Святая сямейка – ля калыскі дзіцяці. Хутчэй, гэта нават не калыска, а пасцелька, дзе ўтульнасць маленькаму цельцу стварае бярэма жывёльнага корму, прыкрытае лёгкім радном… З маленства знаёмы сюжэт, асноўная ідэя якога прыстасавана пад этнічныя, культавыя, традыцыйныя ўяўленні людзей і народаў, што прынялі ў свае сэрцы Хрыста. Дзея, увасобленая на сцэне Палаца культуры, наўрад ці мела падобны кантэкст у Бэтлееме часоў нараджэння там Збавіцеля. Але больш двух тысяч год запар яна рэгулярна прыходзіць да нас, адлюстроўваючы наша бачанне найвялікшай тайны свету.
Тыя сняжынкі, што кружацца на сцэне пад вэлюмам снежаньскай ночы, – яны рэчаіснасць, адухоўленая прысутнасцю ў ёй нованароджанага дзіцяці. І Бэтлеемская зорка з аднолькавай шчодрасцю пасылае сваё святло ўсім, хто бачыць яе ззянне, хто прыняў Збавіцеля, як ісціну, здольную кіраваць светам у яго імкненні да самадасканаласці.
Вечар у Палацы культуры быў казкай-рэальнасцю, разлічанай аднолькава і на дзіцячае, і на дарослае ўспрыняцце. Сцэнарый, падрыхтаваны вілейскім касцёлам Узвышэння Святога Крыжа, узнавіў сітуацыю прыйсця ў свет Сына Чалавечага, увасобленага на ўсе вякі Богам. Сцэнічны антураж, рухомыя слайды з хвалюючымі сюжэтамі ўзвышанага нараджэннем дзіцяці сямейства, аблічча матулі, звычайнай, зямной, якая замілавана глядзіць на малога. Пакуль не ўсвядоміла сціплая Дзева ні свайго высокага прызначэння, ні той трагедыі, якая чакае на мяжы сталасці яе сына. Тое, што святая Марыя магла прадбачыць на ўзроўні інтуіцыі, Хрыстос пасціг цераз дар зносін з Богам Айцом. І адназначна выбраў неабходнасць Яго і сваёй ахвяры дзеля ўратавання свету… Але гэта будзе пасля. Тры дзесяцігоддзі пралятуць над знясіленай, паланёнай людскім грэхам зямлі. А пакуль – радасць. Усеабдымная, светлая, ствараючая надзею, якая і павінна спадарожнічаць нараджэнню дзіцяці. Мастацкая творчасць валодае ўсімі неабходнымі выразнымі сродкамі, каб адлюстраваць яе і перадаць акружаючым.
– У гэтыя дні асаблівым чынам упрыгожана гарадская плошча, у вокнах дамоў – ілюмінацыя. Хочацца, каб у свята сем’і збіраліся не толькі за сталом, але і ў поўным складзе спяшаліся ў храм – словы старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталлі Радзевіч звернуты да глядзельнай залы, якая падрыхтавалася прывітаць Бэтлеемскую зорку і следаваць указаным ёй шляхам на сустрэчу са Збаўцам. – Прыемна, што ў зале гучаць калядкі, што свой святочны настрой вы падорыце сем’ям. З ім прыйдзеце заўтра на працу…
– У некаторых рэгіёнах нібыта працягвае дыялог ксёндз Аляксандр Барыла, – у калядныя святы гучыць прывітанне: Хрыстус нарадзіўся! – Пойдзем з паклонам, – чуецца ў адказ.
Ідзе сваёй чаргой сцэнічная дзея.
– Прымі, Езус, малітву беларускіх дзяцей! – вядучыя выклікаюць на сцэну самых маленькіх удзельнікаў канцэрта. Тых, у каго сэрцы не заплямлены, хто чысты думкамі і шчыры ў праяве пачуццяў. Будзьце як дзеці, – згодна падання, словы гэтыя належаць пану Езусу. Дзіцячая беззаганнасць і цнота – тыя якасці, з якімі чалавек можа чакаць міласэрнасці ад Неба.
Уся сюжэтная канва канцэрта разгортвалася на фоне харавых спеваў. Хор «Angeli» касцёла Узвышэння Святога Крыжа ўражваў суладным гучаннем дзіцячых і дарослых галасоў, прафесійным вакалам. Інсцэніроўкі хвалявалі шчырасцю юных артыстаў, іх пранікненнем у вобразы біблейскіх персанажаў. Помслівы і жорсткі цар Ірад, усхваляваныя нечаканасцю весткі пастушкі, сканцэнтраваныя на сваёй адказнай місіі ўсходнія мудрацы… Удзячная за ўвагу да немаўляці дзева Марыя.
«Як лёгка мы асуджаем, але не хочам быць асуджанымі», – ісціна, непадуладная сумненню, – у словах вядучых. Яна насцярожвае, вымушае кожнага шукаць свае асабістыя падыходы да самадасканаласці. Дзея канцэрта разгортваецца ў гарманічным перапляценні жанраў – песні, музыкі, верша, харэаграфіі. Спакусы свету – і жыццё па законах нябёсаў… Твой выбар, чалавек… Дзейсная вера, якая нам дапамагае знайсці шлях да сэрцаў бліжніх, прывесці ў дзеянне закладзены ў душах чалавечых ген міласэрнасці… Гэта адзіная дарога, якая прыводзіць да жыцця вечнага. Ігнараванне Боскага слова і запаветаў Усявышняга – дарога ў бездань, страта самога сэнсу чалавечага прызначэння на зямлі.
Будуць шчаслівыя міласэрныя, таму што самі міласэрнасць пазнаюць… Стоячы, прысутныя віталі самадзейных артыстаў. І на тварах кожнага, хто быў у гэты час у зале, вітаў водсвет нязгаснага святла Бэтлеемскай зоркі.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА








