Чым тлумачыцца няспынная цікавасць археолагаў да Ільі? Такое пытанне могуць задаць як самі ільянцы, так і некаторыя віляйчане, якія кожны год бачаць у ваколіцах мястэчка людзей, што нешта капаюць, ператрасаюць і замалёўваюць. Каб даведацца адказ на гэта пытанне, мы пагутарылі з Палінай Курловіч-Бяляўскай, навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкам кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
– Паліна Сяргееўна, вы ўжо які год запар прыязджаеце на Вілейшчыну ў якасці кіраўніка археалагічнай экспедыцыі. Якія аб’екты вы даследуеце і што цікавага пра знаходкі можаце распавесці нашым чытачам?
– Так, сапраўды, у гэтым годзе прайшлі ўжо трэція па ліку археалагічныя раскопкі ў Ільі на тэрыторыі былой гуты (шкларобчай мануфактуры) другой паловы 18 – пачатку 19 стагоддзяў, што адбываліся з 4 па 24 ліпеня. Нягледзячы на складаныя ўмовы працы і не заўсёды добрае надвор’е, вынікі даследаванняў атрымаліся вельмі цікавыя. Археалагічныя помнікі, да якіх належыць і Ільянская гута, неабходна даследаваць шырокай плошчай, каб была зразумелая структура ўсіх аб’ектаў, з вялікай колькасці якіх і складаецца мануфактура. У 2017 годзе раскопкі праводзіліся на тэрыторыі ў 180 квадратных метраў,і мы змаглі канчаткова вызначыць будову помніка. Наогул, знаходкі 2017 года надзвычай цікавыя. Была таксама канчаткова вызначана каляровая гама ільянскага шкла. Натуральны колер яго быў зялёны, а для надання празрыстасці і фарбавання дадаваліся разнастайныя дамешкі. Асабліва прыгожа выглядаюць сінія, блакітныя і ружова-фіялетавыя кілішкі і бутэлькі з прамакутным тулавам – штофы. Сценка аднаго кілішка аздоблена гравіроўкай, што сведчыць пра высокі мастацкі ўзровень мясцовых майстроў. А ў адным месцы выяўлены амаль цэлы празрысты бясколерны збан.
Знойдзена была таксама вялізная колькасць керамікі. Некалькі пасудзін захаваліся амаль цалкам. Упершыню ў Ільі выяўлены і фрагменты з арнаментам. Некаторыя керамічныя вырабы датуюцца раней, чым тут існавала шкларобчая вытворчасць – 16 стагоддзем.
Сярод цікавых знаходак з металу неабходна адзначыць цэлыя шчыпцы, якія маглі выкарыстоўвацца падчас фармоўкі вырабаў, серыю рыбалоўных кручкоў, выраб, які нагадвае наканечнік стралы, жалезны нож, маленькі медны пярсцёнак і інш. Даціроўка дзейнасці мануфактуры пацвярджаецца дробнымі манетамі Рэчы Паспалітай і Расійскай Імперыі, адчаканенымі ў другой палове 17 – сярэдзіне 18 стагоддзяў.
– А можаце распавесці, што прадстаўляла сабой Ільянская гута? І чым са старажытнай гутай звязаны быў, знакаміты кожнаму віляйчаніну “Шклозавод Залессе”?
– Размяшчалася Ільянская гута на паўднёвым ускрайку мястэчка Ілья, што мае назву «Старая Гута» (цяпер вуліца Багатырова). Гэта назва – памяць пра даўнюю шкларобную гуту, пра мясцовую вытворчасць шкла. Ільянская гута была заснавана графамі Салагубамі і належала да ліку магнацкіх прадпрыемстваў, на якіх працавалі прыгонныя сяляне. Галоўнай прадукцыяй Ільянскай гуты быў сталовы і аптэчны посуд. Другое па колькасці месца займалі пітныя шклянкі і келіхі з вертыкальнай рабрыстасцю. Выраблялі ў гуце і аконнае шкло, якое было хоць і зеленаватае, але даволі тонкае. Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі, маёнткі Салагубаў былі канфіскаваны, а Ільянская гута была перададзена графу Салтыкову. Выкарыстоўваючы вялікі расійскі рынак, мануфактура значна разгарнула сваю вытворчасць. Напрыклад, у 1800 годзе тут было выраблена 11 тысяч графінаў, квартаў, больш за 3 тысячы кілішкаў, 2 тысячы шклянак і тры скрыні ліставога шкла. З часам, калі спустошваліся навакольныя лясы, гута пераносілася ў іншыя месцы. Так, у 1815 годзе Ільянскую гуту размясцілі ў пушчы каля вёскі Стражы (цяпер вёска Новая Гута). У другой палове 19 стагоддзя яе перанеслі ў маёнтак Залессе (зараз пасёлак Партызанскі), дзе яна размяшчалася яшчэ і ў савецкі час.
Па выніках сёлетніх раскопак стала вядома, што цэнтр гуты (ад нямецкага “нutte” – “плавіць”) уяўляла сабой складзеная з гліны печ. Паабапал яе змяшчаліся адмысловыя, выкладзеныя з цэглы і камянёў камеры для плаўкі шкла і састывання гатовых вырабаў. Рабочая прастора (падлога) прадпрыемства была выкладзена глінай, якая дадаткова была ўмацаваная цэглай. Разбор часткі падлогі паказаў, што такая магутнасць яе канструкцыі была выклікана вытворчай неабходнасцю. Першапачаткова падлога была танейшая і меншая па плошчы. Высокая пажаранебяспечнасць шкларобства прывяла да пажару, пасля якога гутнікі ўжо ўзвялі больш трывалую канструкцыю. А ў слоі пажарышча былі знойдзены тры шклянкі, змешчаныя адна ў адной, якія, верагодна, выратаваць не паспелі.
Ільянская гута змяшчалася на беразе невялікага (шырынёй каля 5 метраў) вадаёма. Тут нават вадзілася рыба, аб чым сведчаць шматлікія знаходкі рыбалоўных жалезных кручкоў. Частка печы, якая знаходзілася бліжэй за ўсё да вады, была дадаткова ўмацавана каркаснай драўлянай канструкцыяй і вялікімі камянямі. Смецце скідвалася ў ваду. У профілях раскопу добра бачна, як над смеццем паспявала адкласціся раслінная праслойка. У адным месцы выразна прасочваюцца сляды рамонту, які, магчыма, стаў наступствам пажару.
– А чаму менавіта такая цікавасць да Ільянскай гуты? Калі не памыляюся, раскопкі ў Ільі ўжо праводзіліся ў 1980-я гады Міхасём Чарняўскім.
– Неабходна адзначыць, што даследаванні Ільянскай гуты – першыя на тэрыторыі Беларусі мэтанакіраваныя раскопкі буйных вытворчых комплексаў – магнацкіх мануфактур. Большасць атрыманай інфармацыі з’яўляецца абсалютна новай для навукі. Яна дазвяляе асвятліць шматлікія “белыя плямы” сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі.
Сапраўды, першыя археалагічныя даследаванні дадзенай тэрыторыі праводзіліся ў 1982 годзе Міхасём Чарнаўскім, які за 20 метраў на захад ад сучаснай вуліцы Багатырова, на шырокай і роўнай лугавіне, вызначыў невялікі авальны ўзгорак вышынёй да 1,5 метраў і памерамі 35х50 метраў. На тым пагорку, які раней штогадова разворваўся пад агароды, на паверхні бульбянішча была выяўлена вялікая колькасць плаўленага шкла і шклістай масы, дробныя фрагменты шклянога посуду і аконнага шкла, а таксама абломкі глінянага начыння. На паўднёвым схіле ўзгорка была выяўлена таксама і бітая цэгла. Пры раскопках было знойдзена і шмат зліткаў шкляной масы.
– Хто прымаў удзел у раскопках гэтага года, і як падобныя работы наогул арганізоўваюцца?
– Першыя два сезоны археалагічных даследаванняў у Ільі праводзіліся пры дапамозе валанцёраў, якія добраахвотна і самааддана працавалі на карысць беларускай археалогіі. У 2017 годзе ажыццявіць археалагічныя раскопкі дапамог гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які накіраваў сюды групу студэнтаў 1 курса для праходжання практыкі. Студэнты надзвычай якасна і з вялікім энтузіязмам працавалі тры тыдні на раскопе, а таксама пераадольвалі ўсе складанасці пражывання ў намётавым лагеры. А для валанцёраў раскопкі ў Ільі сталі ўжо добрай традыцыяй. У выніку ўсе ўдзельнікі экспедыцыі вярнуліся ў Мінск з вялікай колькасцю новых, дагэтуль невядомых гістарычных фактаў, а таксама вельмі цёплымі і прыемнымі ўспамінамі.
Безумоўна, вельмі складана правесці археалагічныя раскопкі і арганізаваць побыт для ўдзельнікаў экспедыцыі без дапамогі мясцовых жыхароў. Традыцыйна даследаванні праводзіліся пры падтрымцы мясцовых уладаў. Вялікую дапамогу здзейсніла Ільянскае лясніцтва, на тэрыторыі якога змяшчаўся намётавы лагер – база экспедыцыі. Вельмі ўдзячныя ўсе ўдзельнікі раскопак сям’і Філіповічаў, А.Г. Кульгаваму і ўсім неабыякавым жыхарам Ільі.
Сяргей ГАНЧАР
Фота і матэрыял прадстаўлены
Палінай Курловіч-Бяляўскай