Шматграннае наша жыццё, і рэдакцыйная пошта таму пацвярджэнне. Прыходзяць пісьмы і паступаюць званкі самыя розныя: вясёлыя і сумныя, з падзякамі і з абурэннем… Што ж, так яно бывае заўсёды.
Вельмі прыемны тэлефонны званок паступіў з вёскі Скалбішча Хаценчыцкага сельсавета. Мясцовая пенсіянерка (сціплая жанчына, якая папрасіла не называць яе прозвішча) на працягу многіх гадоў з’яўляецца падпісчыцай нашай газеты. Ёй, прызналася, цікава чытаць усё, нават рэкламу, на якую іншы раз той-сёй наракае.
– Ды не, гэта вельмі патрэбна кожнаму, – упэўнена наша чытачка. – Ці вокны памяняць, ці сантэхніку падладзіць, ці бытавую тэхніку адрамантаваць трэба – у газеце заўсёды знойдзеш падказку, куды звярнуцца.
А патэлефанавала пенсіянерка не толькі для таго, каб пахваліць газету, але і каб падзякаваць добрым людзям. «Давялося мне нядаўна звярнуцца да ільянскіх электраманцёраў, – расказала яна. – Прыехалі маладыя хлопцы – Леанід Церахаў і Уладзімір Вашынка. Здзівіла, наколькі яны культурныя, абыходлівыя. Гэта не кажучы пра тое, што прафесіяналы сваёй справы. Іншы раз чуеш, як агулам некаторыя абвінавачваюць сённяшнюю моладзь, што, маўляў, дрэнная. Дык вось я не пагаджуся. Людзі бываюць розныя і добрых хлопцаў і дзяўчат многа. Вось і хлопцы, пра якіх расказала, якраз з такіх. Дзякуй ім вялікі і поспехаў ва ўсіх справах».
Што ж, напэўна, вельмі прыемна ільянскім электраманцёрам у іх маладым узросце пачуць такія добрыя словы ў свой адрас ад сталага чалавека. Заслужылі. Так трымаць і надалей.
У Святланы Георгіеўны, нашай чытачкі з горада, пытанне зусім іншага кшталту. Так бы мовіць, вельмі асабістае. Калі коратка, то сітуацыя такая: жанчына замужам больш за чвэрць стагоддзя. Яны з мужам выгадавалі сына, ужо маюць дваіх малых унукаў. Так атрымалася, што цяпер сужэнцы са стажам зразумелі: яны, мякка кажучы, стаміліся адно ад аднаго і было б лепей разысціся.
– Чула, што скасаваць шлюб можна і праз аддзел ЗАГС, – сказала Святлана Георгіеўна. – Толькі вось робіцца гэта пры пэўных умовах. Якіх канкрэтна?
Пытанне нашай чытачкі я адрасавала загадчыцы аддзела ЗАГС Вілейскага райвыканкама Вользе Мароз. Вось што яна расказала:
– Сапраўды, скасаваць шлюб можна і праз ЗАГС. Праўда, для гэтага трэба наяўнасць некаторых умоў. Па-першае, у сям’і, якая жадае скасаваць шлюб, не павінна быць непаўналетніх дзяцей; па-другое, не павінна быць ніякіх нявырашаных і няўзгодненых пытанняў па маёмасці; па-трэцяе, згода на скасаванне шлюбу павінна быць абаюднай, муж і жонка павінны з’явіцца ў ЗАГС абодва.
Наша пастаянная чытачка з Куранецкага сельсавета Марыя Адамовіч патэлефанавала, каб падзяліцца вопытам у адной важнай справе.
– Мне спатрэбілася пачысціць дыван, які ляжыць на падлозе, – расказала яна. – Папярэдне патэлефанавала па службах ( і ў КБА, і да індывідуальных прадпрымальнікаў) і даведалася пра суму, якую затрачу на гэту справу. Прызнаюся шчыра: для мяне яна дарагаватая. Таму вырашыла чысціць дыван сама, выкарыстаўшы рэцэпт, які захоўваю ў сваім сшытку карысных парад. Чайную лыжку нашатырнага спірту і дзве сталовыя лыжкі пральнага парашку растварыла ў чатырох літрах вады. Затым добра ўспеніла раствор і пачала чысціць дыван (па ворсе, а не супраць яго) лёгкімі рухамі, без моцных намаганняў. Пасля дывану дала прасохнуць, а пакой, дзе ён ляжыць, добра праветрыла. Часу, вядома, патраціла нямала, аднак вынік парадаваў. Магчыма, камусьці мой рэцэпт і спатрэбіцца.
Такімі былі вашы, сябры, звароты ў газету.
Ірына БУДЗЬКО
Как почистить ковёр
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ








