Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Аплодировали стоя: в Вилейке состоялся арт-проект «Три тенора»

17 красавіка ў Вілейскім Палацы культуры з новай праграмай «Тры тэнары» выступіў Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам нашага земляка Міхаіла Казінца.

У сэрцах вілейскага гледача высокае мастацтва заўжды знаходзіць водгук, бо наша публіка асаблівая: віляйчане ўзгадаваны на канцэртах камернай музыкі, харавога мастацтва, што давалі яшчэ ў 1980-я ў зале мастацтваў імя Сілівановіча ў цяперашнім касцёле высокамастацкімі праграмамі нашага земляка, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча, народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца, нашага земляка кампазітара Леаніда Левановіча, нашых суайчыннікаў, найбагацейшай спадчыне самадзейных вясковых спевакоў і музыкаў з народа. Адным словам – вілейскі глядач падрыхтаваны. Таму і чарговы канцэрт Нацыянальнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча з новай праграмай «Тры тэнары» прайшоў у Вілейцы на біс.

Цудоўныя мужчынскія галасы, поўныя драматызму, якія спяваюць сусветныя шэдэўры опернай музыкі, рускага раманса, беларускай і ўкраінскай народнай песні ў суправаджэнні аркестра, з жывым гукам – задавальненне для сапраўдных меламанаў. Колькі гадоў таму тры вялікіх тэнары – Пласіда Дамінга, Хасэ Карэрас і Лучана Павароці – здзейснілі свайго роду рэвалюцыю. Дзякуючы прыкладу гэтай вялікай тройкі, кіраўнік беларускага праекту Уладзімір Куксянкоў загарэўся ідэяй стварэння свайго калектыву. У 2015 годзе ён ажыццявіў гэтую ідэю, запрасіўшы да супрацоўніцтва Івана Бярэзіна і Сяргея Падавалава. У кожнага саліста арт-праекта «Тры тэнары» свой непаўторны тэмбр голасу, своеасаблівая выканальніцкая манера і акцёрскі тэмперамент. Дарэчы, Уладзімір Куксянкоў таксама добры знаёмы музычных вечароў у нашым горадзе. Ён стваральнік і кіраўнік ансамбля «Бацька атаман», дзе спявала наша зямлячка Наталля Салава, якую апладысментамі ўзгадалі віляйчане разам з аркестрам, у якім яна таксама нязменна саліравала.

Праграма вечара была вельмі высокамастацкай і цікавай. «Гэта трэба было чуць ўжывую», – дзяліліся сваімі ўражаннямі многія гледачы, выходзячы з залы і тэлефануючы сваім блізкім і знаёмым, пад уражаннем праслуханага канцэрта.

– Дарагія землякі, мне заўжды вельмі адказна прыязджаць на сваю малую радзіму, – адзначыў у сваім зваротным слове да віляйчан Міхаіл Казінец. – Кожны раз, прывозячы новую праграму, я хвалююся, а ці прыме яе мой галоўны глядач – віляйчане. Аднак вашы шчырыя апладысменты доказ таму, што і на гэты раз праграма прыйшлася даспадобы.

Кожны канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам нашага земляка Міхаіла Казінца – гэта свята. Свята, напоўненае цудоўнай музыкай, спевамі і нязменна сюрпрызамі. Вось і на гэты раз іх было нямала. Толькі выхад на сцэну аднаго з самых вядомых канцэртуючых цымбалістаў Еўропы Міхаіла Лявончыка чаго каштаваў. Выступленне маладога віртуоза на сцэне ў Вілейцы ўдвая прыемна, бо яго карані з Вілейшчыны, а бацька музыканта Аляксандр Лявончык таксама знакаміты беларускі цымбаліст і ўдзельнік Нацыянальнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча.

– Віляйчане заўжды з хваляваннем і вялікай пяшчотай чакаюць Вашага прыезду разам з аркестрам у наш горад, – адзначыў старшыня Вілейскага райвыканкама Алег Бегунец са сцэны. – Вялікі дзякуй за цудоўны вечар і падараванае сапраўднае свята вялікага мастацтва нам сёння.

А на развітанне Міхаіл Казінец паабяцаў, што хутка прыедзе да нас зноў з новай і не менш цікавай праграмай. Чакаем Вас, паважаны маэстра!

Сяргей ГАНЧАР/Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 150 queries