Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

А што там, у «Святліцы»…

Нядаўна мы ўжо пісалі ў нашай газеце пра калядную сустрэчу настаўнікаў-ветэранаў. На жаль, у адным сказе нейкім чынам выпала маленькае слова «не» і атрымалася, што мы як бы недаацанілі жыццё вясковых настаўнікаў. Сёння хачу расказаць, як насычана і цікава жывуць у вёсцы Вязынь.
Сёлета зіма да нас не спяшаецца. А ў той дзень, калі сябры «Літаратурнай гасцёўні», якую ўзначальвае Антаніна Іванаўна Гарчакова, сабраліся ехаць да аднадумцаў у Вязынь, бялюткі снег пакрыў зямлю і ўпрыгожыў дрэвы. Тым самым падняў нам настрой і ўзбадзёрыў.

З валанцёрскай групай «Святліца», якая ўжо працуе пяць гадоў, многія з нас даўно знаёмыя. Прыемна было сустрэцца з такімі шчырымі, гасціннымі, цікавымі людзьмі, якіх арганізавала вакол сябе абаяльная, разумная Філістовіч Раіса Канстанцінаўна. Сустрэча пачалася з віншавальных песень «З Новым годам!» і «Рождение Иисуса Христа». Усё дзеянне адбывалася ў сценах сельскай бібліятэкі. Тут гаспадарыць маладая таленавітая жанчына – Алена Іванаўна Бабарыка. Яна таксама ўлілася ў валанцёрскую справу. Мы слухалі яе вершы, яе песні. Вельмі спадабаліся. Вяла сустрэчу Раіса Філістовіч. З яе расповяда мы даведаліся аб іх мерапрыемствах. Яны разнастайныя, прадуманыя. Валанцёры Вязыні клапоцяцца аб душы чалавека, аб здаровым ладзе жыцця сваіх аднавяскоўцаў, праяўляюць увагу да нямоглых людзей. На гэтую сустрэчу запрасілі былую культработніцу Філістовіч Маю Сцяпанаўну і павіншавалі яе з юбілеем (75 год). А яшчэ ў студзені дзень нараджэння загадчыцы бібліятэкі Алены Бабарыка. Назіралі своеасаблівы спосаб уручэння падарункаў. Раіса Канстанцінаўна прысвяціла верш-віншаванне, у якім былі занатаваны падарункі. Імянінніца прымала гэтыя рэчы ў кошык з накрыўкай.
Пачулі мы і чароўнае сапрана Северыной Дануты Станіславаўны, якая вярнулася ў родную вёску з Мінска. Яна спявала беларускія народныя песні.
Паколькі прыезжыя былі з «Літаратурнай гасцёўні», то, вядома, гаспадары чыталі свае вершы рознай тэматыкі і расказвалі аб сабе. Мы з задавальненнем слухалі Вараб’ёву Любоў Фёдараўну, Кіслую Раісу Андрэеўну. Гучалі шчырыя словы аб Беларусі, аб роднай мове, маці, родных мясцінах. Валанцёры любяць людзей не толькі сваіх, але і чужых. А іх дзеці і ўнукі любяць іх, прысвячаюць ім свае вершы. Такія прысвячэнні чыталі Траццякова Любоў Аляксееўна, Пакладок Таіса Вікенцьеўна, Нарэйка Вольга Васільеўна.
Раіса Філістовіч вельмі адораная, шмат піша. Вершы прысвечаны розным знамянальным датам, членам сям’і, роднай зніклай вёсцы Рыбчына… Слухаць ды слухаць бы яе!
Цікавай была выстава, дзе знайшлі месца надрукаваныя вершы і матэрыялы праведзенай работы валанцёраў.
Гутарка прадоўжылася за кубачкам гарбаты. Тут ужо віляйчане чыталі свае вершы, байкі, сур’ёзныя і гумарыстычныя. Артыстычна рабілі гэта Гарчакова Антаніна Іванаўна, Крупская Зінаіда Васільеўна, Лазовік Марыя Віктараўна, Манцэвіч Барыс Флоравіч. Гумар аб’ядноўваў усіх за сталом. І, увогуле, госці адчувалі сябе так, быццам сабраліся дома, са сваімі роднымі і сябрамі. Шкада было развітвацца. Але нас чакаў аўтобус.
Тое, чым жывуць валанцёры Вязыні, якія гэта людзі, мы ўбачылі на свае вочы. Хоць самі актыўныя, хочам сказаць, што ў іх можна павучыцца. Сустрэча ўзаемна нас абагаціла.
На свята Вадохрышча па тэлебачанні слухала слова Мітрапаліта Паўла, які сказаў: «Дела добра и милосердия должны быть главными стимулами жизни». Вось з такімі стымуламі і жывуць вельмі нераўнадушныя, з Богам у душы, нашы сябры з вёскі Вязынь.

Галіна КАПЦЮГ, удзельніца «Літаратурнай гасцёўні».
Фота прадастаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 184 queries