Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Закрыццё пленэра адбылося

Насуперак вядомаму выразу, першы блін не выйшаў комам – я маю на ўвазе мінулагодні раённы пленэр юных мастакоў Вілейшчыны. Мерапрыемства атрымалася і запомнілася. І сёлета аматараў жывапісу на адкрытым паветры сабраў ужо другі пленэр, прысвечаны творчасці нашага земляка Нікадзіма Сілівановіча. Яго адкрыццё адбылося 13 чэрвеня. Як і ў мінулым годзе, засяроджанаму назіранню і творчасці ўдзельнікі пленэра прысвяцілі тры дні, а ў суботу, 16 чэрвеня, у зале выстаў краязнаўчага музея, якая носіць імя знакамітага земляка, падводзілі вынікі мерапрыемства.

Як расказала Надзея Аўдзей, навуковы супрацоўнік музея, журы разглядала работы сарака трох школьнікаў (менавіта столькі было ўдзельнікаў) у трох узроставых групах – малодшай, сярэдняй і старэйшай. У першы дзень пленэра яны наведалі мемарыял памяці Першай сусветнай вайны ў Заброддзі. Надвор’е не было бясхмарным, але дождж не перашкодзіў удзельнікам пленэру ўсё як след разгледзець і зрабіць замалёўкі. Наступнай кропкай на іх маршруце сталі Цынцавічы – радзіма Сілівановіча. А 14 чэрвеня юныя мастакі наведалі Нацыянальны мастацкі музей у Мінску, парк Горкага, Мінскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава. 15 чэрвеня пленэр перамясціўся ў Вілейку – школьнікі больш уважліва разгледзелі цэнтр горада, каб потым адлюстраваць яго адметныя архітэктурныя формы. У той жа дзень лекцыю «Мастацтва графікі» у зале выстаў музея прачытаў Барыс Цітовіч. У заключны дзень пленэра юныя мастакі наведалі вадасховішча. Работы, на якія яно натхніла юных творцаў, занялі сваё месца сярод іншых на выставе. Аднаму даспадобы прыйшлася водная прастора ў абдымках адмысловай па форме берагавой лініі, іншаму – мост над блакітнай гладдзю. Кожны з прадстаўленых малюнкаў нясе сваё, адметнае ўражанне і светаўспрыманне.
Усе моманты мерапрыемства былі адлюстраваны ў відэапрэзентацыі, якую прадэманстравалі ўсім зацікаўленым, якіх, дарэчы, сабралася нямала. Выстава ж, што атрымалася ў выніку пленэра, як адзначыў Сяргей Ганчар, дырэктар краязнаўчага музея, «стала своеасаблівым падарункам нашаму гораду і выставачнай зале». Сапраўды, падчас знаёмства з работамі юных мастакоў на звычайныя рэчы,што знаходзяцца вакол нас, глядзіш па-новаму, больш уважліва.
Да дзяцей, бацькоў, педагогаў звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Жанна Петух. Яна заўважыла, як перамянілася, дзякуючы работам, зала выстаў, напоўнілася святлом і фарбамі. Кожны з дзяцей, як параіў падчас адкрыцця пленэра Эдуард Мацюшонак, пастараўся пакінуць у сваёй работе часцінку душы, і, па словах Жанны Уладзіміраўны, гэта атрымалася.
– Вы такія маладыя, такія таленавітыя, што ўсё ў вас яшчэ наперадзе, – запэўніла яна ўдзельнікаў і падзякавала бацькам і педагогам за такіх дзяцей.
Талент удзельнікаў быў адзначаны – дыпломы і падзякі школьнікам уручалі галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Ірына Бадзеева і выкладчык, мастак Эдуард Мацюшонак. У пленэры ўдзельнічалі прадстаўнікі гімназіі №1 «Логас» (выкладчыкі Мацюшонак Э. У., Мацюшонак А. І.), гімназіі №2 (выкладчыкі Чабатар С. Г. і Шчарбакова В. С.), сярэдняй школы №3 (выкладчык Піваварэвіч С. Г.), Даўгінаўскай сярэдняй школы (выкладчык Лісава Н. І.), Любанскай дзіцячай школы мастацтваў (выкладчыкі Гарачаў С. І. і Аксючыц М. В.), цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і падлеткаў (выкладчык Мацюшонак Э. У.).
Закрыццё пленэра адбылося. Працягваюцца канікулы. Але і вольны час трэба бавіць з карысцю – пра гэта, звяртаючыся да прысутных, гаварыў Эдуард Мацюшонак. Ён падзякаваў бацькам, педагогам, дзецям за тое, што мерапрыемства атрымалася, прадстаўнікам улады горада, адміністрацыі музея і ўсім зацікаўленым за падтрымку. Адпачынак, па словах Эдуарда Уладзіміравіча, – гэта калі на душы цёпла і добра. Менавіта такім быў мінулы пленэр, які мае ўсе шанцы на набыццё статуса традыцыйнага мерапрыемства.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара





Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries