18 мая 2016 года а 16 гадзіне ў выставачнай зале імя Н.Ю. Сілівановіча ДУ “Вілейскі краязнаўчы музей», у рамках міжнароднага Дня музеяў і Года культуры адбудзецца творчая сустрэча з беларускім літаратуразнаўцам, крытыкам, публіцыстам прафесарам Адамам Мальдзісам і вядомым культуролагам і мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім. Галоўнай тэматыкай творчай дыскусіі стане тэма развіцця беларускага мастацтва.
Даведка:
Адам Мальдзіс нарадзіўся 7 жніўня 1932 года у вёсцы Рассолы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў адказным сакратаром у Радашковічскай раённай газеце “Сцяг Ільіча”.
У 1959 годзе паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, пасля вучобы з 1969 года працаваў навуковым супрацоўнікам. У 1963 годзе абараніў дысертацыю. У 1986 годзе абараніў доктарскую дысертацыю.
У 1990 годзе быў у складзе дэлегацыі БССР і удзельнічаў у працы 45 сесіі ААН.
Адам Мальдзіс напісаў і выдаў шэраг кніг па гісторыі беларускай літаратуры. З 1954 года з’яўляецца сябрам Саюза пісьменнікаў СССР.
Сяргей Харэўскі — гісторык мастацтва і архітэктуры, культуролаг, мастак і літаратар. Скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР, аспірантуру Беларускай Акадэміі мастацтваў. Выкладаў у Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сааўтар праектаў «Беларуская Атлантыда», «Наша страва» і інш.