Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Клубу «Чарапашкі» — 25

Самыя апантаныя турысты Вілейшчыны адзначылі свой 25-гадовы юбілей. У мінулую суботу ў актавай зале Вілейскай гімназіі № 2 адбылося мерапрыемства, прымеркаванае да юбілею турыстычнага клуба «Чарапашкі». Імпрэза сабрала шматлікіх аматараў турыстычных вандровак, былых і сучасных «чарапашак», гасцей і сяброў клуба.

Некалькі пакаленняў удзельнікаў турыстычнага клуба «Чарапашкі» сабралася ва ўтульнай зале гімназіі № 2, каб адзначыць 25-гадовы юбілей. Чвэрць стагоддзя існуе клуб, які за гэты час прывіў сотням дзяцей любоў да роднага краю і гісторыі, даў магчымасць прайсці сапраўдную школу мужнасці і вытрымкі. А пачыналася ўсё ў 1993 годзе з гуртка пры дзіцячым пакоі па месцы жыхарства. Сваю назву «Чарапашкі» гурток атрымаў, калі ўдзельнікі паехалі на турыстычны злёт у Маладзечна. 25 гадоў нязменным кіраўніком клуба з’яўляецца Міхаіл Петух, які сваім энтузіязмам і апантанасцю вядзе за сабой дзяцей у розныя куткі Беларусі і за яе межы.
– Я рады вітаць усіх «чарапашак», – адкрываючы імпрэзу, адзначыў Міхаіл Петух. – Калі скласці ўсе вандроўкі, што мы здзейснілі за 25 гадоў, то атрымаецца, што зрабілі тры абароты вакол Зямлі. А калі не тры, то два поўныя, а трэці завяршаем. Я рады бачыць і самых першых удзельнікаў, якія ўжо самі бацькі, а многія з іх дзяцей з’яўляюцца таксама «чарапашкамі» і рады бачыць маіх цяперашніх вучняў, з кім вандруем па шляхах і сцежках. Сёння ў зале амаль тры пакаленні «чарапашак», і гэта радуе.
Колькі пройдзена і перажыта… Вандроўкі пад кіраўніцтвам Міхаіла Петуха аб’ядноўваюць дзяцей выпрабаваннямі і агульнымі ўражаннямі, выхоўваюць дабром і любоўю. Іх згуртоўвае агульная вячэра вакол вогнішча, сплаў ці пешая вандроўка, дождж, снег і спякота. У вандроўках бывае ўсё.
– Узгадваю свой першы паход з бацькам, – працягвае Міхаіл Петух, – мне тады было каля чатырох гадоў. Мы ішлі з бацькам каля 9 кіламетраў пешшу. Я плакаў, прасіўся, каб бацька ўзяў мяне на рукі, але ён загаварыў мяне і я самастойна дайшоў. Гэта мяне падняло на такую вышыню… І, напэўна, з гэтага выпадку і пачалася мая турыстычная дзейнасць. Затым былі паходы ў студэнцтве. Дарэчы, калі я быў студэнтам, аднойчы мне сказалі, што я ўласна магу вадзіць паходы. Мяне гэта здзівіла, бо на той час мне даводзілася толькі ў іх удзельнічаць. Калі пачаў працаваць, то праз пэўны час адна з матуль мне сказала, што гатова адпусціць са мной у паход дзіця. На той час мне было дзіка: як з чужым чалавекам можны выправіць свае дзіця некуды ў падарожжа, там жа можа здарыцца што заўгодна. А потым распачаліся вандроўкі з дзецьмі. За гэтыя гады больш за ўсё я працаваў і працую з навучэнцамі некалі сярэдняй школы №4, а зараз гімназіі №2. Час ідзе, але па сёння дзень я памятаю і ўдзячны сваім першым настаўнікам і дарадцам – Мікалаю Багурову, Алегу Гардзееву і маладзечанцу Сяргею Бялкову.
Самаадданая праца Міхаіла Петуха, які штогод у любы сезон вядзе вілейскіх дзяўчат і хлапчукоў па адметных мясцінах Беларусі, па родных ваколіцах – гэта вялікая выхаваўчая работа, якая ўключае ў сябе краязнаўчае, патрыятычнае, экалагічнае, духоўна-маральнае выхаванне. І, як адзначыў ў сваім слове ветэран спорту Вілейшчыны Мікалай Багуроў, «адкрываць свет дзецям – вялікага каштуе, бо дзеці павінны бачыць свет не толькі па тэлебачанні, але і вандруючы».
Прысутныя ў зале разам са сваім кіраўніком узгадвалі лепшыя моманты паходаў, тыя сотні кіламетраў пешшу, на байдарках ці роварах. Узгадалі самую папулярную песню падчас вандровак, ці, больш правільна сказаць, радок з песні Юрыя Візбара: «…Мама, я хачу дамоў!».
– Прыемна бачыць ужо дарослых хлопцаў і дзяўчат, – працягвае Міхаіл Петух, – такіх, як, напрыклад, Кірыл і Аляксандр, што сядзяць у гэтай зале. Яны прыйшлі у клуб пяцігадовымі дзеткамі, а зусім нядаўна ўзышлі на Эльбрус. Дзеля гэтага і трэба працаваць.
Шмат было цёплых і шчырых слоў на імпрэзе ад удзельнікаў і сяброў «Чарапашак». Аб важнасці і неабходнасці справы Міхаіла Петуха казалі сябры-настаўнікі Сяргей Бялкоў і Мікалай Багуроў, благачынны Вілейскай царкоўнай акругі, настаяцель храма прападобнай Марыі Егіпецкай іераманах Аляксандр (Шмырко), сябры-турысты Сяргей Пучкін і Уладзімір Цанунін, калегі: галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызму райвыканкама Алег Гаўрышчук, дырэктар Вілейскай гімназіі №2 Васіль Барысевіч, метадыст Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, пры якім зараз і працуе турыстычны клуб «Чарапашкі», Наталія Зіневіч і многія іншыя. Падарунак ад фонду «Крокі» і Андрэя Араліна перадала «Чарапашкам» сям’я Цітовічаў – нагрудныя значкі з эмблемай клуба. Былі на імпрэзе і памятныя падарункі, афіцыйныя граматы і салодкія прэзенты ў выглядзе нязменнага сімвала клуба – чарапашкі.
Сваімі ўспамінамі падзяліліся і першыя актывісты турыстычнага клуба, якія і сёння з’яўляюцца заўзятымі падарожнікамі, да чаго далучаюць і сваіх дзяцей. Кожны з іх адзначаў: «Чарапашкі» – гэта сіла, якая заўсёды з намі. Гэтыя паходы далі вялікую жыццёвую загартоўку ўсім нам. Мы памятаем начлег на востраве пасярод вадасховішча і агні адыходзячай да сну Вілейкі – а нам так не хочацца дадому». І гэтым сказана ўсё.
Новых цікавых шляхоў вам, вілейскія «Чарапашкі»!
Сяргей ГАНЧАР. Фота аўтара

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries