У маі гэтага года ў Вілейцы адбыўся пленэр, прысвечаны памяці і творчасці мастака-авангардыста Уладзіслава Стрэмінскага. Шэсць студэнтаў кафедры скульптуры мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, загадчыкам якой з’яўляецца наш знакаміты зямляк Слабодчыкаў Уладзімір Іванавіч, які і ініцыяваў правядзенне пленэра, працавалі над стварэннем трох кампазіцый.
Скульптурную кампазіцыю з элементамі ўнізма ў гарэльефе, якая поўнасцю вызначае творчасць мастака, выканалі Фёдар Саратцаў і Станіслаў Шашкоў і прысвяцілі памяці Уладзіслава Стрэмінскага.
На яго долю выпаў складаны лёс і цяжкі час, усё яго жыццё – гэта выпрабаванне, але ён ніколі не здрадзіў мастацтву і сваім уласным прынцыпам. Гэта быў асаблівы чалавек, адораны воляй і талентам.
Нарадзіўся Уладзіслаў Стрэмінскі 21 лістапада 1893 года ў Мінску. Яго бацька, які ўсё жыццё служыў у чыне падпалкоўніка рускай армііі, не бачыў іншай будучыні і для старэйшага сына і, як толькі хлопчыку споўнілася 11 гадоў, ён стаў вучнем Кадэцкага корпуса імя імператара Аляксандра II у Маскве, пасля заканчэння якога ў 1911-1914 гадах вучыўся ў Пецярбургскім Вышэйшым вайсковым інжынерным вучылішчы імя імператара Мікалая II. Атрымаўшы выдатную адукацыю і, напэўна, пагадзіўшыся з прадугледжанай для яго бацькамі кар’ерай вайскоўца, тады ён амаль не цікавіўся жывапісам.
Не прайшло і месяца пасля заканчэння вучылішча, як выбухнула Першая сусветная вайна. У 1916 годзе падраздзяленне, якім камандаваў Уладзімір Стрэмінскі, знаходзілася непадалёку ад мястэчка Пяршаі (цяпер вёска ў Валожынскім раёне. В.К.). На той час на ўсходнім фронце панаваў адносны спакой. Але надарыўся яго вялікасць выпадак. Цяжка паранены выбухам гранаты, дваццацітрохгадовы Уладзіслаў трапіў у маскоўскі шпіталь, дзе ў яго часткова ампутавалі левую руку і правую нагу. На адно вока ён амаль страціў зрок.
Скарыцца з незайздросным будучым інваліда? Гэта не было выйсцем для яго. Дапамагла маладая санітарка Кацярына Кобра, яго будучая жонка. Яна сама марыла стаць скульптарам-авангардыстам, была знаёма з творчасцю куба-футурыстаў, не абмінала іх сенсацыйныя выставы, сваімі ўражаннямі дзялілася з Уладзіславам падчас наведвання яго ў шпіталі. Тады менавіта і ён зацікавіўся мастацтвам.
Выпісаўшыся са шпіталю, дзе Стрэмінскі правёў амаль два гады, у кастрычніку 1918 года ён наведвае Першыя Дзяржаўныя Свабодныя Майстэрні ў Маскве. Там блізка сыходзіцца з Казімірам Малевічам.
Уладзіслаў Стрэмінскі надзіва актыўна ўключаецца ў мастацкае жыццё, удзельнічае ў авангардных выставах у Маскве, Разані, Віцебску. Ніхто не мог вытлумачыць, як Стрэмінскі, толькі з’явіўшыся ў мастацкім асяроддзі, стаў прафесійным творцам і адразу набыў незвычайную вядомасць. Ніка Стрэмінская, дачка мастака, у сваёй кнізе » Milosc, sztuka i nienawisc» («Каханне, мастацтва і нянавісць», аб Кацярыне Кобра і Уладзіславе Стрэмінскім. Надрукавана ў Варшаве ў 1991 г.), адзначае «… у маім бацьку павінен быў тоіцца магутны мастацкі зарад, які нечакана ўзарваўся. Магчыма, быў бы згублены, каб не той няшчасны выпадак і калецтва. Бо быў надзвычай настойлівы ў імкненні да вызначанай мэты, амбітны, патрабавальны і бескампрамісны да сябе і іншых, і здолеў дасягнуць так шмат на працягу вельмі кароткага часу…»
На пачатку 1919 года Стрэмінскі, натхнёны вялікімі мастацкімі ідэямі, вяртаецца ў родны Мінск і пачынае працаваць у Аддзеле выяўленчага мастацтва народнага камісарыята асветы. Тут раскрываецца яго талент як арганізатара авангарднага афармлення горада. Ён аздабляе Мінск усё новымі нязвыклымі формамі.
Восенню 1919 года Стрэмінскі ўжо ў Смаленску, куды быў запрошаны працаваць у якасці кіраўніка сектара мастацтва ў Аддзеле асветы, а летам 1920 года сюды з Масквы перасялілася і Кацярына Кобра, бо падчас грамадзянскай вайны жыць там было крыху лягчэй, чым у сталіцы. Тут разам яны выкладаюць у мастацкай майстэрні сярэдняй школы для таленавітай моладзі, тут разам утварылі філію УНОВІСа (суполка бескампрамісных сцвярджальнікаў новага мастацтва), якой у Віцебску кіраваў Казімір Малевіч.
Новы этап у сумесным творчым і асабістым жыцці Стрэмінскіх пачынаецца ў сярэдзіне 1922 года, калі яны вырашылі пераехаць у Вільню да родных Уладзіслава. Тут мастак ладзіць сваю першую выставу, шукае свайго творчага, ні з чым непараўнальнага адкрыцця. І знаходзіць! У 1928 годзе выдаецца яго брашура «Унізм у жывапісу», дзе ён выкладае асновы плоскаснага разумення прынцыпаў сучаснага жывапісу. Адсюль – і сама назва. Уладзіслаў Стрэмінскі быў і першым мастаком-уністам. Яго жывапісныя, графічныя, архітэктурныя кампазіцыі-праекты далі доказ слушнасці і дасканаласці яго тэарэтычных канцэпцый.
Мы ганарымся тым, што частка жыцця і творчасці Уладзіслава Стрэмінскага звязана і з Вілейшчынай. У 1923-1924 гадах ён жыве і працуе ў Вілейцы. У мясцовай гімназіі імя Генрыка Сянкевіча (будынак захаваўся да нашага часу, вул. Савецкая, 54, зараз тут Вілейскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі) выкладае малюнак. Менавіта тут Стрэмінскі пачаў маляваць сінтэтызаваныя вобразы, гэта было станаўленне першага этапа мастацкай рэалізацыі ў творчасці тэорыі унізма.
Увосень 1931 года Стрэмінскія пераехалі ў Лодзь, стварылі ў гэтым горадзе музей сучаснага мастацтва, аб’яднаўшы вакол сябе аднадумцаў. Тут, у 1936 годзе нарадзілася іх дачка Ніка. Клопатаў прыбавілася, але б неяк усё склалася, калі б не вайна.
Шукаючы паратунку, 10 верасня 1939 года Стрэмінскі зноў вяртаецца ў Вілейку. Тут мастак спадзяваўся на працяг сваёй творчай дзейнасці і адносна спакойнае жыццё. Ён зноў выкладае ў мясцовай гімназіі, актыўна ўключаецца ў культурнае жыццё горада, стварае свой слынны графічны цыкл малюнкаў «Заходняя Беларусь», дзе лёгкай контурнай уністычнай лініяй адлюстроўвае сінтэтызаваныя ўражанні ад вясковай архітэктуры, вобразаў людзей. Мастак нібы аднаўляе тыя тонкія повязі, што злучалі яго з гэтым куточкам свету, дзе ён упершыню пачаў складаць сваю авангардную тэарэтычна-практычную канцэпцыю светабачання і светаадлюстравання.
Прыгадаў ён тут і сваю мінскую маладосць, калі ў Вілейцы на свята 1-га Мая, якое адзначалася ўпершыню, зрабіў вельмі смелае, «феерычна-колеравае аздабленне з прасторавых кампазіцый». Улады яшчэ не ведалі, як кіраваць мастацтвам «у новай свабодзе», і дазволілі яму літаральна ўсё. Але заставацца далей на роднай зямлі становіцца небяспечна, пачаліся рэпрэсіі, акурат для тых, хто хоць нечым выдзяляўся сваімі здольнасцямі і паводзінамі.
Пражыўшы ў Вілейцы дзевяць месяцаў, у сярэдзіне мая 1940 года Стрэмінскія зноў вяртаюцца ў Лодзь. Тут, абапіраючыся на вілейскія дасягненні, мастак працягвае працу над новымі графічнымі цыкламі.
Пасля вызвалення Польшчы актыўна супрацоўнічае з музеем сучаснага мастацтва ў Лодзі, заснавальнікам якога быў і куды перадаў свае карціны і сем цыклаў малюнкаў.
Апошнія гады жыцця і творчасці мастака былі не менш трагічнымі. Ніхто не змог абараніць паважанага маэстра перад тым тэрорам, які пачаўся супраць яго напрыканцы 40-х гадоў, калі да ўлады ў Польшчы прыйшлі камуністы. Яго звольнілі з працы, выключылі з Саюза польскіх мастакоў.
26 снежня 1952 года мастака не стала, ён памёр ад цяжкай хваробы і амаль у поўнай адзіноце.
Але назаўжды выкрасліць з культурнай памяці творчасць Уладзіслава Стрэмінскага і Кацярыны Кобра не ўдалося. Сёння іх мастацтва шырока вядома і прызнана не толькі ў Польшчы, але і ва ўсім свеце. Выставы твораў Уладзіміра Стрэмінскага ладзіліся ў многіх краінах Еўропы і нават у ЗША. І ніколі – на Радзіме.
У 1993 годзе, калі адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Стрэмінскага, было шмат зроблена для папулярызацыі творчасці мастака на Беларусі. Па сутнасці, было вернута імя славутага творцы ў наша айчыннае мастацтва. А ў красавіку 1994 года ўпершыню Беларусь наведала і Ніка Стрэмінская. Гэты візіт стаў для яе вялікай падзеяй. «Шчасцем было ўжо дакрануцца падэшвамі да той зямлі, па якой хлопчыкам хадзіў мой бацька», – не ўтойвала сваіх пачуццяў жанчына. Пасля Мінска наведала яна і Вілейку. «Дзіўна, але я ўбачыла, наколькі трапна мой бацька адлюстроўваў гэтае мястэчка ў цыкле ўністычных, надзвычай лаканічных малюнкаў «Заходняя Беларусь», – падзялілася сваімі ўражаннямі падчас сустрэчы ў Вілейскім краязнаўчым музеі Ніка Стрэмінская і пакінула ў дар сваю кнігу.
14 снежня, у суботу, а 15.00 гадзіне ў выставачнай зале музея адбудзецца вечарына памяці Уладзіслава Стрэмінскага. Запрашаем усіх жадаючых.
Вольга КОЛАСАВА, старшы навуковы супрацоўнік музея.
Фота прадастаўлена аўтарам




