Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Юбілей земляка

Нашаму земляку з вёскі Дварэц Хаценчыцкага сельскага Савета, выдатнаму паэту, празаіку, перакладчыку і наогул неардынарнаму чалавеку Папковічу Уладзіміру Антонавічу зусім нядаўна споўнілася 75 гадоў. З гэтай нагоды ў рамках тыдня кнігі адбылася сустрэча пісьменніка з чытачамі, і найперш – маладымі чытачамі, бо праходзіла сустрэча ў Ільянскай школе. Сабралася шмат вучняў, настаўнікаў. Павіншаваць юбіляра прыехалі і яго сябры па творчым цэху – паэты Л.Дранько-Майсюк, Э.Акулін, В.Кажура. А пачала размову Роза Шэрая – стваральніца музея «Вілейшчына літаратурная». Гэта яна збірае матэрыялы пра творцаў-землякоў, запрашае іх на творчыя сустрэчы, з веданнем справы распавядае пра створанае аўтарамі. А пахваліцца ёсць чым. Напрыклад, Уладзімір Папковіч зусім нядаўна выдаў два зборнікі паэзіі «Вы будзеце смяяцца» і «Рэшта».
«Ах, нялёгка даецца парыванне да неба» – сцвярджае аўтар у адным з вершаў. Сапраўды, жыццё Уладзіміра Папковіча нельга назваць бясхмарным. У сям’і было 12 чалавек, у жывых засталося чацвёра. «Мама выплакала мора слёз за 9 пахаванняў», – успамінала пазней сястра паэта Леаніла. Валодзя нарадзіўся ў 1935 годзе. Ужо ў чатыры гады стаў чытаць. Падчас вайны з фашыстамі ў хаце сям’і Папковічаў жылі радысты і размяшчаўся партызанскі штаб. А калі наблізіўся фронт – партызаны папаўнялі рады Чырвонай Арміі. Старэйшая сястра пісьменніка стала зенітчыцай. У часы сталінскіх рэпрэсій быў арыштаваны бацька. Так што будучаму паэту даводзілася і сям’і бацькоў дапамагаць, і здабываць веды. Скончыў інстытут замежных моў, дасканала авалодаў нямецкай, так што і пераклады рабіў з яе і сам пісаў,і піша вершы на ёй.
Увазе прысутных былі прапанаваны новыя зборнікі Уладзіміра Папковіча: «Рэшта» і «Вы будзеце смяяцца». Шмат прагучала вершаў як у выкананні самога аўтара, так і вучняў-чытачоў – Дуровіч Крысціны, Бажэлка Ксеніі, Мікуліча Дзмітрыя, Церахавай Сняжаны, Алексяёнка Кірыла, Жакевіч Кацярыны, Судніковіча Аляксандра, Шэрага Мацвея, Шымель Паліны.
Выступоўцы – а гэта і паэт-зямляк Віктар Кажура і прысутныя літаратары Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін і аўтар гэтых радкоў.
Шчыра радаваліся творчым знаходкам Уладзіміра Папковіча, ухвалялі яго замілаванне роднай Вілейшчынай і ўслаўленню яе ў паэтычных творах, бо толькі родная зямля дае сілы і натхняе на новыя вобразы.
Хай неба над вамі, шаноўны Уладзімір Антонавіч, будзе заўсёды светлым і сонечным. Землякі любяць Вас, успрымаюць Вас як чалавека высокай культуры, сапраўднага інтэлігента і настаўніка з вялікай літары, які вучыць пісьмовым радком сваіх чытачоў мудрасці і прыгажосці.
Мікола ЖУК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries