Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

У гэтым годзе вілейскі Палац культуры плануе новыя мерапрыемствы: «Міні-Міс Вілейка», «Дзень Нептуна», выпускны баль у гарадскім парку

Вілейскі Палац культуры – вядучая ўстанова культуры і галоўная канцэртная пляцоўка Вілейскага раёна. Яе смела можна назваць цэнтрам культурнага жыцця Вілейшчыны. Раённыя святы да Дня Незалежнасці, 9 мая, навагоднія шоу, фестываль моладзевых субкультур, прыём артыстаў і выканаўцаў, калектываў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, фестываль сярэднявечнай культуры і многае іншае – гэта заслуга супрацоўнікаў Палаца культуры.

Пасля правядзення рамонту галоўнай пляцоўкі раёна сцэну вілейскага Палаца культуры паважаюць і выступаюць на ёй самыя вядомыя прафесійныя артысты эстрады, тэатра, кіно. У нашым «ДК» працуюць дзясяткі творчых калектываў, дзіцячых і дарослых, якія складаюць славу свайму Палацу культуры і ўсяму Вілейскаму раёну. І гэта толькі культурны бок дзейнасці. А ёсць яшчэ грамадская: тут праводзяцца найважнейшыя раённыя мерапрыемствы, а таксама сустрэчы, форумы, нарады.

Вілейскі Палац культуры ўзначальвае Алеся  Высоцкая, якая прыйшла сюды маладым спецыялістам і ўжо каля сямі год кіруе ўстановай і добра ведае сваю справу як у якасці кіраўніка, так і ў якасці творчага супрацоўніка.

image-0-02

Напачатку новага працоўнага і творчага года мы сустрэліся з Алесяй Васільеўнай і пагутарылі аб мінулым, сучаснасці і будучыні галоўнага цэнтра культуры Вілейскага раёна. Аб выніках Года культуры і планах на 2017 год.

– Гісторыю Палаца культуры пісалі людзі, яны ж заклалі яго слаўныя традыцыі, – пачала свой аповед Алеся Высоцкая. – Таму асаблівыя словы падзякі хочацца выказаць нашым найстарэйшым супрацоўнікам і тым, хто зараз на заслужаным адпачынку. Многія з іх не пакінулі сваю любімую справу і застаюцца ў іншых якасцях і калектывах у строі, працягваюць працаваць. І гэта вельмі прыемна.

У «ДК» цяпер 7 творчых калектываў, якія маюць званні «народны калектыў» і «ўзорны», хоць у апошнія гады асабліва няпроста атрымаць і пацвярджаць гэтыя самыя значныя ў самадзейнасці званні.

– Віляйчане ведаюць, што ў вас кожны можа даступна рэалізаваць свае творчыя магчымасці ў многіх відах мастацтва: харэаграфічным, вакальным, харавым, тэатральным і іншым.

– Гэта так. Мы стараемся ўлічыць усе інтарэсы і пажаданні жыхароў. Вельмі значнай папулярнасцю карыстаюцца нашы харэаграфічныя і -фітнэс студыі, якія б’юць рэкорды па наведванні. Мы маем выдатных і таленавітых вакалістаў і педагогаў вакальнай студыі, чаго толькі каштуе калектыў «Экспромт», які на працягу дзесяцігоддзяў з’яўляецца галоўнай скарбонкай дзіцячых талентаў, што дае пуцёўкі ў далейшае прафесійнае творчае жыццё многім, хто ў будучым становіцца вядомымі спевакамі. Працуе ў нас і школа вядучых, тэатральны калектыў, які, дарэчы, рыхтуе новую пастаноўку да міжнароднага Дня тэатраў, а таксама Народны хор ветэранаў і шмат іншых студый па інтарэсах.

– Сучасны «ДК» павінен быць магутным, тэхнічна высокаабсталяваным комплексам.

– Адміністрацыя раёна многае робіць для нашай тэхнічнай аснашчанасці. Яна ў нас сапраўды на сучасным узроўні, хоць, вядома, няма мяжы ўдасканалення. За 35 гадоў гісторыі нашай установы адбыўся значны знос абсталявання, таму на працягу некалькіх гадоў мы паступова абнаўлялі сістэмы гука, асвятлення, правялі бягучы рамонт па абнаўленні фасадаў, глядзельнай залы, кабінетаў і грымёрак Палаца культуры. Зараз гэта сучасная і камфортная ўстанова культуры, дзе не сорамна прыняць высокіх артыстаў і праводзіць рознага кшталту мерапрыемствы, а таксама працаваць і займацца творчасцю.

– Завяршыўся Год культуры, які быў насычаны рознапланавымі культурнымі мерапрыемствамі. Шмат ладзілася выстаў, канцэртаў, творчых сустрэч. А як вы ацэньваеце вынікі мінулага года для свайго калектыву?

– Год быў творча насычаны і вельмі паспяховы. Мы рэалізавалі шмат праектаў, якія далі магчымасць адпачыць і з карысцю правесці вольны час нашым віляйчанам, а таксама рэалізаваць і нам усе творчыя задумы. Па традыцыі мы завяршылі год навагоднім шоу, якое прайшло пры поўным аншлагу. Вельмі плённа мы ў мінулым годзе працавалі сумесна з прафсаюзамі ўстаноў і прадпрыемстваў нашага горада, ладзілі прафесійныя святы, юбілеі, бо сцэна Палаца культуры дазваляе,выкарыстоўваючы прафесійны гук, асвятленне і дэкарацыі,зрабіць канцэрт з ўдзелам нашых салістаў і артыстаў цікавым і насычаным. Тым самым мы наладзілі кантакты з прафсаюзнымі лідарамі, якія, арганізуючы творчыя паездкі калектываў,перадаюць і нам пажаданні сваіх супрацоўнікаў, згодна з якімі мы карэкціруем творчыя планы, плануем запрасіць тых ці іншых артыстаў.

– Чым будзеце здзіўляць віляйчан у гэтым годзе?

– Планаў вельмі шмат, асабліва творчых. Па-першае, свой год мы распачалі традыцыйна канцэртнай праграмай да свята Нараджэння Хрыстова. У новым творчым годзе плануем больш увагі ўдзяліць канцэртнай дзейнасці сваіх артыстаў і больш арганізоўваць свае ўласныя праекты. Так,плануем, што ў гэтым годзе ўпершыню правядзём шоу-праграму «Міні-Міс Вілейка» – конкурс дзіцячай прыгажосці і таленту. Мне падаецца, што гэта будзе цікавае і яскравае мерапрыемства, якое пройдзе насычана творчымі конкурсамі і цікавымі нумарамі.

Паспрабуем у гэтым годзе аднавіць даўнюю традыцыю правядзення «Дня Нептуна», свята, якое набудзе новае ўвасабленне. Мы маем прыгожую раку Вілію і самае вялікае вадасховішча ў краіне, і амаль ніяк яго не выкарыстоўваем у творча-праектнай дзейнасці. Таму з’явілася такая ідэя правесці гэта свята ў жніўні, калі на працягу дня будуць арганізаваны розныя прадстаўленні з тэатралізацыямі, а ўвечары апафіозам мерапрыемства стане вялікі бард-канцэрт. На свята можна будзе прыйсці з сябрамі, сем’ямі, разаслаць турыстычныя дыванкі, посцілкі і паслухаць вядомыя ўсім аўтарскія песні, паспяваць песні, якія любяць выконваць ў кампаніях і гэтак далей. Мне падаецца, што павінна быць цікава.

Сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ёсць планы надаць новы подых такому цікаваму і адметнаму мерапрыемству для выпускнікоў школ, як «Выпускны баль». З’явілася ідэя арганізаваць гэта мерапрыемства не на плошчы Свабоды, а ў нашым гарадскім парку, які апошнія гады стаў больш прывабным і ўтульным. Стварыць такі своеасаблівы «Парк выпускнікоў», дзе будуць задзейнічаны моладзевыя пляцоўкі з выступленнямі папулярных груп, дзе арганізуем насычаныя тэматычныя куткі, а галоўную алею парку ператворым у своеасаблівую «чырвоную дарожку» для выпускнікоў, дзе яны змогуць прайсціся і, магчыма, арганізаваць сімвалічную перадачу эстафеты першаклашкам, якія таксама ўжо пройдуць пэўную мяжу, скончыўшы першы ў сваім жыцці навучальны год. Адным словам, зробім усё, каб апошні школьны баль стаў яскравым і запамінальным мерапрыемствам.

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама вядзе перамовы пра арганізацыю ў гэтым годзе чарговага фестывалю сярэднявечнай культуры, які праходзіў упершыню два гады таму ў Ніжнім парку і меў вялікую папулярнасць. Калі будуць вырашаны ўсе арганізацыйныя нюансы, то будзем працаваць над яго правядзеннем. А таксама ёсць напрацоўкі правядзення ў нашым горадзе адметнага фестывалю пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Але пакуль яшчэ прапрацоўваюцца ўсе рабочыя пытанні, то анансаваць гэтыя мерапрыемствы будзем  пазней.

Ну, а ў бліжэйшых планах – арганізацыя Дня закаханых, на які мы запланавалі выступленне феерычнага цыганскага шоу «Кустурыца». Дарэчы, на гэтым мерапрыемстве будуць падведзены вынікі раённага конкурсу, арганізаванага аб’яднаннем прафсаюзаў і БРСМ «Сэлфі – Мая палова», з узнагароджваннем пераможцаў.

Напярэдадні 8 Сакавіка плануецца выступленне дзяржаўнага ансамбля «Песняры», так бы мовіць,вілейскіх жанчын павіншуе самы вядомы мужчынскі калектыў краіны. А на 1 Мая паспрабуем арганізаваць канцэрт калектыву «Бяседа», які таксама выконвае самыя шчырыя і блізкія для сэрца беларусаў песні.

Гэта планы, але мы будзем старацца зрабіць усё, каб яны здзяйсняліся. Тым больш, што мы не заўжды можам запрасіць на нашы пляцоўкі вядомых расійскіх артыстаў, як, напрыклад, Маладзечна. Хаця б, здавалася, што арганізаваць выступленне таго ж Дзмітрыя  Харацьяна за 25 — 14 рублёў, як суседзі. Але заўжды ўзнікаюць нюансы, што гэта цана прымальная для Маладзечна, з яго вялікімі заламі і амфітэатрам, а на нашы пяцьсот месцаў у глядзельнай зале яго ганарар павінен акупіцца коштам білетаў у 50 – 80 рублёў. І канешне, гэта становіцца для нас не прымальным. Таму будзем акцэнт рабіць на сваіх мясцовых і айчынных артыстаў, а таксама на свае адметныя праграмы.

Чакаем усіх на нашых канцэртах і мерапрыемствах.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 27 queries