Мінулую раніцу нядзелі, 30 верасня, вучні Вілейскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрнат правялі незвычайна. Яны, не ведаючы таго, апынуліся ў атмасферы сярэднявечнай даўніны, наведаўшы творчую майстэрню праекта “У пошуках страчанага” вядомага гісторыка і пісьменніка, лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава, што месціцца ў нашым горадзе па вуліцы Вадап’янава ў будынку былой друкарні.
Вілейскі гісторыка-культурны праект вядомага гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава, які некалькі гадоў таму набыў сталы адрас у нашым горадзе, рэалізуецца як творчая майстэрня “У пошуках страчанага”. Гэта аднайменны праект, які на працягу 15 гадоў ажыццяўляецца на старонках газеты “СБ. Беларусь сёння” і ў рамках якога аўтар выдае шэраг унікальных і адметных кніг па гісторыі Беларусі, Расіі, Польшчы, што паказваецца праз віды старых паштовак. Дарэчы, калекцыя паштовак па гісторыі нашай краіны Ул. Ліхадзедава – у такім аб’ёме адзіная ў свеце. Праект “У пошуках страчанага” набыў матэрыяльную рэалізацыю: дакладная копія друкаванага станка Францыска Скарыны, рарытэтныя прыстасаванні і станкі па вырабе бумагі, афортаў, друку 16 – першай паловы 20 стагоддзяў, поўнасцю адноўленыя інтэр’еры жылога пакоя Тадэвуша Касцюшкі, як пры яго жыцці ў Філадэльфіі і іншае. Усё гэта вілейская творчая майстэрня праекта “У пошуках страчанага” Уладзіміра Ліхадзедава.
Майстэрня Уладзіміра Ліхадзедава – гэта творчая прастора, якую наведваюць знакамітыя вучоныя, гісторыкі, літаратары, адным словам, вядомыя людзі Беларусі. Уладзімір Аляксеевіч рэалізуе і шэраг сацыяльных праектаў, адзін з якіх, сумесна з раённай газетай «Шлях перамогі», распачаўся і з Вілейскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школай-інтэрнат. А наперадзе падобныя праекты і з іншымі школамі. Наша выданне будзе асвячаць дадзенае супрацоўніцтва на старонках газеты і разам з дзецьмі чытачы змогуць прайсціся па залах творчай майстэрні і асабіста дакрануцца да эпохі першадрукара Францыска Скарыны ці зазірнуць у кабінет пісьменніка 19 стагоддзя.
– Што вы ведаеце пра вынаходніцтва паперы? – запытаў адразу ў школьнікаў Уладзімір Ліхадзедаў. І, паслухаўшы сціплыя адказы, зазначыў: – Бачу, што не шмат. Тады крочым за мной.
Коратка распавёўшы пра выраб першай паперы ў Кітаі Уладзімір Ліхадзедаў прапанаваў дзецям непасрэдна тут жа паспрабаваць яе зрабіць самім. Гэта было найлепшая прапанова, бо дзеці, сарамлівыя спачатку, пачалі паступова адчуваць сябе больш упэўненымі і разняволенымі. Дзмітрый Ліхадзедаў, сын калекцыянера і гаспадара майстэрні, выступіў у ролі старадаўняга майстра па вырабе паперы.
– Нашы продкі часта для вырабу паперы выкарыстоўвалі сумесь драўняных валокнаў з мяккай і цвёрдай драўніны. Часцей высакаякасныя віды паперы на Захадзе традыцыйна вырабляліся з ільнянога рыззя. Такую сумесь вы бачыце зараз, – растлумачвае Уладзімір Ліхадзедаў і тлумачыць добраахвотніку, што адважыўся вырабіць ліст паперы першым сярод сяброў. – Размешвай старанна – больш якаснай атрымаецца твая папера. Зараз мы будзем вырабляць паперу па старажытнай тэхналогіі і на старадаўніх рарытэтных прыстасаваннях. Потым – кожны паспрабуе надрукаваць на станку Скарыны першы ліст Бібліі, што выдаў першадрукар у 1517 годзе ў Празе.
Дзеці, паспрабаваўшы цяжкую працу тых, хто непасрэдна вырабляў паперу, зразумелі, чаму так дорага каштавалі першыя кнігі.
– Сярод дзясятка нас, толькі ўдваіх атрымалася вырабіць ліст і павесіць яго сушыць, – распавёў навучэнец школы-інтэрната Аляксей. – Здаецца, усё зроблена, ліст у тваіх руках і яго трэба толькі высушыць, але раптам ён надрываецца і ўсё, пачынай спачатку…
Надышоў час паспрабаваць старажытны станок Гутэнберга – стаўшы першадрукаром накшталт Скарыны ці Фёдарава. Адзін за адным школьнікі стваралі першую старонку Бібліі нашага першадрукара, старанна прасушваючы свае надрукаваныя лісты, каб потым забраць сабе на памяць.
Творчая майстэрня Уладзіміра Ліхадзедава непасрэдна па-творчаму злучыла школьнікаў, цікава і на сваіх уласных уражаннях і эмоцыях дазволіла дакрануцца да гісторыі. Кожны змог даведацца пра двухтысячагадовую гісторыю ад стварэння паперы да пачатку друкавання першых кніг з тэкстамі і гравюрамі не на словах, а непасрэдна ад убачанага і створанага сваімі рукамі ў той дзень. Усё гэта цяпер модна называць інтэрактыўнае мерапрыемства ці інтэрактыўны занятак. Але было відавочна адно – гісторыя беларускага кнігадрукавання была засвоена ў даступнай і цікавай форме кожным з наведвальнікаў у той дзень.
– Сёння адбылася наша першая сустрэча, але наперадзе будуць і іншыя. Мы пазнаёмімся з вамі з выдатнымі беларусамі і падзеямі гісторыі нашай краіны праз старажытныя паштоўкі, – напрыканцы адзначыў Уладзімір Ліхадзедаў зацікаўленным школьнікам. – Вы павінны ведаць і ганарыцца сваёй гісторыяй.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара