Так, свята стала фінальным акордам школьнага жыцця і тым момантам, калі, здаецца, кожны зразумеў, што ніводная хвілінка яго не паўторыцца і не вернецца. І цяпер – толькі наперад. У блізкай будучыні – уступная кампанія з яе трывогамі і хваляваннем, у аддаленай – студэнцкія гады, вучоба, новыя сябры, пошук сябе, вызначэнне з месцам працы, стварэнне сям’і… Многія-многія жыццёвыя прыступкі, крочыць па якіх трэба ўжо самастойна.

Поспеху на гэтым цікавым і адказным шляху жадалі выпускнікам дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Супрановіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар, намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама Людміла Сляпцова, старшыня ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Аляксандр Пуцэйка, святары – ксёндз Аляксандр Барыла і іерэй Уладзімір Ганчарук. Яны прыйшлі раздзяліць радасць свята з выпускнікамі Вілейшчыны разам з іх роднымі, сябрамі, настаўнікамі і жыхарамі горада.
Традыцыйны парад выпускнікоў па вуліцы 17 Верасня ў суправаджэнні аркестра і мажарэтак – дзея ўрачыстая, але кожны год непаўторная. Дзяўчаты – у прыгожых сукенках, з прычоскамі і асаблівым ззяннем у вачах. І хлопцы, салідныя, у касцюмах, непадобныя да сябе, ранейшых – зусім дарослыя…
Уручэнне атэстатаў з адзнакай, узнагароджанне стыпендыятаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на сцэне Цэнтральнай плошчы – момант урачысты і хвалюючы. Як і астатнія, ён запомніцца сёлетнім выпускнікам.
Вірлівы і гаманкі святочны натоўп выпускнікоў нагадаў птушанят, якім так хочацца хутчэй пакінуць свае гнёзды і самім стаць на крыло. Канечне ж, спадарожнага ветру ім ва ўсіх здзяйсненнях! І памятаць пра свае «гнёзды», каб не забыцца, хто ты, адкуль і куды (час такі прыйдзе) захочацца вярнуцца.
Таццяна ШАРШНЁВА/фота аўтара
































