Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

42-х килограммовая тыква, самые красивые «журавинки» и виноградные улитки с местной клюковкой. В Иже прошел «Журавинавы фэст»

IMG_4680aa

У мінулую суботу ў аграгарадку Іжа прайшоў «Журавінавы фэст» – свята ўраджаю, свята журавін і свята для вяскоўцаў. Традыцыя замацавана, бо ўжо другі год запар адбываецца гэты фэст, а галоўнае, што яго актыўна падтрымліваюць мясцовыя людзі. Вялікая колькасць машын і людзей побач з сельскім клубам, на пад’ездзе да Іжы, усё гэта яскрава сведчыла, што свята адбудзецца. І гэта было сапраўднае свята працы і сяброўства, свята для людзей і пра людзей.

IMG_4687a

У чарговы раз Іжаншчына даказала сваю гасціннасць і адметны беларускі каларыт. Гэта сапраўдны журавінавы край, дзе ў навакольных барах шмат грыбоў і дзічыны, а на балотах поўна журавін і велічных журавоў. Сюды сотнямі едуць на машынах у сезон, каб сабраць дары гэтага краю. «Журавінавы фэст» стала прапісаўся на іжанска-лыцавіцкай зямлі, і гэта месца выбрана невыпадкова: на тутэйшых балотах гэтую карысную і смачную ягаду збіралі заўсёды і ў вялікай колькасці. Мінулагодняе свята, якое прайшло ў Лыцавічах, мела вялікі рэзананс і таму, калі гаспадары свята ў гэтым годзе выбралі месцам правядзення Іжу, было лагічна. Гэта дзве значныя вёскі, па-сучаснаму – аграгарадкі, якія маюць сваю слаўную і даўнюю гісторыю, і справядліва, калі падобнае свята будзе па чарзе праходзіць у адным і другім кутку Іжскага сельсавета.

IMG_4688a

У гэтым годзе свята было не менш цікавым, яскравым і насычаным, бо рэцэпт гэтаму просты: свята рабілася для мясцовых людзей, сіламі вяскоўцаў і не для «галачкі», а для таго каб паказаць, што той, хто ўмее працаваць, умее таксама годна і святкаваць. На свяце было шмат пачастункаў: яшчэ перад будынкам іжскага клуба гасцей і аднавяскоўцаў сустракалі гарачай юшкай ад мясцовага лясніцтва, кашай з мясам ад мясцовай гаспадаркі і рознымі конкурсамі і забавамі. У фае клуба гасцей свята чакала магчымасць прадэгуставаць стравы народнай кухні і, канешне ж, разнастайныя печыва з журавінамі і журавінавыя напоі. Нікога не пакінула раўнадушным і выстава вясковых падворкаў, дзе можна было на свае вочы падзівіцца працавітасці людзей, шчодрасці прыроды з яе дарамі, а галоўнае, неардынарным ідэям стваральнікаў выставы. На лыцавіцкім падворку, які ствараўся пад кіраўніцтвам старасты вёскі Зоі Карыба, кожнага здзіўляў самы вялікі гарбуз, вагой 42 кілаграмы, які ляжаў сярод агародніны і восеньскіх кветак. Тут жа былі і разнастайныя фігуры з капусты, з гарбузоў, россып садавіны, і галоўнае – поўныя кашы журавін. Падвор’ем гаспадароў свята – аграгарадка Іжа – загадвала сацыяльны работнік Людміла Місюль. Яно было насычана дызайнерскімі вырабамі з гарбузоў: заяц-гарбуз, гарбузны кошык з агароднінай, а таксама баклажаны ў выглядзе пінгвінаў, ёжыкі з груш і вінаграда і многае іншае. Іжанскае лясніцтва, пад кіраўніцтвам памочніка ляснічага Ірыны Урбанскай, падрыхтавала цэлую сапраўдную дызайнерскую экспазіцыю «Восеньскі лес»: толькі сабраныя свежыя грыбы, марынаваныя, сушаныя, россып ягад – брусніцы, журавіны, каліна, рабіна, абляпіха, побач лясны мёд, восеньскія краскі – разнастайныя кветкі і нават рогі лася. На падворак вёскі Ралічы запрашала стараста Леакадзія Рогач. Гэта была сапраўдная сялянская сядзібв: тут і запрэжаны вазок з конікам, напоўнены мяшкамі з бульбай і збожжам, і вялікія гарбузы і кабачкі, на любы густ садавіна і агародніна, журавіны.

IMG_4690a

Быў тут і традыцыйны напой мясцовасці – раўгеня з жытняй мукі, а побач нават экзатычнае блюда – прыгатаваныя вінаградныя смоўжыкі. На падворку вёскі Слабада (стараста Галіна Сечко) быў падрыхтаваны цэлы аўтамабільны картэж з агародніны, дзе і паненкі з морквы з парасонамі, і пальмы з кукурузы і перцу – чаго толькі не выдумаюць дбайныя гаспадыні. На падвор’і Каралеўцаў стараста Святлана Рогач арганізавала цэлую тэатралізаваную пляцоўку: тут і бярозавы лешы з кікімарай у вобразе гаспадыні з гаспадаром, запрэжаныя гусі ў воз з садавіной і агароднінай, усё па-мастацку прыгожа аформлена і арганізавана. Арыгінальнасцю адзначалася і выстава вёскі Любкі (стараста Раіса Дурэйка), дзе і гарбузныя гаспадары, і кабачковыя жывёлы, поўныя кашы садавіны і агародніны. Ну а «восеньскі вернісаж», Чурлёнскай і Іжскай школ быў настолькі разнастайны і арыгінальны, што разглядаць зробленыя па-дызайнерску вучнямі і настаўнікамі творчыя работы з садавіны і агародніны можна было бясконца. Адным словам, выстава-конкурс падворкаў вёсак Іжскага сельсавета стала сапраўднай разынкай свята.

IMG_4699a

І вось надыходзіць час, калі ўсе гледачы ў фае чакаюць конкурс-паказ «Дзяўчынка-журавінка». Прывітальнай песняй свята распачалі вакальныя гурты «Іжаначка» і «Журавінка». Вядучыя мерапрыемства Святлана Хадановіч (дырэктар Іжскай школы) і Валерый Занкавіч (стараста агр. Іжа) аб’яўляюць пачатак конкурсу. Вакол імправізаванага подыума сабраліся жыхары Іжаншчыны, госці свята, а таксама бацькі ўдзельнікаў конкурсу, якія хваляваліся не менш, чым самі канкурсанты. Нарэшце дзея пачынаецца, і на чырвонай дарожцы перад гледачамі паказваюць свае арыгінальныя строі дзяўчынкі і хлопчыкі. Кожны дэманструе зроблены рукамі сваіх матуль касцюм, з элементамі беларускага народнага строю і журавінавымі матывамі. Выбраць пераможцу з цэлага росквіту маленькіх прыгажунь і прыгажуноў проста немагчыма. І старшыня журы Валянціна Навасёлак аб’яўляе, што ўсе члены журы вырашылі, што ў гэтым конкурсе перамагае сяброўства. Кожны ўдзельнік конкурсу-паказа атрымаў салодкія падарункі ад Іжскага сельвыканкама ў карзінках, вырабленых ВК «Вітамін»,гасцінцы ад вілейскага малаказавода, раённых арганізацый «БРСМ» і «Чырвоны Крыж» і эмблемы фэсту ад фірмы «Мега Літас».

IMG_4700a

Святочнае мерапрыемства перамяшчаецца на сцэну, а гледачы займаюць месцы ў глядзельнай зале. Праз некалькі хвілін зала мясцовага клуба запаўняецца поўнасцю, што сведчыць аб цікавасці да свята і яго неабходнасці. Зала поўніцца маладымі сем’ямі з дзеткамі, больш сталымі парамі і мясцовымі старажыламі. Гледзячы на колькасць дзетак, якія раз-пораз выбягаюць з залы за салодкай ватай і папкорнам, не сумняваешся, што Іжаншчына мае будучыню. З прывітальным словам да ўсіх прысутных звяртаецца старшыня Іжскага сельвыканкама Валянціна Навасёлак, якая адзначае, што гэта сапраўднае свята сяброўства, якое аб’ядноўвае і дае магчымасць вясковым людзям пасля цяжкай уборачнай пары адпачыць з сем’ямі і дзецьмі. Гэта свята, якое паказвае, што Іжаншчына жыве, бо тут умеюць як шчыра працаваць, так і шчыра святкаваць. Затым слова бяруць вядучыя. Гучаць цёплыя, шчырыя вершаваня радкі заслужанай настаўніцы Беларусі Ніны Касяк, усё працоўнае жыццё якой прайшло ў Іжскай школе. Вядучыя вітаюць працаўнікоў сельскай гаспадаркі і запрашаюць на сцэну дырэктара ААТ «Чурлёны» Аляксандра Грымбоўскага для падвядзенняў вынікаў жніва.

IMG_4701a

– Гэта сапраўднае свята ўраджаю, – адзначае Аляксандр Паўлавіч, – з чым віншую ўсіх прысутных. Мы выконваем важную справу, забяспечваем хлебам, малаком, мясам горад, усю краіну. І гэта нялёгкая справа. Асаблівыя словы падзякі хачу выказаць усім работнікам гаспадаркі, якія, нягледзячы на складаныя ўмовы гэтага года, вырасцілі добры ўраджай, сабралі яго, намалаціўшы 5,5 тысяч тон зерня, дарэчы, на 20 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе. Ураджайнасць гэтага года склала 27 ц/га, што на 7 цэнтнераў больш за мінулы год. Гэта заслуга кожнага, хто сее, уносіць удабрэнні, працуе на трактары, камбайне і адвозіць зярно, таго, хто яго сушыць і захоўвае. Дзякую ўсім ветэранам гаспадаркі і ўсім тым, хто працуе зараз. Усім вялікі дзякуй.

IMG_4703a

Ва ўрачыстай абстаноўцы кіраўнік гаспадаркі выносіць каравай новага ўраджаю. І для асвячэння хлеба на сцэну запрасілі айца Ігара Дражына, які адзначыў:

– Сённяшняе свята супадае з вялікім праваслаўным святам Пакрова Прасвятой Багародзіцы і днём Маці. Гэта вельмі сімвалічна. Няхай наша нябесная заступніца і маці аберагае гэту зямлю.

IMG_4727a

Затым айцец Ігар асвяціў хлеб новага ўраджаю, а таксама вялікі пірог ад Вілейскага хлебазавода, які ўзначальвае ўраджэнец Іжаншчыны Анатоль Сяргей.

IMG_4743a

Не абмінулі ўзнагародамі на свяце і лепшыя іжанска-чурлёнскія падворкі. Лепшымі гаспадарамі і самым прыгожым падворкам у гэтым годзе ў Лыцавічах быў вызначаны падворак сям’і Дзяніса і Марыны Шарафановічаў. Дружная і творчая сям’я, якая хутка стане мнагадзетнай, набыла ў гэтым годзе ў сваю гаспадарку і карову, што з’яўляецца, на жаль, рэдкім у маладых сем’ях у нашы дні. А ў Іжы лепшымі гаспадарамі і самым дагледжаным падворкам стала сядзіба сям’і Анатоля і Таццяны Місюлёў. Гэта працавітая і шчырая сям’я, у якой у гэтым годзе з’явілася пятае дзіця. Яны таксама набылі ў сваю гаспадарку пародзістую карову. У якасці падарункаў старшыня сельвыканкама Валянціна Навасёлак уручыла гэтым сем’ям кошыкі з журавінамі.

IMG_4746a

На гэтай сяточнай ноце мерапрыемства прадоўжыў канцэрт мясцовых самадзейных артыстаў і калектываў Іжскага клуба і Чурлёнскага дома культуры. Гучала ў канцэртнай праграме і шмат песен, прысвечаных матулям. А арыгінальныя і каларытныя конкурсы з падарункамі не давалі прысутным заставацца толькі гледачамі, кожны мог паўдзельнічаць у зборы журавін, дзе, дарэчы, таксама перамагло сяброўства і кожны застаўся з падарункам – сабранымі журавінамі. А вось пераможцам у конкурсе па пераадольванні дыстанцыі ў вялікіх гумовых ботах з цяжкім заплечнікам, як сімвалічны «вынас сабраных журавін з балота»,стаў малады жыхар Каралеўцаў Яўген Дзевяцень.

IMG_4747a

Падвялі вынікі і руплівасці вясковых гаспадынь, якія прадстаўлялі на падвор’і сваю агародніну. Напачатку мерапрыемства быў узважаны кожны гарбуз, бульбіна, морква і капуста, і журы вызначыла пераможцаў, якія таксама атрымалі падарункі. Дарэчы, самы вялікі гарбуз быў на лыцавіцкім падворку – 42 кілаграмы, самы вялікі качан капусты – у Ралічах, 5 кілаграм 300 грам. Была вызначана і самая вялікая морква, яна аказалася ў Лыцавічах і заважыла 620 грам, як і самая вялікая бульбіна з той жа вёскі, што мае вагу 535 грам. Ну а самы вялікі бурак быў на падворку Ралічоў і важыў ён 2 кілаграмы 650 грам. Сапраўды добрыя і працавітыя гаспадары жывуць у вёсках Іжскага сельсавета.

IMG_4752a

Было на свяце і месца аповедам і віктарынам пра карысць журавін, а яшчэ вядучыя свята распавялі ўсім прысутным пра старадаўнюю легенду аб з’яўленні гэтых ягад на Беларусі.

IMG_4787a

– «Аднойчы на мясцовае племя людзей напалі чужакі, вельмі ваяўнічыя і бязлітасныя. Людзі, каб выратавацца, вырашылі схавацца на востраве сярод балота. Так і зрабілі – адышлі на балота і затаіліся на востраве, дзе было шмат птушак журавоў. Калі прыйшлі ворагі, то яны акружылі балота, але дабрацца да людзей ніяк не маглі. І тады яны вырашылі пускаць стрэлы, каб знішчыць людзей, якія не пажадалі ім падпарадкоўвацца. У гэты час журавы акружылі востраў шчыльным колам і ўсе стрэлы прынялі на сябе. Так людзі засталіся жывыя, а кроплі крыві журавоў ператварыліся ў буйныя ягады, якія і па сённяшні час растуць на балоце і маюць назву – журавіны».

IMG_4829a

«Журавінавы фэст» адбыўся і стаў традыцыйным. Мерапрыемства было напоўнена па-хатняму сяброўскім цяплом, шчырымі словамі і песнямі. А выдатныя вядучыя ўвесь час задавалі святу вясёлы і сяброўскі настрой. І няхай гэтыя карысныя ягады журавін стануць сімвалам росквіту і дабрабыту іжанскаму краю. А сугучча беларускіх слоў «журавы» і «журавіны», бо кветкі гэтай балотнай ягады сапраўды нагадваюць велічную птушку-жураўля, надае фэсту каларыт і вядомасць. Жадаем, каб наступнае свята далучыла падворкі і дэлегацыі з суседніх сельсаветаў,а магчыма і раёнаў, да ўдзелу ў фэсце. Такім чынам свята будзе доўжыцца і развівацца, становячыся рэспубліканскім. А для гэтага ёсць усё.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

Пасляслоўе. Іжскі сельвыканкам, рабочая група па падрыхтоўцы свята выказвае ўдзячнасць кожнаму, хто дапамагаў у арганізацыі і правядзенні мерапрыемства. Словы падзякі выказваем дырэкцыі і прафсаюзнаму камітэту ААТ “Чурлёны” (дырэктар Грымбоўскі А. П.); Іжскаму лясніцтву (ляснічы Бандарэнка Д.А.); Вілейскаму хлебазаводу (дырэктар Сяргей А. П.); Вілейскаму малаказаводу (дырэктар Вазняк М.П.); ТАА “Мега Літас” (дырэктар Гіль В.А.); Вілейскай раённай арганізацыі “Чырвонага крыжа”  і раённай арганізацыі “БРСМ”; ВК “Вітамін” (дырэктар Васілеўскі А.А.), ЧТУП “Леопродмаркет” (Лявоненка В.В.); кіраўнікам і педагогам Іжскай і Чурлёнскай школ, старастам вёсак, бібліятэкарам, культработнікам Іжскага СК і Лыцавіцкага СДК. Асаблівыя словы падзякі выдатным вядучым – Святлане Хадановіч і Валерыю Занкавічу, усім гасцям і ўдзельнікам свята. Да сустрэчы на “Жаравінавым фэсце”  ў наступным годзе.

IMG_4830a

IMG_4831a

IMG_4843a

IMG_4844a

IMG_4856a

IMG_4894a

IMG_4897a

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 25 queries