мінімум ручной працы. Вось і на робатызаванай ферме ў Крывым Сяле, акрамя загадчыцы і ўрача, тры аператары. Апошнія выконваюць і слясарныя работы.
– Не завоблачныя тут тэхналогіі і ўсё ж разлічаны на людзей з паняццем, – лічыць Алена Іванова. – Пэўная эрудыцыя, кругагляд аператару неабходны. Тэхніка надзвычай да гэтага чуйная.
– Алена Уладзіміраўна, – нашу размову перапыняе Анатоль Новаш, адзін з трох аператараў, пра якіх так годна адгукаецца загадчыца. – У вас ёсць ручка з чырвонай пастай? І пакуль кіраўнік перабірае наяўныя пісьмовыя прыналежнасці, тлумачыць мне, як недасведчанай у гэтай справе: «Мы з ветурачом хочам прайсціся па спіску, памеціць кароў. Тых, што пралечаны». Аказваецца, колькі нюансаў хавае ў сабе тэхніка догляду жывёлы ў яе сучасным выкананні. Безумоўна, калі жывёлаводы сумленна адносяцца да сваіх абавязкаў…
У стойлавым памяшканні каровы на бяспрывязным утрыманні. Звыкшыся са свабодай, доўгіх прагулак не прадпрыймаюць. Але, падуладныя інстынкту, перыядычна цягнуцца да сістэмы «Астранаўт-4». Тут іх чакае заахвочванне за малакааддачу ў выглядзе пажыўнага кармавога стала.
А для паўнаты ўражанняў, на развітанне, – сустрэча з самымі юнымі насельнікамі фермы. Цяляты, задаволеныя кормам і цеплынёй клапатлівых рук даглядчыц, прыснулі ў доміках халоднага дарошчвання. Але чуйна зрэагавалі на з’яўленне старонніх. Як тут не ўспомніць словы Анатоля Апанасевіча наконт асаблівасцей падобных візітаў? Адхінуўшы полаг пластыкавага міні-жытла, у праёме з’явілася цікаўная мордачка, асцярожная, гатовая ў выпадку чаго нырнуць ва ўтульную бяспеку свайго надзейнага прытулку. Гэта і ёсць будучы патэнцыял фермы, аб якім сёння пільна дбаюць крывасельскія жывёлаводы.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Алена Іванова, загадчык фермы “Крывое Сяло”
Аператар Анатоль Новаш

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries