У верасні мінулага года пачаўся музычна-адукацыйны праект «Беларусь-тур», арганізаваны пры падтрымцы грамадскай арганізацыі «Белая Русь» і Міністэрства культуры. Было запланавана, што падчас яго беларускі акардэаніст, спявак і кампазітар Ігар Квашэвіч, вядомы далёка за межамі нашай краіны, дасць больш за 120 канцэртаў і майстар-класаў. Сёння праект плённа крочыць па Беларусі. Жыхары многіх населеных пунктаў ужо пазнаёміліся з талентам Ігара Квашэвіча, а ў мінулую сераду і Вілейка пачула адмысловае гучанне акардэона – самадастатковага інструмента з вялікімі магчымасцямі. Наш горад стаў шэсцьдзясят восьмым у спісе гэтага дабрачыннага праекта. Адкрыццё новых талентаў, іх падтрымка – яго асноўная мэта. А яшчэ, як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам нашай газеты Ігар Квашэвіч, – выхаванне падрастаючага пакалення на добрай музыцы.
– Самае галоўнае – духоўны рост нашых грамадзян, ад мала да вяліка. Я імкнуўся, каб праграма была насычанай, імкнуўся пазнаёміць слухачоў з лепшымі прыкладамі класічнай музыкі. Упэўнены: той, хто судакрануўся з класікай, не здольны на дрэнныя ўчынкі. У жыцці ён, можа, не стане музыкантам, але ў яго застанецца база, тая культурная аснова, якую, у сваю чаргу, ён перадасць сваім нашчадкам. Такім чынам мы імкнёмся абазначыць перспектыву дзіцяці. Няпростая задача – з мноства выбраць некалькі самабытных нумароў, бо школа баяна і акардэона Беларусі адна з моцных у свеце.
Лагічным вынікам праекта стане фінальны гала-канцэрт, які адбудзецца ў кастрычніку бягучага года ў Мінску. Ігар Квашэвіч не выключае магчымасці правядзення папярэдне канцэртаў у абласных гарадах нашай краіны. Па ўмовах праекта, самыя самабытныя,адметныя і яркія нумары будуць прадстаўлены публіцы.
У скарбонцы віляйчан засталіся яркія ўражанні пасля майстар-класу для юных талентаў Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў і канцэрта з дваццаці нумароў у раённым Палацы культуры. Такім было знаёмства з Ігарам Квашэвічам, якога (і ў гэтым мы ўпэўніліся) заслужана называюць залатым акардэонам Беларусі.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА