Гады, гады, пастойце, не ляціце… А яны імчаць, і няўмольна, безупынна ляціць жыццё. I вось ужо на парозе сямідзясятая вясна Вялікай Перамогі. Падзеі мінулай вайны сталі незабыўнай гісторыяй. Але цікавасць да падзей таго часу не згасае. Кожнае пакаленне па-свойму асэнсоўвае вынікі і ўрокі вайны. Яно хоча ведаць усю праўду пакутлівых трагічных і гераічных дзён барацьбы, жадае ўсвядоміць, чаму Перамога каштавала такіх вялікіх ахвяр.
Я пазнаю дзяцей гадоў ваенных
Па ранняй сівізне і па вачах,
Дзе ў глыбіні хаваецца адценне
Пажараў, смерцяў, боль, пакуты, жах.
Г. Новік
Памяць аб трывожных днях вайны не згасае ў тых, хто зведаў пакуты, боль, жах, хто на свае вочы бачыў вайну.
Рады ветэранаў радзеюць, многіх удзельнікаў ваеннага ліхалецця ўжо няма сярод жывых. Сёння мы, дзеці вайны, апошнія сведкі тых трагічных дзён. За намі больш нікога. Мы таксама ўжо немаладыя, многія сталі інвалідамі. Вайна пакалечыла нас, адабрала дзяцінства, маладосць, здароўе. Пазнаўшы здзекі, прыніжэнне, пакуты, мы цэнім кожны дзень мірнага жыцця, бо лёс дараваў нам яго, каб помніць. Помніць, што ў віры крывавай вайны загінула 13 мільёнаў нашых аднагодкаў; помніць, што 1 мільён 400 тысяч чалавек было знішчана мірных жыхароў Беларусі; помніць, што на тэрыторыі Беларусі існавала 260 канцлагераў і іншых месц прымусовага ўтрымання мірных жыхароў. Помніць і расказваць новым пакаленням, чаго каштавала нашаму народу Перамога.
70 год мы жывём пад мірным небам, але ў нашых сэрцах назаўсёды застаўся боль, пакінуты вайной.
У Вілейскім раёне сёння жыве 106 былых вязняў, што зазналі смак фашысцкай няволі. Многія былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію, былі за кратамі канцлагераў, зазналі сіроцтва, голад, здзекі. Успамінаючы гэтыя жудасныя старонкі свайго жыцця, мы не можам маўчаць. Пакуль можам хадзіць, гаварыць, пакуль не здраджвае памяць, мы павінны расказваць, што такое вайна, якія страты нясе яна людзям.
У 2010 годзе ў Вілейцы мы заснавалі клуб «Дзеці вайны». Членамі яго сталі тыя, хто страціў бацькоў у час вайны, хто быў непаўналетнім вязнем. У клубе сёння 15 чалавек. Гэта людзі рознага ўзросту, розных прафесій: настаўнікі, медыкі, рабочыя, бібліятэкар, але ўсіх нас аб’ядноўвае адно – патрыятычнае выхаванне моладзі. У гэтым годзе мы адзначаем свой маленькі юбілей – пяць год. Невялікі тэрмін, а колькі зроблена карысных спраў! Мы наведалі ўсе школы горада, пабывалі ў многіх школах раёна. Асабліва запомнілася сустрэча з вучнямі сёмага класа ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Вілейкі». Тэма сустрэчы: «Дзеці вайны пасля вайны». Нялёгкімі былі для нас і пасляваенныя гады. Голад, нястачы, хваробы нібы навечна зрадніліся з намі. У школах не хапала кніг, настаўнікаў. Класы былі ў хатах, якія ацалелі пасля вайны. Але мы не разгубіліся на дарогах жыцця. Мы стараліся вучыцца, верылі ў лепшае будучае. Асабліва крануў вучняў расказ Ліліі Мароз. Зусім маленькай, яна страціла бацькоў, трапіла ў нямецкі горад Гузум у фашысцкае рабства, а Чыжэўская Валянціна на ўсё жыццё запомніла ружы, якія калолі яе рукі. Фермер прымушаў дзяўчынку вязаць іх у пучкі. Я, аўтар гэтых радкоў, была ў канцлагеры Віцебска «Пяты полк».
Наша жыццё – гэта подзвіг, таму што мы выжылі, засталіся людзьмі. Цяжкія ўспаміны туманяць не толькі нашы вочы, але і вочы нашых маленькіх слухачоў. I гэта не выпадкова. Тут ёсць музей Вялікай Айчынай вайны (кіраўнік А. Л. Дубовік), дзе сабраны багаты матэрыял аб непаўналетніх вязнях. Цікавыя экспанаты аб першым злёце дзяцей вайны, які адбыўся 6 студзеня 1989 года ў Мінску. 400 былых вязняў са слязамі ўспаміналі расстралянае вайной дзяцінства. I калі б сёння аб’явілі мінуту маўчання па кожным загінуўшым, дык краіна маўчала б 32 гады.
Кожная сустрэча – сапраўдная падзея. Сустрэчы з ветэранамі вайны, з хворымі бальніцы сястрынскага догляду, з інвалідамі Куранецкага інтэрната – гэта ўсё вялікая і патрэбная праца. Гэта яны, састарэлыя, хворыя людзі сёння, былі сведкамі ліхалецця, дапамагалі партызанам, дзяліліся апошнім кавалкам хлеба. А пасля вайны адбудоўвалі разбураную вайной краіну. Хіба ж можна сёння быць абыякавымі да іх лёсу!
Члены клуба выступаюць з канцэртамі ў вёсках, спяваюць у хоры ветэранаў і вакальнай групе «Надзея». Мы ўзначалілі валанцёрскі рух на Вілейшчыне. Наведваючы літаратурную гасцёўню «Даменанта душы», сустракаемся з паэтамі роднага краю, знаёмімся з навінкамі беларускай літаратуры, выпусцілі рукапісны зборнік вершаў «Яшчэ не позна». Праводзім сумесныя дні адпачынку, прымаем удзел у цікавых экскурсіях, наведваем канцэрты, групу здароўя.
Усё гэта дапамагае жыць, змагацца з хваробамі, цаніць радасць кожнага мірнага дня. Вось толькі ўспаміны… Памяць не дае спакойна спаць. Жыццё як шматсерыйны фільм круціць старонкі перажытага. Яна, гэта памяць, патрабуе свята захоўваць гісторыю народа, перадаваць з пакалення ў пакаленне як нязгасны факел вялікую любоў да свайго народа, да сваёй Радзімы.
Антаніна Гарчакова, член клуба «Дзеці вайны»








