Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Выставачнай зале Вілейскага музея – 20

18 мая ў выставачнай зале вілейскага музея было шмат гараджан і гасцей, якія сабраліся на мерапрыемства, прымеркаванае да святочнай даты – 20-годдзя адкрыцця выставачнай залы на плошчы Свабоды. Як і дваццаць гадоў назад, а менавіта 18 мая 1997 года адбылося адкрыццё залы, на міжнародны дзень музеяў, тут сабралася шмат сяброў музея, прыхільнікаў мастацтва і проста зацікаўленых віляйчан.

DSCF4404

Кожны, хто ў гэты дзень наведаў выставачную залу мог, як на машыне часу, апынуцца на лепшых выставах, якія прайшлі за гэтыя дваццаць год. Да юбілею ў сценах залы была арганізавана выстава «Нам 20 год», дзе дэманстраваліся падараваныя і набытыя карціны мастакоў, работы дызайнераў, фотамастакоў і афішы, што прэзентавалі кожную з выстаў. Канешне, змясціць усе работы, якія б змаглі паказаць тое, што адбывалася тут на працягу дваццаці гадоў,немагчыма, бо гэта больш за 200 выстаў і незлічоная колькасць мерапрыемстваў. На першым стэндзе былі прадстаўлены карціны і афіша выставы 1997 года, якая адчыняла выставачную залу – персанальная выстава Эдуарда Мацюшонка, адметнага ва ўсіх сэнсах мастака для вілейскага музея і Вілейшчыны ў цэлым.

DSCF4405

– Гэта ўнікальнае і адметнае месца, – адзначыў Эдуард Мацюшонак. – Менавіта тут нараджаецца асаблівы дух Вілейкі. Тут можа знайсці месца для паказу сваёй творчасці як пачынаючы мастак, так і прафесіянал. Гэта трэба зберагаць і гэтым трэба ганарыцца.

DSCF4427

На святочным мерапрыемстве гучала шмат успамінаў. Вядучыя мерапрыемства прэзентавалі кожны этап станаўлення і дзейнасці выставачнай залы, а кожны з выступоўцаў адзначаў адзінадушна, што гэтыя сцены маюць асобную аўру. І гэта сапраўды так, бо не можа быць іначай там, дзе людзі ствараюць і дэманструюць мастацтва, свет духоўнай прыгажосці і асобнага светаўспрымання. Шмат распавядалі на мерапрыемстве і пра адметныя выставы і праекты, пра мастакоў і творцаў, калекцыянераў і фотамастакоў, пра тых, хто на працягу дваццаці год займаецца гэтай высакароднай справай.

DSCF4431

Доўгі час Вілейка адчувала неабходнасць стварэння ў горадзе ўстановы, якая б магла прымаць выставы і розныя камерныя мерапрыемствы. І першая спроба была зроблена ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Папярэдніцай выставачнай залы стала канцэртна-выставачная зала, што месцілася ў будынку касцёла. Шмат год святыня Вілейшчыны – Крыжаўзвіжанскі касцёл – выкарыстоўвала пад склады, але дзякуючы намаганням сям’і Цітовічаў, мясцовай уладзе, у 1979–1988 гадах тут пачынаюць весціся рэстаўрацыйныя работы, якія,паводле ацэнкі спецыялістаў, прайшлі на вельмі высокім ўзроўні. 16 кастрычніка 1988 года адбылося ўрачыстае адкрыццё канцэртна-выставачнай залы імя Нікадзіма Сілівановіча. Першым дырэктарам установы была Валянціна Цітовіч, якая разам з мужам, мастаком Барысам Цітовічам арганізоўвалі тут высокага ўзроўню выставы, канцэрты класічнай музыкі і шмат іншых мерапрыемстваў. Пасля «пацяплення» ў адносінах да рэлігіі, у 1990 годзе будынак касцёла быў перададзены вернікам. І зноў пачаўся перыяд, калі амаль сем год мастакі і творцы Вілейшчыны адчувалі недахоп у месцы пад арганізацыю выстаў.

DSCF4434

– Мы марылі далучыць да музея дадатковы будынак, які б задаволіў патрэбы ўстановы ў недахопе выставачных плошчаў і фондасховішчаў, – адзначыў былы дырэктар музея Яўген Ігнатовіч. – У будынку музея, што месціцца каля гімназіі, на той час на 100 квадратах было ўсё: музейная экспазіцыя, кабінеты адміністрацыі і навуковых супрацоўнікаў і фондасховішчы – экспанаты «віселі» нават над сталамі і галовамі супрацоўнікаў.

DSCF4509

– Калі мы даведаліся, што дзіцячы магазін «Малыш» пераязжае ва ўніверсам «Вілію» на другі паверх, мы пачалі дзейнічаць, – з усмешкай успамінае Яўген Антонавіч. – Спачатку мы прапанавалі разгледзець пытанне перадачы будынка крамы музею на сесіі дэпутатаў, але за гэта народныя выбраннікі не прагаласавалі. Не змаглі пераканаць усіх разам, будзем размаўляць з кожным паасобку – вырашылі мы і пачалі дзейнічаць. Мы запрашалі дэпутатаў да сябе на выставы, проста ў госці, каб тыя ўбачылі, як цесна ў памяшканні музея: экспанаты на галаву падаюць, карціны ляжаць бязладна… У выніку дэпутаты аддалі нам гэты будынак. Дзякуючы дапамозе прадпрыемстваў і асобных людзей,мы змаглі пераабсталяваць будынак пад выставачную залу. Дапамагалі ўсім мірам: і вілейскі хлебазавод, і «Буддэталі», і кожны паасобку, але не ў самы лепшы час мы ўсё ж змаглі адкрыць залу выстаў і арганізаваць памяшканні пад фондасховішчы, дзе зараз захоўваецца каля 30 тысяч экспанатаў па гісторыі Вілейшчыны.

DSCF4394

Як адзначыла старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава, што працуе тут з дня заснавання краязнаўчага музея, ужо боль 30 год:

– Пасля перадачы касцёла вернікам, некаторыя выставы дэманстраваліся на другім паверсе Палаца культуры, у кінатэатры, ці ў музеі, калі перакрывалі экспазіцыю. Так было доўгі час, але хацелася, каб мастакі мелі асобнае месца, куды б прыходзілі наведвальнікі,і гэта адбылося. Яшчэ 20 гадоў таму ў час адкрыцця залы мы казалі пра тое, што збяром тут сваіх сяброў, будзем адкрываць выставы, праводзіць мерапрыемствы і сустрэчы, і ў нас усё гэта атрымалася: мноства сустрэч з творчымі людзьмі, звыш 200 выстаў, безліч адметных мерапрыемстваў.

Сваімі ўспамінамі падзялілася і былы дырэктар музея Валянціна Лапко:

– Я памятую, якія толькі выставы мы не арганізоўвалі, з якімі цікавымі людзьмі супрацоўнічалі. Мне вельмі прыемна, што сучасны малады калектыў музея працягвае традыцыі, што за дваццаць год склаліся у сценах выставачнай залы. Вось тут прадстаўлена карціна Андрэя Сакалова – народнага мастака СССР, што пісаў на касмічную тэматыку. У Сосенцы ў яго была дача і шмат год ён пражыў на Вілейшчыне. Мы вельмі сябравалі і нават свой юбілей ён адзначаў тут, у Вілейцы, аддкрыццём персанальнай выставы. Ён падараваў нам адну з адметных сваіх карцін «Над Аралам», эскіз якой пабываў у космасе разам з касманаўтам Ляонавым. Гэта ўнікальнейшы экспанат, якім маглі б ганарыца нават вядучыя беларускія і расійскія музеі.

DSCF4533

«І сапраўды, такой выставачнай залы няма амаль ні ў аднаго з гарадоў суседзяў: ні ў стотысячным Маладзечне, ні ў Смаргоні, ні ў Мядзелі, ні ў Глубокім, Паставах і гэдак далей» – адзначалі і вядучыя, і выступоўцы падчас мерапрыемства. Вілейская выставачная зала, якая носіць імя Нікадзіма Сілівановіча – уражэнца Вілейшчыны, акадэміка жывапісу і мазаікі Расійскай Акадэміі мастацтваў, фотамастака, аднаго з аўтараў мазаік Ісакіеўскага сабора Санкт-Пецярбурга. Яго вялікая спадчына, на жаль захоўваецца не ў беларускіх музеях, а амаль цалкам – у мастацкім музеі Вільнюса. На Беларусі, у Нацыянальным мастацкім музеі захоўваецца толькі адзіная карціна Н. Сілівановіча «Салдат з хлопчыкам» (1866) і яе копія, выкананая з арыгіналу Эдуардам Мацюшонкам, у Вілейскім музеі.

Амаль кожны месяц утульная выставачная зала становіцца месцам, дзе дэманструюць свае творы знакамітыя, «масцітыя» творцы, а таксама месцам першых крокаў у мастацтве маладых, пачынаючых мастакоў, фатографаў, дэкаратараў, скульптараў, месцам для прэзентацыі твораў народных майстроў і шмат каго іншых. Акрамя гэтага тут ладзяцца літаратурныя вечары, мастацкія пленэры і выставы сучаснага мастацтва, вечары музыкі, сустрэчы з мастакамі, паэтамі, мастацтвазнаўцамі.

2017 год  для Вілейскага музея юбілейны – толькі адзначылі 20-годдзе выставачнай залы і ўжо ў ліпені спаўняецца 35 год з дня заснавання самога краязнаўчага музея. Няхай і надалей музей застаецца культурным цэнтрам, які будзе захоўваць для нашчадкаў слаўную і багатую гісторыю нашага краю. Каб ведалі і ганарыліся той зямлёй, на якой жывём мы і будуць жыць пасля нас наступныя пакаленні. А ганарыцца ёсць чым…

Сяргей ГАНЧАР.

Фота Аляксея КАМІНСКАГА

DSCF4346

DSCF4345

DSCF4342

DSCF4343

DSCF4344

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 131 queries