Год таму пайшла з жыцця наша зямлячка Наталля Салава. Таленавітая, маладая, прыгожая, з’яўлялася салісткай Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра ім. І. Жыновіча, спявала ў казачым ансамблі «Бацька Атаман», была ў поўным росквіце сіл, хацела жыць і тварыць, але … лёс распарадзіўся інакш. «Сонечная дзяўчынка» – так аб ёй успамінаюць яе калегі.
Вольга БРЫЛОН, музыказнаўца Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча:
– Я не памятаю Наташу Салаву без усмешкі на твары. Гэтая адкрытая ўсмешка заўсёды была яе візітоўкай і адразу выклікала незвычайную прыхільнасць ды сімпатыю да гэтай сапраўды сонечнай дзяўчынкі. Яе любілі за лёгкі характар, добразычлівасць і чысціню, што яна нязменна выпраменьвала. За вялікі талент, якім надзяліла яе прырода, за голас, што адразу ж браў у палон і ўжо не адпускаў са сваёй чароўнай прасторы… Ён, гэты незабыўны голас, скараў і захапляў з першых жа хвілін, як толькі яна пачынала спяваць.
Цягам дзесяці гадоў Наташа Салава была вядучай салісткай Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца. Прыйшла туды зусім яшчэ дзяўчынкай, без аніякага досведу працы на прафесійнай сцэне. Але за дзесяцігоддзе цалкам апраўдала давер, што аказаў ёй маэстра Казінец. І ніколі не падвяла свайго “хроснага” – музыканта і дырыжора Аляксандра Крамко, які літаральна за руку прывёў Наташу ў аркестр, пачуўшы яе выступленне на Рэспубліканскім конкурсе “Галасы Бацькаўшчыны-2004”, дзе яна стала пераможцай. Разам з аркестрам Наталля Салава выступала на самых прэстыжных канцэртных пляцоўках Беларусі, і перш за ўсё – на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі, прадстаўляла разам з аркестрам Рэспубліку Беларусь у Расіі, Польшчы, Украіне. І заўсёды пакідала незабыўныя ўражанні ў публікі сваёй летуценнасцю, нейкай асаблівай цнатлівасцю аблічча ды кранальнай прыгажосцю голасу…
Некалькі апошніх сезонаў Наташа Салава працавала ў складзе казачага ансамбля “Бацька Атаман”, з якім таксама шмат гастралявала па Беларусі і за мяжой.
І вось Наташы не стала. У гэта немагчыма паверыць, розум адмаўляецца прыняць гэтую трагічную вестку, што стала сапраўдным ударам для ўсіх нас, яе сяброў. Мала сустрэнеш творчых людзей, якіх безагаворачна любяць усе. Наташа – менавіта такая. У яе нават не было нядобразычліўцаў, усе ставіліся да яе з любоўю і сімпатыяй. Дый як можна было па-іншаму ўспрымаць гэтую адкрытую, кранальную ў сваёй шчырасці і чысціні дзяўчынку?.. Яна ўтойвала, што хварэе, мужна змагалася з хваробай ды верыла, што зможа яе адолець…
Не атрымалася.
Без маці застаўся яе чатырохгадовы сынок Макар. Без прыгажуні-жонкі – муж Саша, яе апора і надзейны тыл. Наташа не дажыла да свайго 30-годдзя літаральна чатыры дні.
Светлыя ўспаміны пра Наталлю засталіся і ў нашых віляйчан. Нарадзілася і вырасла Наталля ў нашым горадзе. Скончыла 4 школу, музычную школу па класе фартэпіяна. Пачынала кар’еру спявачкі з 8 гадоў у УЭС «Экспромт». Удзельнічала ў розных абласных, міжнародных, рэспубліканскіх конкурсах, заўсёды перамагала, была яркай прыкметнай, непаўторнай. Неаднаразова выступала па тэлебачанні. Па словах кіраўнікоў АЭС «Экспромт» Нэллі і Алега Зайцавых: за 26 гадоў існавання калектыву, яе голас – самы яркі, моцны, празрысты, з вялікім дыяпазонам. Любая музычная тэма была ёй па сілах. Яна ідэальна магла выканаць і эстрадныя, і народныя, і джазавыя песні».
Шмат успамінаў аб ёй засталося ў яе першых музычных кіраўнікоў, і Нэлі і Алег Зайцавы ў памяць аб Наталлі стварылі адкрытую групу на сайце ў «Аднакласніках», дзе размясцілі яе фатаграфіі, песні, узнагароды.
Кіраўніцтва Нацыянальнага акадэмічнага аркестра выступіла з ініцыятывай правядзення канцэрту ў гонар памяці Наталлі Салавай. Вілейскі раённы выканаўчы камітэт падтрымаў гэтую ініцыятыву. Канцэрт пройдзе з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь ім. І. Жыновіча, дзе выступяць лаўрэаты міжнародных і нацыянальных конкурсаў Ігар Задарожны, Марына Васілеўская, Андрэй Коласаў, Анастасія Рачыцкая. Дырыжоры аркестра – наш зямляк Міхаіл Казінец і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар Міхаіл Казінец. Таксама ў канцэрце прыме ўдзел казачы ансамбль «Бацька Атаман», кіраўнік Уладзімір Куксянкоў.
Выручаныя сродкі будуць пералічаны ў анкадыспансер УЗ «Вілейская ЦРБ».
Запрашаем усіх неабыякавых прыняць удзел у гэтай важнай падзеі.
Вольга ШЛЯПО.
Падрыхтавала па матэрыялах, прадастаўленых аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вілейскага раённага выканаўчага камітэта.



