Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Апазіцыя прадбачыць сваё паражэнне

Апазіцыя адмаўляецца ад удзелу ў выбарах, таму што прадбачыць сваё поўнае паражэнне. Такую думку выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў.

«Яны цудоўна разумеюць, што на выбарах іх ніхто не падтрымае. А хоць неяк хочацца захаваць твар – вось і пачынаюць балбатаць пра тое, што выбары ў нас, нібыта, недэмакратычныя, змяненні ў выбарчае заканадаўства – дэкаратыўныя, і да таго падобнае», – сказаў беларускі лідэр.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ледзь не ўсе цяперашнія апазіцыйныя лідэры Беларусі раней падтрымлівалі яго палітыку. «У мяне, хоць я таксама выйшаў з апазіцыі, ёсць вялікія адрозненні ад цяперашніх беларускіх апазіцыянераў. Я ніколі не выступаў супраць сваёй краіны. Я крытыкаваў уладу, змагаўся з недахопамі, мяне білі, тапталі, крышылі, але я заўсёды змагаўся за сваю краіну, за інтарэсы грамадзяніна, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Цяперашняя ж апазіцыя змагаецца выключна за свой дабрабыт. Ім не важна, каму служыць – Захаду або Расіі, толькі б плацілі».
Аляксандр Лукашэнка расказаў аб тым, што, паводле прадстаўленай яму інфармацыі, аказалася, што асобныя празаходнія апазіцыйныя журналісты, атрымліваючы гранты з Захаду, адначасова працавалі на Маскву. «Мне прадставілі такую іх цытату са зваротаў да Расіі: «Не верце Лукашэнку, патрабуйце ад яго, каб ён выйшаў з «Усходняга партнёрства». Толькі тады, калі ён дасць на гэта абяцанне, прадаўжайце з ім нармальны дыялог», – прывёў прыклад Прэзідэнт. «Уяўляеце, празаходнія журналісты, якія жывуць на заходнія гранты, рэкамендуюць Расіі настойваць на выхадзе Беларусі з еўрапейскага інтэграцыйнага праекта!» – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Вось сутнасць гэтых людзей, – сказаў ён. – Сёння ў іх самы галоўны галаўны боль – Захад адмаўляецца даваць ім грошы. А калі грошай не даюць, значыць, на выбары не пойдзем».
На думку Прэзідэнта, сучасным апазіцыянерам у Беларусі і не асабліва патрэбна ўлада, бо ўлада – гэта адказнасць. «Напрыклад, калі я пастаянну езджу па краіне – ад Верхнядзвінска да Камарына, дык і ім жа, калі яны прыйдуць да ўлады, давядзецца рабіць тое ж самае, давядзецца працаваць. Бо інакш народ будзе параўноўваць і скажа: дык вы працуеце ў дзесяць разоў горш за свайго папярэдніка», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «Таму ім прасцей крычаць, пакуль ім Захад падкідвае хоць нейкія грошы. Вось яны і жывуць на гэтыя грошы, і нядрэнна жывуць», – рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама дадаў, што, калі апазіцыянеры прыйдуць да ўлады, ім непазбежна давядзецца разлічвацца са сваімі замежнымі спонсарамі за аказаную ім падтрымку. «Чым разлічвацца?.. Прадпрыемствамі, зямлёй. Беларускаму народу гэта трэба? Не, не трэба. Вось таму яны цудоўна разумеюць, што людзі за іх галасаваць не будуць», – адзначыў Прэзідэнт. Таму яны і абвінавачваюць кіраўніцтва краіны ў недэмакратычнасці выбараў і іншым, адмаўляючыся ад удзелу ў выбарчым працэсе. «А дарэмна! Ідзіце на выбары, змагайцеся, даказвайце, што вы нешта можаце. Але даказвайце гэта справамі. Прайшлі ўжо тыя часы, калі народ прыслухоўваўся да пустых крыкаў», – заявіў беларускі лідэр.
БелТА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 183 queries