1 чэрвеня 1947 года ў вёсцы Каралеўцы Вілейскага раёна нарадзіўся Анатоль Валянцінавіч Рогач – інжынер-энергетык, краязнаўца, дэпутат Вілейскага раённага Савета дэпутатаў, майстар спорту па шашках па перапісцы.
Анатоль Валянцінавіч Рогач скончыў Іжанскую сярэднюю школу, затым служыў у радах Савецкай Арміі. З 1967 года пачаў працаваць у Вілейскім раёне электрычных сетак, дзе прайшоў шлях ад простага электрыка да кіраўніка прадпрыемства (з 1988 г.). У 1972 годзе завочна скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі.
Сваю прафесійную дзейнасць Анатоль Валянцінавіч актыўна спалучаў з краязнаўствам. Яго грунтоўныя веды гісторыі Вілейшчыны і, навогул Павілля, здзіўлялі нават прафесійных гісторыкаў. Анатоль Валянцінавіч адкрыў мноства невядомых фактаў з гісторыі Вілейскага раёна, актыўна публікаваў свае гістарычныя артыкулы з адкрыццямі ў друку. Пры стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Вілейскі раён» Анатоль Рогач уваходзіў у склад яе камісіі, і для гэтай кнігі напісаў больш за 30 гістарычных артыкулаў. Ён актыўна займаўся і даследчыцка-пошукавай дзейнасцю ў архівах Вільні, Гродна, Маладзечна, Мінска.
Анатоль Валянцінавіч Рогач з’яўляецца адным з самых аўтарытэтных даследчыкаў жыцця і творчасці нашых землякоў: Нікадзіма Сілівановіча, Піліпа Орліка, Івана Кандрацьева, Адама Гурыновіча, Ігнація Ходзькі, Эдварда Жалігоўскага і інш. Дзякуючы яго намаганням, разам з кагортай аднадумцаў, на тэрыторыі Вілейскага раёна былі адкрыты дзесяткі памятных знакаў і створаны ўнікальныя мемарыяльныя месцы і гісторыка-турыстычныя комплексы, што звязаныя з гістарычнымі падзеямі і з імёнамі знакамітых выхадцаў нашага раёна. Пералічыць усе факты і гістарычныя падзеі, якія адкрыў і даследаваў Анатоль Рогач не магчыма. У 2013 годзе з друку выйшла кніга, напісаная ў суаўтарстве Анатолем Рогачам і Сымонам Борысам «Нарачанка і яе берагі» – гэта сапраўдная энцыклапедыя гісторыі, дзе распавядаецца пра мінулае і сучаснасць Нарачанскага краю, з вялікай колькасцю цікавых гістарычных фактаў, аповедаў пра знакамітых уражэнцаў, звычаях і традыцыях края.
Акрамя таго, Анатоль Рогач – майстар спорту па шашках па перапісцы. Ён з’яўляецца пераможцам рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў.
У 2014 годзе ў памяць аб апантанным краязнаўцы, энергетыку і гісторыку на будынку Вілейскіх электрасетак была адчынена мемарыяльная дошка ў яго гонар. Галоўнымі словамі на ёй з’яўляюцца: «Вяртаў гістарычную памяць землякам» – і гэта сапраўды так.
Падрыхтаваў Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва рэдакцыі