Цяперашні год з’яўляецца стартам новай пяцігодкі і павінен надаць новы імпульс развіццю краіны. Калі на папярэдніх этапах развіцця сучаснага беларускага грамадства галоўным было адраджэнне і захаванне эканамічнага патэнцыялу Беларусі, то сёння перад грамадствам стаіць значна больш маштабная задача — зрабіць рашучы рывок ва ўсіх галінах і сферах дзейнасці, каб выйсці на ўзровень перадавых еўрапейскіх краін.
Асноўнай рухаючай сілай гэтага рыўка з’яўляюцца прадпрымальнасць, актыўнасць і ініцыятыва. Цяпер ад прадстаўнікоў любой прафесіі патрабуецца быць не проста выканаўцамі, якія дзейнічаюць па шаблону, а сапраўднымі гаспадарамі свайго лёсу, творчымі і энергічнымі людзьмі, адзначылі ў прэс-службе.
Аб’яўленне Года прадпрымальнасці падкрэслівае важкія дасягненні Беларусі ў стварэнні спрыяльных умоў для развіцця дзелавой актыўнасці і сімвалізуе накіраванасць беларускай дзяржавы ў будучыню, нацэленасць на прыярытэтную падтрымку людзей справы.
Год прадпрымальнасці будзе садзейнічаць стварэнню новага аблічча беларускай эканомікі, разняволенню дзелавой актыўнасці і ініцыятывы, фарміраванню атмасферы здаровай канкурэнцыі, спрыяльных умоў для ўкаранення новых тэхналогій ва ўсіх сферах, павышэнню дабрабыту і якасці жыцця грамадзян.
БелТА








