24 кастрычніка ў 17 гадзін 30 хвілін адбудзецца адкрыццё выстаўкі “Дзяды” Эдуарда Уладзіміравіча Мацюшонка ў зале выстаў імя Н.Ю. Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея (г. Вілейка, пл. Свабоды, 1).
Эдуард Уладзіміравіч Мацюшонак – яскравая постаць у мастацтве Вілейшчыны. Нарадзіўся 7 сакавіка 1958 года ў вёсцы Манюта-2 Глыбоцкага района Віцебскай вобласці. У 1984 годзе ён скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. Жыве і працуе ў Вілейцы, выкладае выяўленчае мастацтва, а таксама кіруе студыяй выяўленчага мастацтва ў раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Як мастак, выстаўляе свае работы з 1985 года, прымае ўдзел у абласных і рэспубліканскіх выстаўках. Ужо прайшло шмат асабістых выставак. Вілейка, Мінск, Петрапаўлаўск-Камчацкі, Германія, Глыбокае, Паставы – няпоўны пералік гарадоў, дзе мелі задавальненне пазнаёміцца з творамі Эдуарда Мацюшонка.
Яго творчасць прасякнута адной тэмай – прыгажосць роднай беларускай зямлі і філасофія жыцця на ёй.
Выстаўка “Дзяды” – гэта маляўнічыя палотны, якія прыводзяць да разважання аб месцы чалавеку ў свеце і сувязі з продкамі. Яна пабуджае чалавека адносіцца з павагай да свайго роду і свайго месца ў гэтым жыцці. Выстаўка “Дзяды” прымеркавана да рэлігійнага свята памінання продкаў.
Кожны дзень для беларуса меў сваё значэнне. У кожнага тыдня была свая сімволіка, але асноўным напаўненнем была субота, у гэты дзень ушаноўвалі дзядоў, прадзедаў – усіх, адышоўшых у нябыт продкаў. Кожную суботу беларус мусіў, калі не наведаць могілкі, то добрым словам успомніць тых, хто надзяліў яго праз гены здольнасцямі, перадаў яму свае лепшыя рысы.
Дзяды вядуць свой радавод ад пачатку роду чалавечага. Перад смерцю чалавек бяссільны, і не менш, чым на пачатку свайго існавання, калі быў безабаронны перад прыроднымі стыхіямі ўвогуле. Прыродныя сілы ў яго ўяўленні паўставалі ў выглядзе чалавечай формы і ўступалі з ім у магічны дыялог, чалавек імкнуўся ўшанаваць іх праз магічныя рытуалы, абрады, звычаі, замовы, абрадавыя песні, карагоды. Так нарадзілася яе вялікасць Прыгажосць, магічнае стала прыгожым. Але вобраз прашчураў вырас да ўзроўню філасофскага яднання пакаленняў. Нябожчыкі, па ўяўленню прашчураў, не адыходзілі ў нябыт, а пераходзілі ў іншы стан існавання і маглі ўплываць на жыццё кроўных родзічаў.
У рамках выстаўкі “Дзяды” будзе арганізаваны перфаманс, у якім змогуць прыняць удзел усе наведвальнікі выстаўкі.
Надзея АЎДЗЕЙ, куратар выстаўкі, навуковы супрацоўнік музея.
Фота з архіву рэдакцыі


