Творчасць і краязнаўства, на мой погляд, проста нельга раздзяліць. Хіба можа быць чалавек, які займаецца краязнаўствам, не творцам? Адназначна – не! У нашай Ільянскай школе краязнаўствам займаюцца амаль усе: ад дырэктара школы да першакласнікаў. Пацвярджэннем гэтаму стала свята, прысвечанае падвядзенню вынікаў краязнаўчага месячніка, а калі гаварыць насамрэч, то ўсяго навучальнага года, бо яно падводзіла вынік конкурсу “Лепшы краязнавец года”.
Безумоўна, месячнік па краязнаўству быў плённым і выніковым. Кожны клас, а гэта і пошукавая група, разам з класным кіраўніком правялі шырокую акцыю “Звіняць медалі на грудзях ветэранаў”, якая прысвячалася 70-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Творчыя даследчыя працы гэтай акцыі размешчаны ў інфармацыйным краязнаўча-метадычным цэнтры школы. Музей “Ільянскія далягляды” папоўніўся звесткамі пра ўзнагароды ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія сабралі вучні пра сваіх прадзедаў, родных, суседзяў, аднавяскоўцаў. Сустрэча з Чаславам Антонавічам Варславанам ускалыхнула юных слухачоў да глыбіні душы. Шаноўнаму ветэрану даўно пераваліла за 90, а ён так проста і шчыра распавядае пра мінулыя выпрабаванні і страты, перамогі і раненні і заўважае: “Слухайце, дзеткі, нас, ветэранаў, засталіся адзінкі. Я гавару пра тое, што бачыў, перажыў, а мяне таксама не стане. А так хочацца, каб вы памяталі пра вайну і бераглі мір”. Каб не пайшлі ў небыццё ўспаміны Часлава Антонавіча, мы зрабілі відыёзапіс, фотаздымкі і запрасілі ветэрана прыходзіць на новыя сустрэчы. Пашана яму наша і павага. Прайшлі веснавыя дэсанты па добраўпарадкаванні мемарыяльных комплексаў Боркі, Любча (спаленых вёсак), помніка на месцы знішчэння яўрэяў мястэчка Ілья, магіл ахвярам фашызму (в. Капусціна, Каўшэвічы). На мемарыяльным комплексе Любча пасаджана “Алея памяці”.
У школе прайшло шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. І ўшанаванне гэтых дат працягваецца.
У музеі “Вілейшчына літаратурная” праведзены мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Ганны Новік,такому ж юбілею Аркадзя Куляшова, 200-годдзю лінгвіста Іосіфа Гашкевіча, 60-годдзю Уладзіміра Цануніна, якога нядаўна прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Экскурсаводы рады кожнаму наведвальніку. Таму і бягуць на кожным перапынку дзеці, каб паслухаць пра пісьменніка-земляка або проста паназіраць, як экскурсаводы ўдасканальваюць свае веды. А на сапраўдныя экскурсіі прыходзяць вучні цэлым класам і кожны раз на тую тэму, якую запрасілі (запланавалі).
У конкурсе “Лепшы краязнавец года” ўдзел прынялі ўсе вучні школы праз вусныя і пісьмовыя адказы на пытанні, заданні, выступленні, літаратурную творчасць, сабраныя экспанаты. Краязнаўчы і літаратурны музеі,інфармацыйна-краязнаўчы цэнтр працавалі скрупулёзна: лічылі балы, ацэньвалі творчыя працы, рыхтавалі сцэнарый і чытальнікаў. Таму і вынік атрымаўся выдатны: больш сарака чалавек атрымалі дыпломы і падзякі, а свае творчыя працы чыталі толькі тыя, хто перамаглі. Зараз кожны з аўтараў школьнага літаратурнага зборніка можа заглянуць у чарговы “Куфэрачак” (Выпускаць такі зборнічак стала традыцыяй пры падвядзенні вынікаў конкурсу “Лепшы краязнавец года”). Нават другакласніца Ярашонак Юлія напісала верш “Мой букет”. Вось так і ўсе мы сваю кветачку ўносім у “краязнаўчы букет”, каб жыла памяць пакаленняў і квітнела наша Радзіма.
Роза ШЭРАЯ, кіраўнік школьнага народнага
літаратурнага музея “Вілейшчына літаратурная”.
Фота Васіля ШЭРАГА
10 красавіка 2014 года ў Ільянскай сярэдняй школе імя А.А. Грымаця Вілейскага раёна прайшло заключнае мерапрыемства праекта “Краязнавец года”.
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ








