Той, хто мае жаданне працаваць, знойдзе магчымасць, а хто не захоча – прычыну. Менавіта першы варыянт выбралі вучні дзявятых-дзясятых класаў сярэдняй школы №3, якія на працягу дзесяці дзён працавалі ў брыгадзе часовай занятасці па рамонце школьнай мэблі. Брыгада з пятнаццаці чалавек была створана на базе ўстановы адукацыі з падтрымкай аддзела занятасці райвыканкама.
Згодна з ўмовамі дагавора, кожны дзень вучні працавалі па дзве гадзіны дваццаць хвілін – з 14.00 да 16.20. Здавалася б, не так шмат, але за дзесяць дзён яны змаглі адрамантаваць 45 сталоў і 35 крэслаў – памянялі сталешніцы і сядзенні. А яшчэ яны даглядалі кветнікі, палівалі іх. Адным словам, працавалі з карысцю для школы і не дарэмна для сябе – кожны з вучняў зарабіў каля пяцідзесяці рублёў і атрымаў пэўны працоўны вопыт, які, безумоўна, спатрэбіцца ў жыцці. 31 мая іх працоўная вахта скончылася, але на летні перыяд, расказала намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы Алена Лагутка, часовая брыгада па рамонце мэблі збіраецца зноў. Жадаючых хапае, і, каб было справядліва, у брыгаду возьмуць тых, хто хутчэй падрыхтуе і прынясе неабходныя дакументы – заяву, згоду бацькоў, медыцынскую даведку і ксеракопію пашпарта.
Такая практыка, калі ў рамонце школы ў летні час прымаюць удзел самі вучні, расказаў дырэктар сярэдняй школы №3 Мікалай Гіро, працягваецца ўжо каля дзесяці год. Рамонтам мэблі сваімі намаганнямі займаюцца не так доўга – тры гады. Але на працягу іх у гэтым напрамку сапраўды шмат зроблена – у школе памянялі ўсе сталешніцы і сядзенні. Выпускнікі школы, ужо студэнты, самі цікавяцца, ці патрэбна дапамога. Тыя, каму ўжо споўнілася 18 год, маюць дазвол працаваць з маслянай фарбай – і фарбуюць, робячы школу, якая дала ім пуцёўку ў жыццё, прыгажэйшай. Іх рабочы дзень – «дарослы», складае восем гадзін. «Добрыя дзеці, з якімі прыемна супрацоўнічаць, – такую адзнаку даюць ім у роднай школе.
На гэты летні сезон, паведаміла Алена Лагутка, аддзел занятасці будзе закупляць фарбу і зноў прапануе супрацоўніцтва і магчымасць самім зарабіць «кішэнныя» грошы. Гэтай магчымасцю скарыстаюцца тыя, каму ёсць 16-18 год – менавіта такі ўзроставы цэнз для працы з водаэмульсійнымі фарбамі, або на воднай аснове. Не бавіць летам час дарэмна – для гэтага ўсе ўмовы ёсць, патрэбна толькі жаданне.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара