Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

50 год паэтычнай дзейнасці адзначае Уладзімір Цанунін

У гэтым годзе Уладзімір Цанунін, вядомы на Вілейшчыне паэт, бард, музыкант, адзначае паўстагоддзе сваёй паэтычнай дзейнасці. Роўна 50 год таму на старонках крычаўскай газеты «Ленінскі кліч» упершыню быў надрукаваны яго верш «Песня пра Крычаў». З той пары творца ні разу не здрадзіў сваёй музе, і яна не пакідала яго. А вось зборнікі выдаваць паэт стаў адносна нядаўна: у 2010 годзе выйшаў першы – «У струменях часу». Сёлета – пяты, гумарыстычны «Люстэрка». Дзевяць, падрыхтаваных да друку, ляжаць у стале, чакаюць свайго часу. Прычына банальная – кошт выдання аўтару самастойна не асіліць.

Ячшэ ў творчым актыве Цануніна – удзел больш чым у 20 паэтычных зборніках. Толькі у гэтым годзе іх выдадзены тры, уключаючы вялікае прэзентацыйнае навукова-папулярнае выданне «Сімфонія стагоддзяў».
Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, ён актыўна выступае са сваімі вершамі і песнямі перад рознымі аўдыторыямі. Неяк, падлічыўшы свае выступленні, здзівіўся нават сам – у гэтым годзе іх выйшла 56. Лічы, кожны тыдзень запрашаюць аўтара, а ён і не адмаўляе і такім чынам знаёміць людзей са сваёй творчасцю.
Рэдакцыя віншуе Уладзіміра Цануніна з 50-годдзем паэтычнай дзейнасці і жадае аўтару творчых «сто лят».
Друкуем некалькі новых вершаў Уладзіміра Яфімавіча.
Ірына ТРУБАЧ

ГУЧАЛА МУЗЫКА Ў ДУШЫ
Гучала музыка ў душы
Аркестрам сэрца мнагалікім.
Нібыта чарадзей вяршыў
Звышнезвычайны баль вялікі

На тонкай ноце ў вышыні
Акорды ціха заміралі,
А праз хвіліну цішыні
Ізноў навальваліся хваляй.

Літаўраў мілагучны звон
Знянацку стукаў моцна ў скроні.
Здавалася, што гэта сон,
Які трымаў душу ў палоне,

А нервы сціснуў у клубок,
Напоўніў сэрца неспакоем
І не даваў зірнуць у бок,
І проста варухнуць рукою.

Па скуры беглі мурашы,
Па твары слёзы, як на ліха.
Гучала музыка ў душы…
Але было навокал ціха.

НАША МОВА
З глыбінь сівых вякоў суровых
Праз забарон і ліхалецце
Пранеслі нашы продкі мову,
Найпрыгажэйшую ў сусвеце.

Народ наш мудры, працавіты,
Заўжды прымаючы рашэнні,
Не лез за словам сакавітым
І вельмі ёмкім «у кішэню».
А колькі бульбы назваў розных
Пачуць на Беларусі можна!
Ад Маларыты да Ліёзна
Свой дыялект у вёсцы кожнай.

Патрэбна гэтым ганарыцца,
Бо гэта — цуд, а не «трасянка».
На жаль, не часта мы ў сталіцы
Сваю гамонку чуем ранкам.

Народа мова не павінна
Забытай быць ні ў якім разе.
Нам гэты запавет Скарына
Пакінуў у далёкай Празе.
***
Я гадоў не адчуваю,
Маладым сябе лічу.
У паход па родным краі
За прыгодамі лячу.

Не палохаюся хмары.
Мокры ўвесь ад капяжу
З абадранаю гітарай
Каля вогнішча сяджу.

Бо з маленства вабяць горы
І рамантыка лясоў,
Стэпаў роўныя прасторы,
Шэпат жытніх каласоў.

Пасля цяжкае дарогі
Часта зелена ў ваччу.
Раніцаю ломіць ногі.
Ды не скарджуся, маўчу,

Бо жыццё не мераў меркай.
Нельга лёс перавярнуць.
Прынясіце мне люстэрка.
Я хачу ў яго зірнуць.
АДКАЗНАСЦЬ
Калі бярэшся за пяро
з паперай,
З надзеяй паказаць душы
палёт,
Пішы, каб твой чытач табе
паверыў,
Інакш ты не паэт,
а вершаплёт.

Адказнасць трэба мець
з хвіліны першай
За думкі ўсе і ўсе свае радкі,
І рытм трымаць, а не скакаць
па вершы,
Як жарабя па беразе ракі.

Калі ўсе рыфмы толькі
дзеясловы,
А сэнс нібыта ўзяты з небыцця,
Паэзіі не будзе адмысловай —
Такое зарыфмуе і дзіця.

Шукай сюжэт свой асабісты,
новы,
І не чапай таго, што ўжо было.
Свая разынка — усяго аснова.
У ёй тваёй паэзіі святло.

Па сто разоў патрэбна ўсё
адгладзіць.
Тады сапраўдны будзеш
чарадзей.
Бо слова ў вершы, нібы дрэўца
ў садзе,
Заўжды павінна радаваць людзей.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries