Пятнаццаць партрэтаў. Кожны – у сваёй колеравай гаме. Кожны – з адметным
характарам. І аб’ядноўвае ўсе партрэты ўзрост: той самы, без якога не адбываецца сталення чалавека як асобы, і які стаў назвай для ўсёй дзеі. У мінулы панядзелак у гімназіі №1 «Логас»
адбылася выстава работ вучаніцы 11 «А» класа Паліны Ляшчынскай.
Канечне, юная мастачка хвалявалася – для яе гэта другая па ліку выстава, першая адбылася прыкладна ў 5-6 класе. Аднак, па маіх назіраннях, хваляванне доўжылася нядоўга – падтрымаць і павіншаваць Паліну прыйшлі бацькі, сябры, адміністрацыя ўстановы адукацыі, настаўнікі і вучні. Першапачатковае напружанне знікла – і адразу атмасфера сустрэчы стала сяброўскай, цёплай і творчай.
Алена Іванаўна і Эдуард Уладзіміравіч Мацюшонкі – кіраўнікі мастацкай студыі, дзе першыя крокі ў захапляльны свет творчасці зрабіла Паліна Ляшчынская. Успаміналі пра першыя работы Паліны, аналізавалі сучасныя. У іх – адбітак характару і той настрой, што дзяўчына перадала мовай фарбаў. Цэлы шэраг партрэтаў. Розныя рысы твараў, розныя эмоцыі. І адметны своеасаблівы стыль, уласцівы толькі ёй, Паліне. Самой жа мастачцы падабаецца тая работа, якая стала апошняй. І яна, сапраўды, чымсьці вылучаецца сярод іншых партрэтаў.
Як ужо адзначалася, выстава «Узрост» складалася з пятнаццаці работ. А шаснаццатая, не выстаўленая, работа стала сюрпрызам: партрэт Эдуарда Мацюшонка Паліна падарыла яму, свайму настаўніку, у знак удзячнасці і на памяць. Наперадзе выпускныя экзамены, развітанне са школай і выбар будучай прафесіі. Сярод спецыяльнасцяў нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Паліне спадабалася тая, дзе архітэктура цесна звязана з творчасцю. І тыя веды, што яна атрымала на занятках у мастацкай студыі, абавязкова спатрэбяцца.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара