“Я вінаваты, мама» – у якім едным сугуччы з настроем прысутных гучала гэта назва палатна Эдуарда Мацюшонка! Менавіта на сціплы вясковы сюжэт, залішне не дэталізаваны, не перагружаны бытавымі падрабязнасцямі, адразу звярталі ўвагу тыя, хто прыйшоў на выставу «Дзяды», наладжаную вядомым сярод віляйчан мастаком. І не толькі землякі з’яўляюцца прыхільнікамі таленту Эдуарда Уладзіміравіча. Яго творчасць даўно пераўзыйшла мясцовы ўзровень, стаўшы набыткам і вартасцю аматараў і знаўцаў жывапісу ў Глыбокім, Мядзелі, Паставах, далёкім Петрапаўлаўску-Камчацкім і нават у Германіі. Што датычыць Глыбокага, дык там – карані Эдуарда, тыя, што ён з глыбокім хваляваннем майстра па-філасофску асэнсаваў у палатне, аб якім напачатку ішла гаворка. Тры ракурсы аднаго і таго ж асяроддзя. На першым – краявід, дзе ўсё усталявана ў сваім першародным выглядзе. Ставок. Тут людзі проста купаюцца ў спёку. Хата, дзе звыкла жывуць, паўтараючы лёсы дзядоў-прадзедаў, уплятаючы ў канву пакаленняў ніці свайго жыцця. Трываласць, абгрунтаванасць, упэўненасць ва ўласнай чалавечай вартасці – штрыхі гэтага сюжэту, распатланага затым віхурамі часу. І ўжо нейкая безвыхаднасць у постаці матулі, што адзінока пасе кароўку:
– Хтосьці вырашыў, што вёску трэба мяняць. І яна пачала спакваля знікаць, – мастак каменціруе сутнасць свайго твора, эмацыянальна акцэнтуючы ўвагу на яго духоўным аспекце. І сапраўды, час з дапамогай навукі неўтаймавана стымуляваў тэхнічны прагрэс, падтасоўваючы пад яго наш дабрабыт, клопат аб матэрыяльным асяроддзі быцця. І толькі душа чалавечая, як адзінокі птах у гняздоўі, ные, адчуваючы сваю закінутасць, уяўную непатрэбнасць і незразумелую вінаватасць. Тую, што занатаваў на сваім палатне мастак. Кожны, вядома, па свойму чытае карціну. Палотны Эдуарда Уладзіміравіча і разлічаны на вельмі індывідуальнае ўспрыняцце. У тым – іх неардынарнасць і адзнака таленту мастака.
Уся выстава нясе на сабе матыў смутку аб страчаным. Смутку, які варушыць нашу памяць, вымушаючы адчыняць дзверы некалі пакінутых хацін, што насяляюць цяпер журба і адзінота. Памыляецца той, хто верыць у маўчанне цішыні. Яна – голасная, гатовая ў сваім журботным свавольстве ўскалыхнуць памяць, і ў натур уразлівых, эмацыянальна адкрытых,выклікаць праяву своеасаблівага духоўнага малення. Таго, якім прысягнуты палотны Эдуарда Мацюшонка.
«Жарнавы часу», «Жніво», «Каўчэг»… За кожным рухам пэндзля, занатаваным на творах, – глыбокі філасофскі падтэкст. Жорны мелюць – бязмэтна, апантана і бязлітасна. І колькі чалавечых лёсаў ужо сталі іх ахвярамі. Колькі жывуць у няведанні, бяспечна думаючы, што міне іх доля такая…
Дажала загонку жнейка. Выставіла ў рад мэндлікі, разагнула натруджаную спіну, куточкам хустачкі выцерла ўзмакрэлы лоб. Ведай, сынок: маё жытнёвае поле зжата. Даю табе зерне: сей… «Каўчэг» – як прататып таго, біблейскага, закліканага захаваць на планеце род чалавечы і род жывёльны, з уласцівымі і таму,і другому рысамі, створанымі Усявышнім. У інтэрпрэтацыі мастака – гэта каўчэг нашай духоўнай памяці ў матэрыялізаваных яе праявах. Ключ, якім, магчыма, замыкаўся куфар, стары будзільнік, прас – «жалязка», жалобная свечка з аплыўшым воскам – знак, што некаму з блізкіх яна асвятляла шлях да вечнага прытулку… А ў цэнтры кампазіцыі – сялянская хата, перапоўненая сонцаззяннем. У хвалях сонечнай плыні купаюцца стол з насыпанымі на ім спелымі яблыкамі, покут, дзе сямейныя абразы ахінуты саматканымі ручнікамі, зёлкі ў гарлачыку і дзве жаночыя постаці на лаве з няпэўнымі абрысамі твару. Падключай сваё ўяўленне, вярэдзь душу – і абавязкова ўбачыш пад ссунутымі на лоб хусцінкамі адыйшоўшыя ў вечнасць маміны вочы, адчуеш дотык яе спрацаваных рук і нават песню пачуеш, якую яна заводзіла ў святы. Меладычную, спакойную, як звон весняга ручайка на вясковым бруку… Я вінавата перад табой, мама. За тое, што акінула нашу сялібу, якой ты некалі наканавала доўгае жыццё. Дзе ў гародчыку ўжо не расцвітаюць вяргіні. І шэрай цвіллю пакрыўся падмурак. А з прыпечка пазнікалі твае чыгункі і патэльні – выразная прыкмета акінутага жытла…
З нямой просьбай аб дараванні не адна я схілялася ў гэтым маленні перад сімвалічным алтаром, дзе пад старымі фотаздымкамі наведвальнікі выставы запальвалі знічкі памяці. І сярод іх – старшыня выканаўчай улады Глыбоцкага раёна Алег Морхат і старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч. Непаддзельная іх цікавасць да творчасці земляка. Выставу Эдуарда Уладзіміравіча ўжо бачылі на Глыбоччыне. Гэты візіт на прэзентацыю «Дзядоў» – знак павагі да мастака і чалавека. Яе госці выказалі ў сваіх прывітальных словах, узнагародзіўшы Эдуарда своеасаблівай імянной сімволікай, датасаванай да нядаўна адсвяткаванага 600-гадовага юбілею Глыбокага.
Шчырае захапленне творчасцю мастака, яго школай выяўленчага мастацтва выказала і старшыня Вілейскага райсавета дэпутатаў Наталія Радзевіч. І ў яе словах было звяртанне да памяці дзядоў… Падыходзілі людзі. Гаварылі пра тых, хто сёння не з намі. І мройны духоўны мост паміж мінулым і сённяшнім набываў рэальныя рысы. Запальваліся знічкі. Гучалі вершы – узрушаныя ўспамінамі, чыстыя крыніцы нашых светлых пакут і смутку. «Калі памруць мае дзяды – мяне таксама стане меней…»
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара