Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Якімі дзеямі пачаўся і будзе суправаджацца аб’яўлены Папам Францішкам Год Міласэрнасці?

«Змяніліся часы і абумоўленасці жыцця людзей, але складаныя жыццёвыя сітуацыі заставаліся і надалей застаюцца. Яны прысутнічаюць як у матэрыяльнай, так і ў духоўнай сферах жыцця чалавека. Перад выклікамі кожнай эпохі касцёл не заставаўся і не застаецца абыякавым. Ён на іх адказвае, выкарыстоўваючы таксама і ласку Юбілейных гадоў. Вядома, якое значэнне ў жыцці касцёла і яго аднаўленні, у тым ліку і ў адказе на выклікі часу, меў II Ватыканскі сабор. Яго вучэнне застаецца актуальным і яшчэ не да канца раскрытым і выкарыстаным. Сам Сабор стаўся вялікім актам Божай міласэрнасці, бо дзякуючы яму, вяртаючыся да Святога Пісання, як адной з крыніц нашай веры, касцёл прадставіў сябе не як прыгожы, красуючыся самім сабой карабель або як непрыступную крэпасць, але як пілігрымуючы ў нябесны Ерузалем Божы народ падчас пераходу з Егіпецкай няволі ў Зямлю Абяцаную. У гэтай пілігрымцы ён сустракае шмат цяжкасцяў, падобна таму як сустракаў Выбраны народ падчас пераходу з Егіпецкай няволі ў зямлю Абяцаную. І як тады Бог аказваў яму сваю міласэрнасць, таксама і сёння ён праз касцёл працягвае яе праяўляць».
Менавіта таму Святы Айцец Францішак, адметнасцю служэння якога з’яўляецца міласэрнасць, Булай «Аблічча міласэрнасці» аб’явіў Святы Год Міласэрнасці пад дэвізам: «Міласэрныя, як Айцец».
У кантэксце гэтых радкоў з Пастырскага паслання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Юбілейны Год Міласэрнасці – інтэрв’ю нашага карэспандэнта з вілейскім дзеканам, ксяндзом Аляксандрам Барылам.

– Ксёндз Аляксандр, якімі дзеямі, скажам так, арганізацыйнага характару, пачаўся і будзе суправаджацца аб’яўлены Папам Францішкам Год Міласэрнасці і якая іх духоўная напоўненасць?
– У такім фармаце, як гэта аб’яўлена Папам Рымскім, Год адзначаецца ўпершыню. Для католікаў усяго свету ён пачаўся 8 снежня, у 50-ю гадавіну завяршэння II Ватыканскага сабору адкрыццём дзвярэй Міласэрнасці ў Базыліцы святога Пятра ў Ватыкане і завяршыцца іх закрыццём ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету 20 лістапада наступнага года.
– З прэсы вядома, што на гэты раз дзверы Міласэрнасці будуць адчынены не толькі ў Рыме. Падчас гутаркі ў студыі інтэрнэт-тэлебачання «СБ» мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч праінфармаваў, што 13 снежня вароты Міласэрнасці адчыніліся і ў 11-ці касцёлах Беларусі.
– Хачу дадаць, што ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі юбілейнымі святынямі ўстаноўлены Мінская і Магілёўская катэдры, а таксама Малая Базыліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе.
– Мяркую, што наш дыялог працягнецца ў рэчышчы духоўнага сэнсу падобнага роду дзей. Якія спадзяванні хрысціян-католікаў закліканы яны здзейсніць, як будуць спрыяць ачышчэнню нашых душ ад заганнага ўплыву амаральных праяў акаляючага свету, аздараўленню ўсяго грамадства?
– Брама міласэрнасці звязана з дараваннем чыстцовых караў. Каб атрымаць дараванне, трэба перш-наперш пабыць у споведзі, па другое – прайсці праз браму. І, вядома ж, паўдзельнічаць у Святой імшы, памаліцца ў тых інтэнцыях, у якіх моліцца Папа Францішак. Такім чынам можна атрымаць адпушчэнне грахоў не толькі для сябе, але і іншага чалавека, якому вы жадаеце паспрыяць.
– І ўсё ж чаму менавіта міласэрнасць становіцца свайго роду лакмусавай паперкай нашай хрысціянскай вартасці? Чаму менавіта гэты стан чалавечай душы Папа Францішак палічыў найбольш актуальным у наш напружаны, напоўнены рознага роду катаклізмамі час?
– Вы самі часткова адказалі на сваё пытанне. Акцыя міласэрнасці, абвешчаная каталіцкай царквой – гэта свайго роду адказ на выклікі часу. Мэта яго – прымірэнне. «У святле Божага Аб’яўлення неабходна памятаць аб тым, што святасць не дасягаецца выключна ахвярай ці знешнім культам, але таксама паслухмянасцю Богу праз сведчанне любові да бліжняга. Нездарма Езус кажа, што хоча не ахвяры, а міласэрнасці, – дазволю сабе працытаваць вытрымку з пастырскага паслання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. – Езус заклікае да спазнання міласэрнасці праз навяртанне да жыцця паводле Божага закону. Таму міласэрнасць і праўда павінны сустрэцца». Мне так разумеецца, што Папа Францішак, аб’яўляючы Год міласэрнасці, прагне падкрэсліць ролю менавіта гэтага памкнення чалавека ў напрамку яго духоўнага ачышчэння. Мітуслівы і безабаронны наш свет. Усявышні дае яму шанс на выжыванне, на магчымасць спыніцца ў бясконцай гонцы за мройнымі каштоўнасцямі. Чалавек павінен навесці парадак у сваёй душы, рэалізаваць праз міласэрнасць тую любоў да бліжняга, якая наканавана яму Усявышнім. Благаслаўлёныя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць, – абвясціў Пан Езус у сваім слаўным казанні на гары ў васьмі благаслаўленнях. Нездарма і ў сваім пастырскім пасланні арцыбіскуп заклікае нас адчыніць вочы, каб заўважыць няшчасці свету, раны нашых братоў і сясцёр, каб адчуць сябе пакліканымі іх клічам аб дапамозе. Як ніколі актуальна гучаць гэтыя словы ў наш бурны час, напоўнены лакальнымі ваеннымі канфліктамі, якія нясуць рэальную пагрозу свету.
– Пакліканы да новай сваёй місіі, Беларусь пакінуў сёлета Апостальскі нунцый Клаўдыа Гуджэроцці. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, развітваючыся з арцыбіскупам, назваў яго лепшым паслом Ватыкана, а місію ў нашай краіне – сумленнай, адкрытай, прынцыповай, не столькі дыпламатычнай, колькі агульначалавечай.
Успаміны якога характару звязаны ў Вас, ксёндз Аляксандр, з гэтай неардынарнай асобай? Я ведаю, што Клаўдыа Гуджэроцці некалькі разоў падчас свайго служэння ў Беларусі наведваў вілейскую парафію…
– Дзяліў з намі хвіліны радасці і часы смутку. Ён удзельнічаў у святкаванні 100-гадовага юбілею касцёла Узвышэння Святога Крыжа і прыехаў на пахаванне маладога святара Андрэя Ахрэма. Наша парафія ўдзячна Апостальскаму нунцыю за ўшанаванне Ядзвігі Пастарнак, адной са старэйшых, адданых касцёлу парафіянак. Дзякуючы Клаўдыа Гуджэроцці, гэта паважаная асоба атрымала пасланне ад самога Папы Францішка. Яно адначасова стварыла высокі гонар для нашай парафіі.
Клаўдыа Гуджэроцці па сапраўднаму палюбіў Беларусь і яе народ, сцвярджаў нашу краіну у вачах сусветнай грамадскасці, служыў літургіі на беларускай мове. Памятаеце, як у сваім развітальным слове Апостальскі нунцый назваў Беларусь «прыгожым матыльком». Колькі ў гэтым азначэнні непадробленай любові, павагі, своеасаблівай пяшчоты да зямлі і людзей, з якімі яго сутыкнуў лёс.
– Літургічны год завершаны. Якімі найбольш знамянальнымі падзеямі ў жыцці парафіі ён пазначаны?
– Гэта быў год 25-годдзя вяртання вілейскай святыні – касцёла Узвышэння Святога Крыжа. Юбілей адзначаўся ў чэрвені. А яшчэ мы пасвячалі ў дыяканы нашага парафіяніна Паўла Трона. Гэта таксама адметная ўрачыстасць у жыцці храма.
– І – напрыканцы…
– Жадаю ўсім плённых, духоўна багатых калядных святаў і радаснага Новага года. Захаваем у сваіх сэрцах міласэрнасць, дараваную нам Усявышнім. Даверымся ёй і будзем з ёю жыць, удасканальваючы сябе і акаляючы свет.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 168 queries