Першыя асацыяцыі, якія звычайна ўзнікаюць пры слове «вайна», у нас прыкладна аднолькавыя: фронт, баі, ворагі, смерць, боль, партызаны… Іх можна працягваць вельмі доўга. І сярод гэтага пераліку абавязкова будуць словы «чалавечнасць», «міласэрнасць» і «братэрства». Гэтыя лепшыя рысы нашага народа праяўляліся і на полі бою, і ў партызанскіх атрадах, і ў глыбокім тыле, дзе людзі жылі водгаласкамі тых жахлівых падзей.
Калі пачалася вайна, маёй матулі ішоў восьмы год. Дзіцячая памяць захоўвае многія эпізоды з таго грознага часу: як у вёску прыехалі фашысты і зладзілі тут вечарынку; як па гасцінцы ворагі гналі нашых палонных, і вясковыя жанчыны стараліся перадаць знясіленым і галодным салдатам кавалачак хлеба ці якую бульбіну; як усёй вёскай праводзілі сваіх мужчын на фронт, і жанчыны, ідучы (хтосьці апошні раз у жыцці!) побач з мужамі, сынамі, бацькамі, галасілі…
А яшчэ мама памятае, як у іх маленечкую вёсачку з двух дзясяткаў двароў прывезлі бежанцаў са Смаленшчыны. Ратаваліся людзі ад страшнай вайны. Сем сямей з дзецьмі размясціліся ў большых вясковых хатах, і гаспадары з першага ж дня прынялі гэтых людзей, падзяліліся ўсім тым, што мелі самі.
– У нашай хаце размясцілася сям’я з чатырох чалавек – маці і трое дзяцей, – прыгадвае матуля. – Іх муж і бацька быў на фронце. Памятаю, што была зіма, людзі гэтыя прыехалі з пустымі рукамі. На шчасце, у нас былі бульба ды гарох, тым і харчаваліся ўсе разам. На наступны год бежанцы ўжо і самі пасадзілі агароды, і людзям дагамагалі ва ўсіх гаспадарчых справах – так і жылі. Мы вельмі пасябравалі з сярэдняй дачкой прыезджых – з Дунькай, сувязь з якой трымалі ўжо і дарослымі. А яшчэ памятаю, як вярнуўся з фронта галава гэтай сям’і – Несцер. Чалавек быў талковы, франтавік, ён пазней стаў у нас брыгадзірам. Доўга жылі гэтыя бежанцы ў нас, ужо сваімі сталі, а пасля ўсё ж пацягнула іх на радзіму. Пазней пісалі, як склалася іх жыццё на роднай зямлі.
Смаленшчына. Яна ў ліку першых прыняла на сябе ўдар фашыстаў, тут вяліся жорсткія баі, якія назаўсёды засталіся ў гісторыі. За два гады акупацыі вобласці фашысты спалілі тут больш за пяць тысяч вёсак (многія былі спалены, як і наша Хатынь, разам з жыхарамі).
Цяжка ўявіць, што перажылі ў той час жыхары тых гарадоў і вёсачак, якім пашчасціла выжыць і шукаць паратунку далёка ад родных мясцін. Вось і невялічкая беларуская вёсачка Путрычы, як і многія-многія іншыя, прыняла бежанцаў як родных, дала ім дах над галавой, карміла, сагравала, клапацілася. Інакш не магла і не ўяўляла, бо ўсе ж мы – людзі, а вайна – агульнае гора.
Ірына БУДЗЬКО