Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Водгукі светлага слова…

Літаратурна-музычны фестываль «Светлае слова» на Вілейшчыне распачаўся: насычаны яркімі падзеямі і сустрэчамі з цікавымі людзьмі, дзецьмі і  моладдзю, усімі тымі, хто неабыякава ставіцца да роднага слова. Ён запомніцца шматлікім наведвальнікам і гасцям. З 8-га па 14-га верасня актыўна працавалі 24 інтэрактыўныя пляцоўкі. Мерапрыемствы фестывалю наведала звыш за тысячу ўдзельнікаў.

Прыгажосць беларускага Слова на бібліятэчных пляцоўках неслі слухачам вядомыя віляйчане, якія ўвесь час застаюцца адданымі роднай мове: Барыс Манцэвіч, Антаніна Гарчакова, Уладзімір Ляшкевіч, супрацоўнікі Вілейскай раённай бібліятэкі імя Ганны Новік:  Іна  Лазар, Людміла Тонкавіч, Іна Лісіца, Алена Бабарыка і інш. Слова журналіста, прадстаўніка вельмі цікавай  і ў той жа час складанай прафесіі, гучала з вуснаў  заслужанага журналіста Рэспублікі Беларусь, карэспандэнта газеты «Мінская праўда» Марыі Кузаўкінай.

У год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Вілейскай раённай бібліятэцы імя Ганны Новік  аб дзейнасці першадрукара Івана Фёдарава распавядалі старшы навуковы супрацоўнік ДУ «Вілейскі краязнаўчы музей» Вольга Коласава і сябра Саюза архітэктараў СССР Анатоль Капцюг. Наведвальнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з унікальнай выставай кніг з фондаў музея (дарэчы, усе выставы на базе бібліятэк, Цэнтра эстэтычнага выхавання працуюць да 30 верасня ўключна).

У дзень адкрыцця фестывалю Цэнтр эстэтычнага выхаванння сустрэў моладзь Вілейскай гімназіі №2 прэзентацыей выстаў «Сцежкамі Янкі Купалы» і «Якуб Колас. Асоба і час» з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, па якім экскурсію правялі навуковыя супрацоўнікі гэтых устаноў Галіна Варонава і Аляксандр Крыжэвіч. Вучні гімназіі №2 паглядзелі мультымедыйную прэзентацыю «Сцежкамі Янкі Купалы», прынялі ўдзел у акцыі «Чытаем Янку Купалу разам!». Далучыцца да гэтай акцыі на працягу фестывалю мог кожны жадаючы: прачытаць верш паэта і атрымаць паштоўку і значок ад літаратурнага музея.

А працягам эксурсіі па выставе, прысвечанай Якубу Коласу, стала незабыўнае выкананне беларускай народнай песні Аляксандрам Крыжэвічам. А потым верш Якуба Коласа «Бывае музыка і ў стуку», пакладзены на музыку Уладзімірам Лапцікам, загучаў у выкананні ўдзельнікаў «Элегіі». Спявалі ўсе. Здавалася, Слова, Светлае Слова, як ніколі яднала ўсіх, хто знаходзіўся ў той дзень у зале Цэнтра. Іна Фралова, член грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі», ад усёй душы чытала свае вершы, прысвечаныя роднай зямлі, беларускаму Слову. Паэтэса, узгадаваная на Вілейшчыне, шчыра дзялілася сваімі пачуццямі з моладдзю. Таццяна Захарыч падарыла ўсім наведвальнікам новую песню «Малітва» на словы Іны Фраловай, а Уладзімір Цанунін – свае вершы, прысвечаныя  фестывалю.

Сапраўднай падзеяй – адкрыццём мерапрыемства – стала выступленне народнага ансамбля «Весялінка» ДУК «Вілейскі Палац культуры» пад кіраўніцтвам Сяргея Ількевіча. У выкананні таленавітых музыкаў гучалі незабыўныя беларускія мелодыі. Неардынарная манера выканання, свой адметны, сваеасаблівы беларускі сучасны почырк, характэрны для гэтага калектыву, уразілі усіх прысутных. Хацелася, каб гэта музыка, напісаная для душы, гучала бясконца…

Другія,  не менш запамінальныя, сустрэчы для аматараў паэзіі – клуба «Ветэран» Вілейскага Палаца культуры і моладзі – адбыліся ў сярэдняй школе №1, а таксама літаратурным класе імя Івана Лашуткі Сярэдняй школы №3, Цэнтры эстэтычнага выхавання, у кніжным магазіне «Кругагляд». Свае вершы чыталі паэты, члены грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Бажэна Ганушкіна, Віктар Кажура, Уладзімір Цанунін, член Саюза журналістаў СССР Клаўдзія Дубовік.

Разважаючы сённня аб стане роднай мовы слова ў грамадстве, на фестывалі мы не змаглі не крануць жывую тэму «Аб моўнай культуры сучаснага чалавека». Менавіта так называлася сустрэча, якая адбылася ў Вілейскім дзяржаўным каледжы. Размову з моладзю правялі дацэнт, кандыдат філілагічных навук Сяргей Карпушын і дырэктар Цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч. У зале гучала духоўная паэзія іераманаха Рамана, літаратурная класіка: Я.Купала, А.Пушкін, Р.Гамзатаў і інш. Разам з моладдзю выступаючыя разважалі аб сэнсе і ролі слова ў жыцці. Моладзь з задавальненнем чытала прапанаваныя вершы беларускіх паэтаў. Лейтматывам фестывалю сталі шэраг духоўна-асветніцкіх гутарак «Святло Слова», экскурсіі, якія адбыліся ў Доме духоўнай асветы пры храме прападобнай Марыі Егіпецкай. Іх для навучэнцаў устаноў адукацыі правялі іярэй Дзмітрый Уласенка, іярэй Уладзімір Ганчарук. Для дарослых адбылася сустрэча з рэдакцыйнай калегіяй Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў у г.Мінску, а таксама шэраг мерапрыемстваў, падрыхтаваных калектывамі Вілейскай раённай бібліятэкі імя Ганны Новік, Вілейскага краязнаўчага музея, Цэнтра эстэтычнага выхавання.

Наперадзе ў фестываля конкурсы мастацкага чытання і аўтарскай песні. Да ўдзелу ў конкурсах далучыліся дзеці і моладзь (пададзена 39 заявак, 45 удзельнікаў, 11 кіраўнікоў), настаўнікі і калектывы ўстаноў сярэдняй адукацыі, Вілейскага дзяржаўнага каледжа. Вынікі фестывалю будуць падведзены 30 верасня ў кінатэатры «Мір», дзе адбудзецца гала-канцэрт. У рамках гэтага мерапрыемства пройдзе заключны конкурс выканаўцаў у розных намінацыях, узнагароджванне пераможцаў і прэс-канферэнцыя з удзелам членаў журы фестывалю. Шчырая падзяка ўсім вам, дарагія віляйчане, і поспехаў аматарам СЛОВА!

Аргкамітэт фестывалю

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 20 queries