Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Захавальнікi народных рамёстваў

Багатая сваімі талентамі Вілейская зямля. З пакалення ў пакаленне перадаюцца навыкі, веды і ўменні народных майстроў і ўмельцаў. Самабытная творчасць народных майстроў вучыць любіць свой край, прыроду, беражліва адносіцца да духоўнай і матэрыяльнай спадчыны продкаў.

У Вілейскім раённым Доме рамёстваў створаны спрыяльныя ўмовы для захавання і развіцця рэгіянальнай традыцыйнай культуры. Сёння робіцца ўсё для таго, каб непаўторны здабытак народнага мастацтва не знік, а рамяство перадавалася маладому пакаленню. Таму асноўнымі напрамкамі дзейнасці Дома рамёстваў, з’яўляюцца адраджэнне, захаванне і развіццё традыцыйных народных рамёстваў, перадача вопыту ўсім зацікаўленым. З гэтай мэтай штотыдзень праводзяцца майстар-класы для розных слаёў насельніцтва, пачынаючы ад дзяцей і заканчваючы людзьмі сталага ўзросту, а таксама арганізаваны гурткі па інтарэсах.

У Вілейскім раённым Доме рамёстваў адкрыты і дзейнічаюць творчыя майстэрні па вырабе беларускіх паясоў, мастацкай коўкі, лазапляценні, кераміцы, саломапляценні, роспісу яек, вырабе беларускіх абрадавых, а таксама сувенірных лялек. На працягу года майстры шукаюць новыя напрамкі дзейнасці ў традыцыйным і сучасным мастацтве, якія можна было б развіць і выкарыстоўваць у Доме рамёстваў, яны заўсёды ў пошуку новых ідэй.

Шматлiкiя выставы работ майстроў папаўняюцца новымі працамі. Пашыраецца калекцыя беларускіх паясоў, ткацтвам якіх не першы год займаецца метадыст-майстар Святлана Лучнікоўская.Таксама пастаянна папаўняецца калекцыя выставачных экспанатаў майстра мастацкай коўкі Васіля Капцюга. З металам не проста працаваць, але ў руках сапраўднага майстра ён становіцца падатлівы і пластычны – з сталёвых лістоў стварае вытанчаныя кветкі, прадметы дэкору і мэблі.

Самым папулярным для ўсіх катэгорый насельніцтваў на сённяшні дзень застаецца гурток па кераміке «Гліняная казка».

Працягваецца праца гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Ўсе – мастакі!» (кіраўнік – Алена Усціновіч) i гуртка мяккай цацкi «Чароўныя лялькі» (кіраўнік – Таццяна Сушко), якія таксама папаўняюцца новымі выставачнымi экспанатамі.

Акрамя гурткоў у Доме рамёстваў дзейнічае аматарскае аб’яднанне «Вытокi», кіраўніком якога з’яўляецца дырэктар РДР – Марына Каравай. Выстава Марыны Аляксандраўны напоўнена народнымі лялькамі, лялькамі-абярэгамі, а таксама стылізаванымі лялькамі, трымаючы якіх, так і адчуваецца дабрыня і цяпло рук майстра, непаўторнасць і індывідуальнасць.

Гонарам Дома рамёстваў з’яўляецца «Музей яйка», цяпер у абноўленым інтэр’еры працягвае сустракаць і радаваць гасцей. Майстры аднаўляюць забытую народную традыцыю і праводзяць майстар-класы па роспісу велікодных яек круглы год. У экспазіцыі музея – велікодныя яйкі, выкананыя ў розных традыцыйных тэхніках з рознага матэрыялу: драўляныя, інкруставаныя аб’ёмнай саломкай, керамічныя. Прадстаўлены цэлыя калекцыі яек, напрыклад, распісаныя біблейскімі сюжэтамі або ў тэхніцы выцінанкі. Навучыць майстэрску распісваць велікодныя яйкі дапамогуць на майстар-класах па пісанке, якія праводзяцца ў любую пару года.

dom_remesel

Варта адзначыць, што цеснае супрацоўніцтва з школамі і дзіцячымі садкамі горада i раёна дапамагае несці зацікаўленасць і любоў да народнага рамяства новаму пакаленню, не перарываючы традыцый. Дом рамёстваў запрашае дзяцей на майстар-класы да сябе і часцей за ўсё сам прыязджае да жадаючых у госці. Акрамя таго, майстры, захавальнікі народных традыцый раёна, актыўна ўдзельнічаюць у гарадскіх, раённых, рэгіянальных і абласных мерапрыемствах, выклікаючы захапленне ў гледачоў, якія набываюць іх вырабы ў якасці сувеніраў.

Таццяна СУШКО, навуковы супрацоўнік Вілейскага раённага Дома рамёстваў

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 185 queries