Уначы сыпаў і сыпаў снег, а пад раніцу суцішыўся. Кожны, хто ішоў уранні па вуліцы, убачыў самыя першыя сляды – ад хаты дзеда Максіма да суседскай. «Пайшоў чалавек снедаць», – заўважаюць вяскоўцы. Ды і хіба толькі снедаць… Чалавек пайшоў ад адзіноты.
Адносіны гэтых пенсіянераў – бабулі Веры і дзядулі Максіма – некаму могуць падацца дзіўнымі, а мяне кранулі сваёй чалавечнасцю.
Усё сваё жыццё яны пражылі ў суседстве. Сябравалі сем’ямі, дапамагалі адно аднаму, дзеці іх раслі разам. Ды калі тое ўсё было… А пасля памёр муж бабулі Веры. Гадоў з дзясятак жыла адна. Да тае пары, як пайшла з жыцця суседка, пакінуўшы свайго Максіма ўдаўцом. З паўгода пенсіянер быў адзін, спраўна ўпраўляўся з хатай і агародам, а пасля здаўся.
– Аднаму ў хаце нялёгка, – прызнаўся тады дзецям. – Мне не цяжка і есці сабе зварыць, і адзежыну памыць, ды і сацыяльны работнік заўсёды дапаможа. А вось без чалавека побач усё ж дзіка…
Тыя бацьку зразумелі і, доўга не разважаючы, прапанавалі на выбар варыянты: ці пераехаць жыць да іх, у горад, ці… аб’яднаць сваю адзіноту з адзінотай бабулі Веры – а ўсё ж весялей будзе (а гэта яны загадзя абгаварылі з дзецьмі суседкі). Варыянт стаць гараджанінам дзядуля адмёў адразу – нікуды, маўляў, са сваёй хаты не паеду. А вось наконт суседкі прызадумаўся, а пасля засумняваўся: ці згадзіцца на гэта яна, жанчына строгая і сур’ёзная.
Бабуля Вера напачатку і сапраўды замахала рукамі. Яшчэ чаго, маўляў, не хапала на старасці гадоў.
– Дык жа не жаніцца вам прапаноўваем, а проста падтрымліваць адно аднаго, болей часу праводзіць разам, – аргументавалі дзеці.
Адмахнулася толькі пенсіянерка. І невядома, чым бы ўсё закончылася, каб дзед Максім не захварэў. Трапіў у бальніцу, а калі прыйшоў час выпісвацца, наадрэз адмовіўся ехаць да дачкі – толькі дамоў. Што ж зробіш, давялося прыслухацца. Папярэдне патэлефанавалі бабулі Веры, і дзядулю сустрэлі цёпла напаленая хата і смачны абед. З таго часу суседка наведвалася да хворага разоў некалькі на дзень: то нешта смачнае прынясе, то дапаможа разабрацца з лекамі, а то і проста так – наведаць, пагаварыць і разам пасядзець ля тэлевізара. А калі дзед Максім акрэп, то і сам пачаў хадзіць да бабулі Веры. Непрыкметна яна пачалі разам снедаць, пасля – абедаць, вячэраць. А за сталом і размовы знаходзяцца, успаміны наплываюць, бо нарадзіліся і ўсё жыццё пражылі ў адной вёсцы, і агульных тэм для размоў хоць адбаўляй.
Трэці год жывуць вось так старыя: з раніцы да вечары разам, а начаваць – кожны ў сваёй хаце. З’ехацца ў адной? А навошта? У кожнага з нас, аргументуе бабуля Вера, свае дзеці-унукі, якім бацькоўская хата дарагая. Няхай і застаецца ўсё так, як ёсць. Бо бацькаўшчына яна і ёсць бацькаўшчына.
Ірына БУДЗЬКО








