Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Я да цябе прапісаны, мой край»

«Вёсачка вілейская Шыпкі, ты мне так нагадваеш Бадзені. Дзе мой лёс ад часу нараджэння не разнеслі ў небе жаўрукі»… – Гэтыя радкі аднымі з першых з’явіліся ў паэтычнай скарбонцы Міколы Шабовіча. І прысвечаны яны невялікаму, нават па тых даўніх часах, паселішчу Вілейшчыны.

У Шыпкоўскай васьмігодцы малады настаўнік-філолаг пачынаў свой працоўны шлях. І тут жа з поўнай сілай заявіў аб сабе яго мілагучны і сакавіты, часам прасякнуты далікатным гумарам, паэтычны радок. Вершы – рэч «заразная». Улюбёныя ў паэзію свайго маладога настаўніка, імі стаў «грашыць» увесь нешматлікі вучнёўскі кантынгент Шыпкоўскай школы. Пра гэта нагадаў Мікола Шабовіч падчас сустрэчы з чытачамі ў бібліятэцы сямейнага чытання, якая была арганізавана ў рамках другога раённага фестывалю «Светлае слова». Прадстаўляючы шаноўнага госця, загадчык бібліятэкі Мая Місюль нагадала прысутным, што прызнаны паэт, лаўрэат літаратурнай прэміі «Залаты Купідон», член Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядзе вялікую навуковую працу. Ён – дацэнт Беларускага Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат філалагічных навук, аўтар многіх даследчых прац па мовазнаўстве.

…Самым першым, на адкрыцці мерапрыемства, з вуснаў аўтара прагучаў той самы верш пра Шыпкі і Бадзені… У Бадзенях, на Мядзельшчыне, нарадзіўся Мікола Шабовіч. У блакітным азёрным краі прайшло маленства паэта. І ў вачах яго, і ў паэтычным радку – сінь чыстай нарачанскай хвалі, яе моц, яе задуменнасць, яе хуткаплыннасць, веліч і пяшчота.
Усё жыццё Міколы Шабовіча звязана з папулярызацыяй роднага слова. Таго,што прасякнута першастворанай гармоніяй чалавечага светаадчування, што нясе ў сабе перапеў матчынай песні і таму добра кладзецца на музыку. Каля двухсот песень створаны на вершы паэта. Яны гучаць у выкананні вядомых эстрадных спевакоў – Ірыны Дарафеевай, Алеся Гайдука, Алега Цівунова, Дзмітрыя Місько і іншых. А вось на сустрэчу з вілейскімі чытачамі Мікола Шабовіч прыйшоў з музыкай і паэтам Віктарам Мяцельскім, творчы дыялог з якім у яго пачаўся зусім нядаўна. Але пра тое, што ён плённы і заслугоўвае доўгага жыцця ў паэзіі і музыцы, сведчыць рэакцыя залы на песні ў суправаджэнні гітары, выкананыя Віктарам. Большасць іх створаны на вершы Міколы Шабовіча.

Дыялог творцаў стаў пачаткам іх дыялогу са слухачамі. Людзей цікавілі вытокі іх плённага супрацоўніцтва, жыццёвыя сітуацыі, якія стымулююць творчы ўзлёт. Аказалася, што паэт шчыры не толькі ў вершах, але і ў непасрэдных кантактах са сваімі чытачамі. На шчымлівы, як лёгкае дыханне сэрца, паэтычны радок творцу натхняюць вобразы роднага краю, успаміны аб роднай хаце, шчырае пачуццё да каханай жанчыны… «Дом», «Яшчэ пакуль не лістапад», «Падары мне сваю адзіноту», «Мая надзея»… Мікола Шабовіч – аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў. Большасць яго твораў маюць лірыка-філасофскі характар, на фоне супярэчлівага свету адлюстроўваюць безабаронную чысціню чалавечай душы, сцвярджаючы між тым радасць і ўсю прыгажосць жыцця.

Падчас сустрэчы Мікола Шабовіч нагадаў творчыя імпрэзы ў рэдакцыі вілейскай газеты «Шлях перамогі». У існуючым тут літааб’яднанні «Вілія» ён быў адным з самых аўтарытэтных літкансультантаў. Побач з такімі, тады ўжо прызнанымі майстрамі пяра, як Уладзімір Дубовік, Іван Лашутка, Мікола Кутас. Час зацвердзіў гэтыя імёны на паэтычным Алімпе. І газета мае высокі гонар лічыць іх носьбітаў сваімі аўтарамі.

…Былі цёплыя словы ў адрас гасцей, кнігі і аўтографы на памяць.

Я да цябе прапісаны, мой край,
Матулі наймілейшымі вачыма,
Якіх, хоць цэлы свет не абшукай,
Мілей знайсці ніколі немагчыма…

Лейтматывам творчай сустрэчы ў бібліятэцы сталі менавіта гэтыя радкі, якія прачытаў паэт напрыканцы імпрэзы.

Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 144 queries