Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Вязынскі маёнтак – адзін з шматлікіх у Вілейскім раёне

Гэтыя пранікнёныя словы напісаны на галоўным валуне «Мемарыяла былых вёсак», які месціцца каля Снежкава. І, менавіта, гэтыя словы будуць уступам для серыі матэрыялаў новай рубрыкі «Вілейшчына шляхецкая», якую мы пачынаем артыкулам пра Вязынскі маёнтак.

«Прыпыніся, вандроўнік! Дакраніся і рукой і сэрцам да гэтых камянёў
І няхай душа твая напоўніцца любоўю да роднай старонкі,
Роднай сядзібы і хаты, якія знёс бязлітасным подыхам няўмольны час.
Няхай заўсёды будзе з табой пачуццё нашчадка сваіх блізкіх і далёкіх продкаў,
Адчуванне сваіх каранёў, сваёй Бацькаўшчыны!»

Значныя страты панесла палацава-сядзібнае і садова-паркавае дойлідства Вілейшчыны. Гады войнаў, вандалізму, бездухоўнага прагматызму знеслі ў нябыт асяродкі нацыянальнай шляхецкай і свецкай культуры. Многія са спаленых, разрабаваных, занішчаных сядзіб Вілейскага раёна былі ў мінулым калыскай інтэлігенцыі, ачагамі распаўсюджвання нацыянальнай культуры, крыніцай творчага натхнення выдатных дзеячаў навукі і культуры не толькі беларускага, але і суседніх народаў.

На вялікі жаль, аб былой велічы шляхецкіх асяродкаў зараз нам нагадваюць толькі рэшткі гаспадарчых будынін маёнткаў, культавай архітэктуры і крушні валуноў падмуркаў сядзіб у Стайках, Сэрвачы, Асцюковічах, Мацькаўцах, Старынках, Лыцавічах, Любані і ў іншых паселішчах Вілейскага раёна.

Шляхецкая культура Вілейшчыны хоць і знікла з надыходам 1939 года, але памяць людзей, спадчына выдатных дзеячаў культуры, палітыкі, агранаміі, вайсковай справы засталася. А тыя велічныя і па-гаспадарчы ўладкаваныя сядзібы хоць і зніклі з карты раёна, але яны не страціліся зусім і працягваюць сваё жыццё ў складзе паселішчаў, якія расшырэннем сваіх памераў паглынулі былыя «дваранскія гнёзды».

Па кнігах беларуса Караткевіча, рускіх Тургенева, Купрына і іншых, мы больш-менш уяўляем, якімі былі панскія маёнткі, дваранскія гнёзды, шляхецкія фальваркі – сядзібы, якія належалі памешчыкам. Іх продкі – гэта служылыя людзі, якія атрымалі ў карыстанне зямлю (маёнтак) за выкананне дзяржаўнай службы. З часам многія маёнткі станавіліся спадчыннымі, сядзібы абрасталі паркамі, сажалкамі, стайнямі, броварамі… Такія сядзібы заўжды былі агменямі культуры, тут ствараліся бібліятэкі, хатнія музейныя калекцыі, партрэтныя галерэі, аранжарэі, звярынцы, архівы… На той час гэта была раскоша.

Вязынскі маёнтак – адзін з шматлікіх у Вілейскім раёне, у якім, акрамя знішчанага панскага дома, ацалела пэўная колькасць гаспадарчых і культавых пабудоў: бровар (спіртзавод), стайня (канюшня), фамільная ўсыпальніца-капліца (зараз касцёл). Побач – рэшткі былога велічнага парка з ліпавымі, кляновымі, вязавымі алеямі. Словам, сядзіба пры яе апісанні і поглядзе на рэшткі ўцалелых пабудоў можа даць поўнае ўяўленне аб шляхецкай культуры канца XIX – пачатку ХХ стагоддзя.

Маёнтак Вязынь вядомы з ХV стагоддзя. Ён з’яўляўся каралеўскім, затым станавіўся ўласнасцю розных шляхецкіх родаў – Саковічаў, Збароўскіх, Валовічаў і іншых. Маёнтак адзначаецца ў дакументах 1495 года ў сувязі з праездам праз Вязынь у Вільню Алены Іванаўны, дачкі вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ «Грознага».

18 жніўня 1795 года Вязынь становіцца мястэчкам згодна з указам Сената. Кацярына II падаравала маёнтак Горычу, які ў 1808 годзе прадаў яго роду Гецэвічаў за 184 400 рублёў срэбрам. Гецэвічы валодалі маёнткам на працягу 130 год, да 1939 года – Вінцэнт Гецэвіч, яго сын Іпаліт, Канстанцін – сын Іпаліта, Соф’я – удава Канстанціна (з 1893 г.) і яе сыны Іпаліт і Ян.

Сядзіба стваралася Гецэвічамі ў першай палове ХIХ стагоддзя з матывамі стылю рамантызму. У 1810 годзе тут ужо працаваў бровар і млын, які пабудаваў Вінцэнт Гецэвіч. Дарэчы, ён быў сенатарам, а з 1818 па 1831 гады мінскім губернатарам. За гэты час ён актыўна разбудоўваў сваю сядзібу ў Вязыні. Па дакументах, на той час, у маёнтку існавала і цагельня. Бо менавіта на вязынскім заводзе выраблялася па 80000 цаглін у год.

План маёнтка Вязынь. Складзены А. Федаруком

Будаўніцтва стайні (канюшні) каля параднай часткі сядзібнага дома датуецца 1848 годам (дата выбіта на камені падмурка). Яна была пабудавана па загадзе наступнага ўладальніка Вязыні Канстанціна Гецэвіча. Пры ім было ўладкавана каля стайні кола дыяметрам у 40 м, прызначанае для навучання коней.

Сядзіба пастаянна змянялася, дапаўнялася новымі будынкамі, пасадкамі. У 1870 годзе была закладзена ліпавая алея і пасаджаны гай з хвоі веймутавай. У выніку сфарміраваўся вельмі складаны сядзібна-паркавы ансамбль з вялікім гаспадарчым дваром.

Парк фарміраваўся, з сярэдзіны ХIХ стагоддзя, у яго пейзажных прыёмах таксама ёсць рысы стылю рамантызму. Лічыцца, што пры сыне Канстанціна Гецэвіча Іпаліце вязынскі маёнтак набыў канчатковы выгляд.

На той час галоўная ўязная алея вяла з паўночнага захаду, з боку Вілейскага гасцінца, ад месца скрыжавання дарог, дзе стаяў крыж. Дарога праходзіла праз гаспадарчую зону, абгінала вадаёмы і за дамбай, прымаючы ўсходні накірунак, працягвалася ўздоўж парку, саду і выводзіла да касцёла (цяпер галоўная вуліца вёскі). Пешаходная ліпавая алея даходзіла да сажалак.

Панская кузня

Сядзібны дом з двума верандамі займаў найбольш прыпаднятую частку тэрасы ракі Рыбчанкі і быў арыентаваны парадным фасадам на захад у бок вадаёмаў. Тры параўнальна вялікія вадаёмы (ставы), падзеленыя дамбамі, размяшчаліся ў пойме на адной восі, утвараючы жывапісную панараму. Ставы былі адкрытымі, па берагах былі высаджаны вузкімі палоскамі кветнікі, цягнуліся высыпаныя пяском дарожкі, стаялі лаўкі. Акцэнтам перспектыў з’яўлялася двухпавярховая драўляная вендлярня (6×6 м), аформленая як паркавы павільён, дэкараваны туяй заходняй.

Тэхнічныя навінкі маёнтка Вязынь

Дарога ад параднай часткі сядзібы, што называлася выязной, не была прамая, хоць ішла ўздоўж грэбня тэрасы міма сажалак, а плаўна выгіналася сярод дравесных груп парку. Яна заканчвалася брамай у пачатку ўжо згаданай ліпавай алеі. Брама не захавалася, але на тым месцы па-ранейшаму расце састарэлая буйная белая серабрыстая вярба, ствол якой у дыяметры складае 110 сантыметраў.

Гаспадары сядзібы займаліся модным на той час відам спорту – тэнісам. У маёнтку была абсталявана спецыяльная тэнісная пляцоўка. Але з цягам часу яна была страчана.

Вязынскі маёнтак, 1916 г.

Асаблівасцю планіровачнага рашэння сядзібы былі вельмі складаныя сістэмы пешаходных дарожак. Яны звязвалі парадную частку з касцёлам і ліпавай алеяй, перасякалі сад у папярочным і падоўжным кірунках.

Ліпавая алея ў Вязыні – унікальная сярод паркаў Беларусі, закладзена прыкладна ў 1870 годзе, яна, плаўна выгінаючыся, працягнулася ад уязной брамы да брамы, якая вяла да касцёла. На сёння захавалася больш сотні экзэмпляраў панскіх ліп. Ад параднай часткі сядзібы і ад выязной алеі на ліпавую алею выходзілі чатыры пешаходныя дарожкі. Адна з іх ляшчынавая алея вяла ўздоўж пчальніка, клубнічнага поля (зараз бачны разрыў у алеі ліпы, да месца якога падыходзіла алея ляшчыны); другая дарожка ўрэзалася больш глыбока ў сад. Побач расла група дрэў кедра сібірскага (захавалася 6 экзэмпляраў). Чацвёртая дарожка цераз сад выводзіла да авальнага выступу ў ліпавай алеі (часткова праглядаецца). Месца ў асяроддзі ліпаў са сталамі і лавамі служыла альтанкай. Тут адпачывалі і працавалі мастакі (цяпер на гэтым месцы месціцца будынак амбулаторыі).

Паміж паркам і садам размяшчалася парнікова-цяплічная гаспадарка. Захавалася частка паўночнай сцяны аранжарэі. Яна была параўнальна вялікі 30х5 метраў, аднасхільная, падзялялася на два аддзяленні (цёплае і халоднае) з адпаведным тэмпературным рэжымам у зімовы час 16 – 20 і 10 – 12 градусаў. На прылеглым полі, абмежаваным радамі пасадак елі, вырошчвалася шмат розных кветак: бягонія, браткі, гладыёлусы, гіяцынты, цюльпаны, півоні, вяргіні і іншыя. Побач стаяла хатка агародніка, непадалёк месцілася кузня.

З будаўніцтвам у 1909 годзе на ўсходняй ўскраіне сядзібы касцёла была пракладзена да яго ад палацу алея шырынёй 2,5 м. Яна не захавалася ў сувязі з будаўніцтвам на яе шляху дзіцячага садка і арэляў. Касцёл служыў фамільнай капліцай. Ён пабудаваны з цэглы і каменных блокаў у неагатычных формах. Падмурак – чатыры рады часаных блокаў над паверхняй зямлі. У бакавых сценах яшчэ тры рады блокаў, якія дасягаюць вокнаў. Астатняя муроўка цагляная, пад тынкоўкай. Блокі выкарыстаны ў кладцы вострых вяршыняў ступенчатых кантрфорсаў, дэкаратыўных уставак у рэбрах апсіды, абрамленні вокнаў і франтоне. Касцёл зальны, з пяціграннай апсідай, высокім двухсхільным дахам з двума шчытамі і з раманскім дэкорам.

Пейзажны парк з сажалкамі на рацэ паступова атрымліваў падпарадкаванне гаспадарчаму комплексу, якія ўключаў шматлікія будынкі стайняў, кароўнікаў, свінарнікаў, птушнікаў, еўняў, свіранаў, токаў, а таксама лядоўні, пральні, малочнай, бровара, млына, жылых і службовых памяшканняў. У выніку ў сядзібе сфарміраваліся тры самастойныя вялікія вуліцы з шчыльнай забудовай: Цэнтральная, Палявая і Дзецюкоў. Сядзіба ўключала таксама вялікі пладовы сад, які зліваўся з паркам, і ствараў адзіную кампазіцыю.

Будынак Бровара (спіртзавода) быў пабудаваны з цэглы, даўжынёй 40 м, шырынёй 25 м. На ўмураваным камені захаваўся надпіс: «R. 1856, М. 4». Відавочна дата закладкі будынка – 4 мая 1856 года. Гэта самы найстарэйшы спіртзавод на тэрыторыі Беларусі. Першапачатковы будынак грунтоўна павялічаны пры далейшай рэканструкцыі завода. Да будынка прымыкаюць тры складскія памяшканні з цэглы. Склад бровара – прамавугольны будынак даўжынёй 45 м, шырынёй 8 м. Сцены цагляныя, абтынкаваныя. Кутнія і прамежкавыя слупы з бутавага каменя і буйнога шчэбня. У савецкі час склад быў надбудаваны на паўпаверха сілікатнай цэглай, закладзеныя дзверы ў падоўжным фасадзе і зроблены таксама ўваход у кантавой сцяне. Яшчэ такі ж склад, але меншых памераў, захаваўся без вялікіх пераробак.

На другім баку вуліцы стаяла былая малочная ферма. У свой час гэта была адзіная захаваўшаяся ў Беларусі млечарня. Драўляны будынак на высокім каменным цокалі з скляпамі 16х12 м.
Апошнім уладальнікам маёнтку Вязынь быў Лявон Іпалітавіч Гецэвіч. Ён удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, у яго не было дзяцей і пасля смерці сядзіба перайшла да яго сястры Сафіі, якая жыла пад Варшавай і толькі летам наведвала Вязынь.

У 1939 годзе сядзібны дом з гаспадаркай быў нацыяналізаваны савецкай уладай. Да 1941 года будынак сядзібы выкарыстоўваўся пад школу. Падчас вайны яго заняла паліцыя і пры адступленні немцы спалілі дом разам з паловай Вязыні.

Маёнтак Вязынь пры Іпаліце Канстанцінавічу Гецэвічу меў у сядзібе значную калекцыю жывапісу, гатычнай мэблі і фарфору. Але самае галоўнае, па агульнай арганізацыі і ўзроўню сельскагаспадарчай культуры, якасці вырошчвання хатніх жывёл вельмі адрозніваўся ад іншых гаспадарак. У маёнтку практыкавалася тры севазвароты, выкарыстоўвалі найноўшую заходнееўрапейскую тэхніку, разводзілі мясцовых кароў і кароў шведскай пароды, мясцовых свіней і свіней з прымешкай ёркшырскай пароды. А таксама, кожны год рэалізоўвалася 2,5 тысячы саджанцаў.

На сёння мы маем ад вязынскай сядзібы толькі касцёл, бровар і рэшткі гаспадарчых пабудоў. Захаваліся часткі ліпавай алеі і векавыя гладкія вязы, некаторыя з якіх дасягаюць 27 метраў і з’яўляюцца аднымі з самых буйных у Беларусі.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва Я. Палачанскай і Я. Петрыкевіча

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 26 queries